У Полацку спадар Станіслаў між іншым, раскажа, што яны з калегамі займаліся праблемаю геннай памяці і заўважылі ў радаводах вядомых асоб цыклічнасць таленту. Іначай кажучы, Божы дар таленту не знікае, а абавязкова (хоць звычайна і не надта хутка) праяўляецца ў нашчадкаў. Сам манрэальскі Скарына будзе жывым сведчаннем гэтага. Як і яго слынны продак, ён стане двойчы доктарам навук, у тым ліку і медыцынскіх. Як і палачанін Францішак, ён народзіцца са шматстайнымі здольнасцямі і захапленнямі: будзе вывучаць філасофію і архітэктуру, пісаць кнігі па медыцыне і музыку да балета, гаварыць на сямі мовах…
(Праз некалькі гадоў дырэктар Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францішка Скарыны Адам Мальдзіс атрымае нечаканы ліст са сталіцы далёкай Мексікі. Высветліцца, што там, у Мехіка, жыве яшчэ адзін нашчадак славутага палачаніна — Ежы (Юры) Скарына, які, дарэчы, даводзіцца стрыечным братам жыхару Манрэаля Станіславу. Юры Скарына таксама не абдзелены талентамі, што найбольш выявіліся ў журналістыцы. Мексіканскі Скарына піша па-іспанску і па-польску, пэўны час выдаваў уласную газету, дзе часта з’яўляліся яго публікацыі. Адна з галоўных тэмаў спадара Юрыя — гісторыя і культура Беларусі, якімі ён здаўна цікавіцца, падтрымліваючы духоўную лучнасць з радзімаю продкаў).
А ў Полацку будзе стаяць з кнігаю ў руках бронзавы Скарына. Стаяць, зажурана думаючы, што ў яго родным горадзе на яго роднай мове вучаць дзяцей толькі ў адной школе.
I ўсё ж у яго будуць падставы не толькі для смутку.
Але ўсё гэта здарыцца потым, праз стагоддзі, а пакуль
Маўчыць гаспода ў Падуі старой,
і толькі ў Скарыны мігціць агеньчык ніцы [12] Радкі з верша Наталлі Арсенневай.
…
Рака беларускай гісторыі не давала Полацку спачываць у ціхай завоіне, зноў і зноў выносячы яго на самую строму. Так здарылася і ў сярэдзіне XVI стагоддзя.
1558 год. Маскоўскае войска з агнём і мячом уварвалася ў Інфлянты (Лівонію). Напачатку фартуна спрыяла маскавітам, і ім удалося захапіць Нарву і Тарту. Шукаючы падтрымкі, лівонскі магістр прызнаў сябе васалам Вялікага Княства Літоўскага. Палкі гетмана Радзівіла Рудога рушылі на дапамогу лівонцам. Вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст прапанаваў цару Івану ІV узаемна адвесці войскі, ды той меў іншыя планы. «Мы з’яднаем свае сілы, каб Польшча і Літва не выслізнулі ад нас», — пісаў ён нямецкаму імператару. Вайна Інфлянцкая (Лівонская) ператварылася ў вайну Літоўскую.
Царскія ваяводы пляжылі Літву-Беларусь, неслі смерць і здзекі. Князь Андрэй Курбскі хадзіў на Віцебск. «Острог взяли и пожгли, — апавядае маскоўскі летапісец, — и посады у города у Витебска все пожгли и наряд в остроге поимали и людей в остроге многих побили и села, и деревни около Витебска пожгли и повоевали». Апрача касцёлаў Курбскі спаліў дваццаць чатыры праваслаўныя храмы і люта расправіўся з палонам, але цар усё адно пазіраў на яго скрыва, бо пад Невелем князь, маючы пятнаццаць тысяч ваяроў, не здолеў разбідь чатырох тысяч ліцвінаў.
«Уся Літва ёсць вотчына гасудароў маскоўскіх!» — абвясціў Іван IV на саборы, а дваране сказалі: «Мы, халопы царскія, за адну дзесяціну зямлі Полацкага або Азярышчанскага павета галовы скласці гатовыя». Масковія рыхтавалася да вялікага паходу. Напрыканцы 1562 года палкі сабраліся ў Мажайску, і да іх выехаў цар. Яму сніўся Полацк, ютрань у святой Сафіі, срэбныя берагі і залатое дно Дзвіны.
У вядомым рамане В. Костылева «Иван Грозный» намаляваны вобраз цара-бацюхны, які аддана служыць Богу і народу, клапоцячыся пра вызваленне аднаверцаў з чужынскай няволі.
Іван IV. З гравюры XVI в.
Які ж быў «вызваліцель» напраўду? Каб не здавацца занадта старонным, спачатку дам слова славутым расійскім гісторыкам. М. Кастамараў называў Івана IV «чудовищем, которое лжет в каждом слове», В. Ключэўскі — «зверем от рождения», a С. Салаўёў пісаў што гісторык ніколі не прамовіць такому чалавеку слова апраўдання.
У дзяцінстве цар любіў бавіцца, скідваючы з высокіх дахаў катоў і здзекуючыся з дробнай жывёлы. Гадоў з пятнаццаці пачаў «упускаць» з вышыні таварышаў сваіх дзіцячых гульняў і з асалодаю глядзеў як тыя канаюць. Павянчаўшыся на царства, семнаццацігадовы валадар учыніў нялюдскую расправу над пскоўскімі пасламі, што прыехалі скардзіцца на намесніка, — загадаў сарваць з сямідзесяці немаладых шаноўных людзей адзенне, пакласці іх на каменную падлогу, а сам паліваў ім галовы спіртам і свечкаю падпальваў валасы. Калі цару прывезлі з Персіі слана, ён закамандаваў таму стаць перад памазаннікам Божым на калені. Няшчасная жывёліна, не разумеючы рускай мовы, не паслухалася і была за гэта пасечаная на кавалкі.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу