Сустрэча Еўфрасінні з імператарам Мануілам ставіць пад сумнеў агульнапрынятую дату паломніцтва і смерці святой (1173). Згаданы візантыйскі кесар апошні раз ваяваў з вуграмі ў 1167 годзе, прычым выйшаў у паход на Вялікдзень, 8 красавіка. Прыкладна тады яго дзяржавы дасягнулі і полацкія паломнікі. Еўфрасінніных пляменніц Вольгу і Кірыяну перад ад’ездам ігуменні пастрыгаў у манастыр уладыка Дыянісій, які стаў полацкім епіскапам пасля 1166 года. На аснове гэтых фактаў годам смерці святой Еўфрасінні можна лічыць 1167-ы. Менавіта гэтую дату падае том III «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».
У канцы красавіка ігумення і яе спадарожнікі прыйшлі да ерусалімскіх муроў. Еўфрасіння паслала слугу Міхаіла да патрыярха прасіць, каб ёй адчынілі браму, праз якую з боку Элеонскае гары калісьці ўвайшоў у горад у Вербную нядзелю Ісус Хрыстос. Цяжкасцей з дазволам не ўзнікла. Ерусалім належаў крыжакам, а валадарыў у ім кароль Амальрых I. Ён таксама мог даводзіцца полацкай князеўне сваяком — праз жонку французскага караля Генрыха I Ганну, якая ыла дачкою Яраслава Мудрага.
Еўфрасіння шчыра малілася і кадзіла з залатой кадзільніцы дарагімі фіміямамі каля труны Гасподняй. Пасяліўшыся ў манастыры святой Багародзіцы, асветніца прыходзіла да труны тры дні запар. На трэці дзень яна пакінула там кадзільніцу і іншыя залатыя дарункі і папрасіла Усявышняга, каб дазволіў ёй памерці ў святым горадзе, дзе адбылося збаўленне чалавечага роду.
У хуткім часе Еўфрасіння захварэла. Яна ўжо не змагла сама схадзіць на раку Ярдан, дзе хрысціўся Сын Божы, і паслала туды брата з сястрою і слуг. Тыя прынеслі гаспадыні ярданскае вады, і паломніца, падняўшыся з ложа, напілася і акрапіла сябе ёю, а потым зноў легла, просячы Госпада хутчэй узяць яе душу.
«Жыціе» апавядае, што Еўфрасінні быў пасланы анёл, які паведаміў, што малітвы пачутыя і на небе ўжо чакаюць сустрэчы з ею. На дваццаць чацвёрты дзень хваробы яна пачула блізкі скон, паклікала святара і, паспавядаўшыся і прыняўшы прычасце, аддала сваю душу Усявышняму.
Зямное жыццё асветніцы завяршылася.
«Давыд же и Евпраксия и с прочими спряташа тело ея честно». Пахаваўшы Еўфрасінню ў Феадосіевым манастыры святой Багародзіцы ў Ерусаліме, паломнікі павезлі журботную вестку ў Полацк.
Ёсць пэўныя падставы меркаваць, што якраз Еўпраксія-Звеніслава магла быць аўтаркаю «Жыція» або мець да яго стварэння непасрэднае дачыненне. Па-першае, шматякія эпізоды жыцця асветніцы ўбачаныя і пераказаныя надта ж па-жаночы (напрыклад, плач князя Святаслава, ці сустрэча Прадславы ў манастыры яе цёткаю-ігуменняй). Па-другое, найбольш падрабязная частка «Жыція» прысвечаная паломніцтву, у якім улюбёная сястра (памятаеце: «як адна душа ў двух целах») была спадарожніцаю святой.
Неўзабаве пасля смерці полацкай паломніцы Святой Зямлі пачалі пагражаць магаметане. У 1187 годзе, рыхтуючыся да прыступу Ерусаліма, султан Саладзін за выкуп дазволіў хрысціянам пакінуць горад разам са сваімі рэліквіямі. Як велізарны скарб усходнеславянскія манахі везлі з сабою раку (своеасаблівы куфар, дзе захоўваюцца святыя мошчы) з нятленнымі парэшткамі Еўфрасінні.
Калі верыць паданню, манахі меліся перанесці святыню адразу ў Полацк, але гэтаму перашкодзіла адвечная варажнеча кіеўскіх і полацкіх князёў. Мошчы перадалі ў славуты Пячорскі манастыр, дзе ў падземным храме Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы рэліквіі давялося спачываць больш за сем стагоддзяў. На радзіме грымелі войны, занепадаў і зноў адраджаўся Спасаўскі манастыр, а тут панаваў вечны спакой. Вечка срэбнай ракі было адчыненае і прымацаванае да сцяны, парэшткі найпадобнейшай Еўфрасінні — закрытыя покрывам; у галавах вісеў абраз святой, і гарэла непагасная лампадка.
Першыя спробы перанесці мошчы заступніцы Беларусі ў родны горад адбыліся ў цараванне імператара Аляксандра II. Пра гэта хадайнічалі жыхары Полацка, а потым, у 1864 годзе, ад імя насельніцтва трынаццаці воласцяў Полацкага павета і, ведама ж, са сваімі мэтамі — душыцель нацыянальна-вызваленчага паўстання Кастуся Каліноўскага граф Мураўёў-«вешальнік». Пасля трэцяга хадайніцтва полацкага епіскапа Савы ў 1871 годзе ў Спасаўскі манастыр была ўрачыста перанесеная малая частачка мошчаў — сярэдні палец правай рукі.
Наступныя просьбы Пецярбург нязменна адхіляў а пры Аляксандры III палачанам наогул забаранілі звяртацца з гэтай прычыны ў вышэйшыя інстанцыі. Духоўная і свецкая ўлады царскае Расіі былі супраць вяртання рэліквіі, бо ведалі, што, паводле векавой традыцыі, Еўфрасінню Полацкую шанавалі як сваю святую і прыхільнікі гвалтоўна скасаванай Уніі. Насмеліўся на аўгусцейшы дазвол толькі Мікалай II.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу