Галоўныя фасады большасці збудаванняў мелі вось сіметрыі. У адрозненне ад усіх будынкаў з адной воссю фасад езуіцкага касцёла характарызаваўся трохвосевай будовай, што адпавядала яго галоўнай ролі. Акрамя таго, ансамбль уключаў будынкі з асіметрычнымі фасадамі альбо пазбаўленымі выразных восяў (корпус дамініканскага кляштара, Г-падобны будынак калегіума). Гэтыя выключныя элементы забудовы размяшчаліся ў плане плошчы па дыяганалі, падпарадкоўваліся прынцыпу «раўнавагі».
У дэкаратыўна-стылявых адносінах ансамбль вызначаўся спалучэннем пластычна багатай архі-тэктуры культавых збудаванняў і формаў ранняга класіцызму грамадзянскіх будынкаў. Пры гэтым цікавай асаблівасцю служыла тое, што масіўны па прапорцыях ніжні ярус галоўнага фасада езуіцкага касцёла, вырашаны гранічна лаканічна, меў мінімум аконных праёмаў і на вялікай вышыні быў пазбаўлены гарызантальных паясоў. Гэтая манументальная частка фасада стварала неабходны мастацкі кантраст больш дробнай і маламаштабнай навакольнай забудове, якая зрокава спалучалася, у асноўным, з ніжнім ярусам храма.
У сярэдзіне XIX ст. ансамбль перабудоўваецца. Высокі барочны шчыт дамініканскага касцёла змяніўся на лаканічны франтон. Групы з трох грамадскіх будынкаў страцілі падкрэсленыя восі сіметрыі, якія раней утвараліся плоскім рызалітам і лучковым франтонам сярэдняга дома, з фасадаў знікла рустоўка, якая ажыўляла сцены зіхаценнем светлацені, і яны сталі амаль аднолькавыя. Вокны набылі рэльефныя ліштвы, дахі былі паніжаны.
Перабудова закранула адміністрацыйныя будынкі на ўсходнім баку, якія набылі дэкор у адпаведнасці са стылістыкай позняга класіцызму. Рэалізаваўся ўласцівы для ансамбля прынцып асіметрыі дэталяў пры сіметрыі асноўных элементаў кампазіцыі: галоўныя фасады былі амаль аднолькавыя, аднак паўночны корпус меў пілястры на цэнтральным рызаліце і крайніх частках фасада, у той час як паўднёвы адрозніваўся міжпавярховым поясам.
Наступным крокам у пераемным ансамблевым фармаванні забудовы плошчы з'явілася размяшчэнне абеліска ў памяць вайны 1812 г. Манумент быў пастаўлены паводле таго ж прынцыпу, што і касцёл, на замыканні перспектывы галоўнай вуліцы. Уключэнне новага элемента, які набыў падпарадкаваную ролю ў адносінах да асноўнай дамінанты, не пагоршыла, а ўзбагаціла, дапоўніла ўспрыняцце касцёла з галоўнай магістралі.
У функцыянальных і мастацкіх адносінах для помніка было знойдзена адзіна магчымае месца. Пастаўлены на падоўжнай восі плошчы абеліск стварыў раўнаважны трохкутнік вышынных акцэнтаў: езуіцкі касцёл — дамініканскі касцёл — манумент, і завяршыў відавую перспектыву ўздоўж Замкавага завулка. Пастаноўка абеліска ў створы папярочнай Прабойнай вуліцы ўскладніла б рух на скрыжаванні, а ў створы вуліцы Рыжскай — стварыла б неўраўнаважанасць кампазіцыі дамінантаў у межах ансамбля, пагоршыла б умовы ўспрыняцця Мікалаеўскага сабора з плошчы за кошт празмернага набліжэння помніка да яго фасада. Гарманічнай з'явілася таксама адпаведнасць паміж простай па сілуэце, кампактнай у плане формай манумента і развітым у аб'ёмна-прасторавых адносінах наваколлем, складанай кампазіцыяй перыметра плошчы.
Па генетычных асаблівасцях ансамбль Полацкай плошчы мэтазгодна аднесці да барочна-класіцыстычнага тыпу. Пра гэта сведчаць асновы планіроўкі, створанай у сярэдзіне XVII ст. як характэрнае для горадабудаўніцтва Новага часу рэгулярнае ўтварэнне, і стылёвы склад забудовы. Першапачатковыя, «апорныя» барочныя элементы, якія размяшчаліся ў блізкай да простакутнай сістэме планіроўкі, шляхам класіцыстычнай забудовы былі аб'яднаны ў закончаны ансамбль.
Паводле фармальных прыкмет, ансамбль мэтазгодна вызначыць як дамінантна-восевы. Для гэтапа тыпу ўласцівы амаль сіметрычная адносна падоўжнай восі будова, выключна важная кампазіцыйная роля размешчанай на гэтай восі галоўнай дамінанты, якая завяршае працяглую відавую перспектыву. Архітэктурна-мастацкія якасці, разнастайнасць вобразнага зместу ансамбля дазваляюць адзначыць яго важнае месца ў гісторыі дойлідства, аднесці плошчу да лепшых узораў горадабудаўнічага мастацтва.
У другой палове XIX і пачатку XX ст. грамадскі цэнтр пашыраецца і атрымлівае развіццё ўздоўж галоўнай Аляксандраўскай вуліцы. Сярод асноўных збудаванняў трэба адзначыць гандлёвыя і жылыя будынкі па гэтай вуліцы, казарму на тэрыторыі Верхняга замка, прыбудову да Кадэцкага корпуса, групу гасцініц на вуліцы Спаскай. За межамі цэнтра былі пабудаваны Крыжаўзвіжанская і цёплая цэрквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.
Читать дальше