Яна з маленства чула паданні пра дзеда, пра Рагнеду-Гарыславу ды іншых славутых продкаў, чыё жыццё прайшло пад знакам адданасці Полацку. Пра іх апавядалі і запрошаныя бацькам настаўнікі — адукаваныя манахі, якія хутка навучылі Усяслававу ўнучку чытаць і пісаць. Падручнікамі служылі Святое Пісанне, жыццяпісы святых…
Прыйдзе час, і сама яна зробіцца гераіняю жыція — апісання зямнога шляху і духоўных подзвігаў святой. Створыць яго ў канцы XII стагоддзя ў Полацку невядомы аўтар, манах ці ігумен аднаго з манастыроў.
Найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускае літаратуры «Жыціе Еўфрасінні Полацкай» дойдзе да нас болей як у сотні спісаў і будзе галоўнай крыніцаю біяграфічных звестак пра знакамітую палачанку.
Навука давалася Прадславе значна лягчэй, чым яе аднагодкам. Княжая дачка з малых гадоў вызначалася любасцю да кніжнага слова. У бацькоўскім доме апрача царкоўных кніг яна чытала «Ізборнікі» з выслоўямі і афарызмамі, «Александрыю» — перакладзены з грэцкае мовы раман аб подзвігах Аляксандра Македонскага, вострасюжэтную «Аповесць пра Акіру Прамудрага». 3 кожным годам кнігі, над якімі заседжвалася дзяўчынка ў сваёй святліцы, рабіліся больш глыбокімі і мудрымі.
Дзяцінства князёўны праходзіла, вядома, не толькі ў бацькавым хораме. Яе вабіла шматгалосае і шматмоўнае торжышча, дзе можна было пачуць гусляра, убачыць «вясёлых людзей» — скамарохаў. На пасадзе Прадслава заходзіла да гандляроў і рамеснікаў. Пасля цесных хацін простага люду асабліва ўражвалі полацкія храмы і найперш Сафійскі сабор з яго дзівоснымі фрэскамі.
Ад карміцелькі, нянек, ад маці яна чула абрадавыя песні, замовы і заклёны. Як мы памятаем, дваяверства існавала на Полаччыне нават у княжым асяроддзі. Значыцца, Прадслава добра ведала паганскіх багоў. Яе юныя гады немагчыма ўявіць без гуканняў вясны, русалляў, Купалляў і Калядаў.
У тыя часы дзяцінства было карацейшае, чым сёння. Мінулася княжай дачцэ дванаццаць гадоў — трэба збірацца замуж. Пагатоў слава аб Прадславіных прыгажосці і розуме разнеслася «па ўсіх гарадах», і ў Полацк зачасцілі сваты.
Аднаго разу князь Святаслаў падняўся ў даччыну святліцу і загаварыў пра замужжа.
— Нявеста ты ўжо ў нас, князёўна.
— Гадамі — нявеста, — адказала Прадслава.
— Ці, можа, князі табе не па сэрцы?
— Не па сэрцы.
— Можа, непрыгожыя?
— Прыгожыя, дык неразумныя.
— А калі і гожыя, і разумныя? — пытаўся князь.
— Дык душою слабыя.
— Забудзеш пра гэта сярод забаваў і весялосці…
— Ведаю з кніг, што пасля забаваў будзе… Першая забава — срэбралюбства. Чым болей багацця, тым сквапнейшае ды падлейшае робіцца любое стварэнне. Ад другой забавы абвісае цела, крывяцца косці, хвароба ў нутро запаўзае. Гэтая забава завецца дагаджэнне чэраву. Ад трэцяе забавы траціць чалавек розум свой, забівае ў лютасці такога, як сам. Гэтая забава завецца блуд.
Князь глядзеў на дачку ўражана.
— Хіба ж няма ўцехі ў тым, каб княжычаў нарадзіць?
— Нараджаюцца княжычы, і ўсобіцы крывавыя між імі нараджаюцца, — сказала дзяўчынка.
— Што табе да мужчынскіх усобіц? Жыві за князем сваім, дзяцей гадуй.
— На меч упадзе мой князь, а дзяцей браты заб’юць.
— Дзе ж знойдзеш долю сваю, калі не за мужам?
— Ува мне доля мая.
— Як жа адна, без абароны мужавай жыць думаеш?
— Як трава без абароны расце…
— У каго ж розуму вучыцца будзеш, як не ў мужа?
— У кніг, што мудрасць сабралі, як пчолы мёд.
— Дзе ж сям’я твая будзе?
— Увесь свет — сям’я мая…
Так ці іначай адбывалася тая размова, але бацькі вырашылі выдаць Прадславу за сына нейкага багатага валадара. Княгіня Сафія рыхтавала пасаг, князь Святаслаў прыкідваў выгоды ад шлюбу. Яны яшчэ не ведалі, што дачка цвёрда выбрала іншую пуцявіну.
«Святым Духам напоўніўся розум яе, — гаворыцца ў «Жыціі», — і сказала сабе: «Што будзе, калі надумае бацька аддаць мяне замуж? Калі здарыцца так, смутку гэтага свету нельга будзе пазбыцца!» I яшчэ сказала сабе: «Што ж паспелі роды нашыя, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула слава іхняя, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы моц мужчынскую, целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мячом духоўным адсеклі плоцкія асалоды — тых памятаюць на зямлі…»» [3] Тут і далей урыўкі з «Жыція святой Еўфрасінні Полацкай» падаюцца ў перакладзе Аляксея Мельнікава.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу