Палачане даўно марылі пра помнік сваёй выдатнай суайчынніцы. У 2000 годзе гэтая мара здзейснілася. Святая Еўфрасіння яшчэ раз — у бронзе — вярнулася ў родны горад і цяпер вітае ўсіх, хто кіруецца ад Сафійскага сабора ў бок Спасаўскага манастыра. Скульптар Ігар Голубеў убачыў найславуцейшую палачанку велічнай і мудрай, поўнай чалавечай годнасці і духоўнай сілы. Яшчэ раней I. Голубеў стаў аўтарам помніка асветніцы, які знаходзіцца ў сталіцы нашай краіны, у скверы Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Хочацца верыць, што ў будучыні ў Полацку з’явяцца і помнікі славутым сучаснікам Еўфрасінні — дойліду Іаану і ювеліру Лазару Богшу, а таксама Гардзіславе-Еўдакіі і Звеніславе-Еўпраксіі — сёстрам і паплечніцам князёўны-ігуменні, што працягвалі яе справу. Яны маглі б стаць суладнай часткаю архітэктурна-ландшафтнай прасторы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра або Верхняга замка.
Ужо колькі гадоў у маёй душы не заціхае водгулле глыбокага хвалявання, перажытага ў тыя хвіліны, калі пад скляпеннямі Сафійскага сабора, дзе калісьці знайшла прытулак юная Еўфрасіння, гучалі спевы, напісаныя ў гонар асветніцы восем стагоддзяў таму.
Придете, любомудрении,
песнями богокрасными воспоимо достохвалнии
и смиреннии. Ефросинии всечесней…
Прыдзіце, любамудрыя, у храм найпадобнейшай. Пакланіцеся яе мошчам, паглядзіце ў яе вочы на фрэсцы. Падыміцеся ў келлю святой, дзе так узнёсла думаецца пра вечнасць Хараства, пра чалавечае прызначэнне на гэтай зямлі.
Малітвы Еўфрасінні за родны Полацк, яе парады князю Усяславу Васількавічу не пайшлі марна. Пасля смерці князёўны Бацькаўшчына, няхай і нядоўга, але пажыла ў спакоі і міры. Аціхлі ўсобіцы, аднавілася адзінства Полацкай зямлі. Хоць яна ўжо была падзеленая на добры тузін удзельных княстваў, агульныя інтарэсы гуртавалі іх у магутны ваенны і палітычны хаўрус.
Калі ў Друцку сеў смаленскі стаўленік, шэсць полацкіх князёў зрабілі ў 1180 годзе пераможны паход і вярнулі горад пад уладу Усяслава II. У злучаным войску разам з крывічамі ішла літва і ваяры з падуладнага Полацку племя ліваў, што жыло на ўзбярэжжы Варажскага мора.
Літва была хаўруснікам моцным, а таму і ненадзейным. Праз пяць гадоў полацкі князь у баі з ёю загінуў і ў Бельчыцкі княжы хорам прыйшоў новы гаспадар, малодшы Усяславаў брат, якога дагэтуль і ў навуковай, і ў мастацкай літаратуры называлі Уладзімірам. Ні раней, ні пазней Уладзіміраў у полацкай дынастыі не было. Чаму — растлумачыць няцяжка, варта толькі згадаць крывавае Рагнедзіна вяселле. Рагвалодавічы не давалі сынам імя заклятага ворага.
Адкуль жа тады пайшло гуляць па кнігах нялюбаснае палачанам княжае імя? 3 напісанай па-лацінску «Хронікі Лівоніі», якая называе полацкага ўладара каралём Вальдэмарам, што заўсёды перакладалі як «князь Уладзімір». У сваім даследаванні «Старажытная Беларусь» Мікола Ермаловіч давёў: напраўду «караля Вальдэмара» звалі Валодшам.
Валодша займаў полацкі пасад трыццаць гадоў і ўвесь гэты час мусіў змагацца з новым смяротна небяспечным ворагам — рыцарамі-крыжакамі. На пачатку 1216 года ён рыхтаваўся да вялікага паходу на Рыгу.
Валодшу не спалася.
Думна было ў князевай галаве, неспакойна на сэрцы. Уваччу яшчэ стаяла гаворка з пасламі, у зацішнай пачывальні як быццам гучалі іх галасы.
— Наша неба не сіняе, як мора і азёры, — гаварыў чудскі старэйшына, — а чорнае ад хаўтурных вогнішчаў. Крыжакі забілі столькі ваяроў, што я ўжо не памятаю, хто жывы, а хто склаў галаву. Нашы жанчыны выплакалі вочы, а мужчынам ад частых трызнаў мёд здаецца горкім, а піва — салодкім.
Першыя паслы з Чудскай зямлі прыйшлі ў Полацк на Вадохрышча, у самыя лютыя маразы, калі мядзведзь пераварочваецца ў берлагу на другі бок. На мірныя паселішчы эстаў наляцелі немцы з атрадамі перавернутых у новую веру ліваў. Мужчын забівалі на месцы, а жанчын, дзяцей і гавяду гналі ў Лівонію. Дзесяць дзён эсты адбіваліся ў замку, а на адзінаццаты, калі з абложнае вежы нямецкія латнікі з лукаў і прашчаў перабілі палову абаронцаў, мусілі скарыцца: пусцілі ў замак лацінскага святара і аддалі немцам у закладнікі сыноў сваіх старэйшын. Паслы прасілі полацкага князя ісці на Рыгу, а самі абяцалі паўстаць і цясніць вайной ліваў і летаў.
Новыя паслы скардзіліся, што суддзі, якіх шлюць немцы ў скораныя землі, дбаюць не пра справядлівасць, а пра сваё багацце. Эсты не хочуць плаціць дзесяціну, не хочуць карміць святароў і хадзіць з немцамі на вайну, каб потым цярпець помсту ад суседзяў.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу