Міру ў Літве-Беларусі, аднак, не было. Не паспела яна загаіць раны, пакінутыя Інфлянцкай вайною, а крумкачы, чуючы шчодрую пажыву, ужо зноў радасна віталі заваёўнікаў.
1633 год — сярод чорных датаў нашай мінуўшчыны. Маскавіты зрабілі яшчэ адну спробу захапіць Полаіцк. Ім паспрыяла звадка месцічаў з падваяводам Янам Лісоўскім. У чэрвені да горада падыходзіла збройная сіла з усходу. Падваявода выступіў на пасяджэнні магістрата з патрабаваннем як найхутчэй адрамантаваць вежу Ніжняга замка і ўвесці туды войска. Палачане Мікуліч, Хаткевіч, Семяновіч, Паплешыч (няхай прозвішчы дапамогуць каму-небудзь у складанні радаводу) і яшчэ дзесяць жыхароў падпісалі пратэст, адмовіўшыся даць на рамонт вежы нават дрэва. Спрэчка скончылася тым, што праз два дні непрыяцель уначы авалодаў Запалоццем і аддаў горад агню. Цэлы і незабраны застаўся адно Верхні замак. Яго абаронцы не давалі ворагу спакою: вялі абстрэлы, хадзілі на вылаз і змусілі чужынцаў адступіцца.
У той вайне 1632-1634 гадоў браў удзел народжаны ў Віцебскім ваяводстве шляхціч Казімір Семяновіч. Ён стане аўтарам выдадзенай у 1650-м у Амстэрдаме па-лацінску кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі». Не пройдзе і года, як гэты трактат на трыста з лішнім старонак будзе перакладзены на французскую мову, затым з’явяцца выданні на англійскай, нямецкай, галандскай, дацкай… Англійскі перакладчык Джордж Шэлвак амаль праз стагоддзе пасля выхаду «Вялікага мастацтва артылерыі» прызнаваў што «аўтарытэт аўтара гэтай кнігі быў і дагэтуль застаецца для ракетнікаў і феервейкераў святым». Трактат таленавітага сына Прыдзвіння да канца XVIII стагоддзя будзе адзіным у свеце грунтоўным падручнікам (а адначасна і навуковым даследаваннем) артылерыі і ракетабудавання. На падставе ўласных эксперыментаў наш суайчыннік здолеў сказаць у гэтай галіне сапраўды новае слова. Гісторык Міхась Ткачоў у прысвечанай вучонаму ліцвіну кнізе, што выйдзе ў серыі «Нашы славутыя землякі» напіша: «Даўняя спрэчка пра тое, хто вынайшаў шматступеневую ракету — рускі К. Цыялкоўскі, бельгійскі інжынер Р. Бінг або амерыканец Р. Говард — вырашаецца для многіх нечакана: канструкцыю такой ракеты болей чым за 250 гадоў да іх апісаў у сваёй кнізе Казімір Семяновіч».
Але, як гэта ні горка, вернемся ў крывавае XVII стагоддзе.
Невясёлым стаўся палачанам 1642 год. На Верхнім замку праз неасцярожнасць п’яных жаўнераў успыхнуў пажар. Ён ператварыў у попел усе будынкі і, што самае небяспечнае, драўляныя сцены і вежы. Праз пяць гадоў замак збольшага адбудавалі, аднак усходні фарпост Рэчы Паспалітай па-ранейшаму жыў у заўсёднай трывозе.
Выгляд тагачаснага места дапаможа ўявіць зроблены ў 1654 годзе вопіс полацкіх умацаванняў. Верхні замак меў пяць васьмі- або шасцікутных рубленых у два бервяны вежаў: Усценскую, Машну, Красную, Уязную і Гуську. Ніжні замак — сем: Кабыльчыну, Наўгольную, Невельскую, Карліцкую, Іллінскую, Міронаўскую і Варвару. Яны былі круглыя, з шатровымі вярхамі і двума паверхамі — «з ніжнім і верхнім боем». Даўжыня замкавых сценаў складала блізу дзвюх тысяч сажняў. Ёсць сведчанні, што астрогам палачане абнеслі на той час і Запалоцце. Вакол яго ішоў роў, берагі якога былі ўмацаваныя завостранымі палямі. Над Дзвіною ўзвышалася рубленая ў дванаццаць сценаў новая Богаяўленская царква, пры якой быў праваслаўны манастыр. У Вялікім пасадзе стаяла на пляцы ратуша з заезным домам і гандлёвымі радамі, а побач — драўляны касцёл езуітаў і іх «мураваныя палаты». Кожныя паўгадзіны над горадам плыў звон: на езуіцкім двары адлічваў час гадзіннік з боем.
Такім убачыла Полацк улетку 1654 года 30-тысячнае маскоўскае войска. Пачуўшы пра яго падыход, большасць палачанаў добра памятаючы папярэднія «вызваленні», на чаўнах, пароме і наўплаў пераправілася праз Дзвіну і пакінула горад. Манахі-базыляне везлі з сабою срэбную дамавіну з прахам блажэннага Ясафата.
Пасля адчайнай сечы гарнізон мусіў здаць горад. У маскоўскіх Разрадных кнігах запісана: «Боярин и воевода Василий Петрович Шереметьев со товарищи пришли под Полоцк июня в 17 день и у литовских людей перевоз и слободы и дороги к Витебску и к Вилие застали и в Полоцку литовских людей осадили, и к городу со всеми ратными людьми бились целый день; и полоцкие сидельцы польские и литовские люди, езовиты и шляхта и мещане, видя под городом промысл, государю добили челом и город Полотеск сдали и учинились под государевою высокою рукою; и они, боярин и воеводы, со всеми ратными людьми в город вошли того же числа».
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу