У апошняе дзесяцігоддзе некаторыя крамы, а найперш гадзіннікавыя майстэрні, мелі ровары, якія ахвотна выдавалі напракат за 15 кап. на гадзіну.
Паблізу рыначнага пляца, у доме ў купца Лебедзева, была гарбатня таварыства цвярозасці. Тамсама выдзеленыя былі два пакоі: адзін пад бібліятэку, другі пад чытальню. У нядзельныя вечары, калі гарбатня зачынялася, у зале часам наладжваліся чытанні з карцінамі з дапамогаю «чароўнага ліхтара».
Свайго тэатра горад не меў. Спектаклі ставілі аматары сцэнічнага мастацтва. Некалькі разоў прыязджалі папулярныя тады хары Славянскага, Архангельскага. Аднойчы ў Полацку выступала Камісаржэўская. Спектаклі давалі ў зале «благородного собрания» — так называўся клуб, у якім аб’ядноўваліся пераважна чыноўнікі і афіцэры. Частымі гасцямі бывалі і павятовыя памешчыкі. У клубе гулялі ў більярд і ў карты. Драўляны будынак «благородного собрания» стаяў у садзе на тым месцы, дзе цяпер пабудаваны дом афіцэраў. Побач, на пустцы, спыняўся заезджы вандроўны цырк…
Пасля задушэння рэвалюцыі 1905 года сярод моладзі запанавалі ўпадніцкія настроі. Зачытваліся вершамі Надсона, чыталі Саніна, размаўлялі пра нашумелую кнігу «Пол і характар»…
Аднак адарвемся ад крыху настальгічных успамінаў колішняга кадэта і зноў паспрабуем уявіць сябе на полацкіх вуліцах і пляцах у травені 1910-га.
Агледзеўшы помнік падзеям 1812 года, Мікалаеўскі сабор і класічныя будынкі Корпуснага пляца, вы прысядзеце на лавачку ў засені старых ліпаў. Кінеце вока на густоўныя газавыя ліхтары (першая электрастанцыя дасць ток яшчэ праз два гады) і зноў дастанеце з кішэні гарадскі даведнік.
Адрасы сямі булачных і пякарняў: усе на Віцебскай, галоўнай гандлёвай вуліцы горада. Пералік навучальных установаў. Іх у Полацку дваццаць адна. Апрача ўжо знаёмых вам, гэта шасцікласная і чатырохкласная гарадскія вучэльні; жаночая епархіяльная вучэльня пры Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры (начальніца — манахіня Ніна); прыватная шасцікласная рэальная, мужчынская прыходская і яшчэ адна, жаночая (два агульнаадукацыйныя класы і трэці рукадзельны); пачатковая вучэльня пры настаўніцкай семінарыі. Потым ідуць шэсць царкоўна-прыходскіх школ, пачатковая яўрэйская і талмудтора. Неўзабаве адчыняцца гарадская і чыгуначная гімназіі.
Кароткі спіс бальніц: земская на Верхнім замку і яўрэйская на Невельскай. Галоўны гарадскі лекар Я. Ольдэнбург жыве ў «Грандгатэлі», павятовы Н. Гнядоўскі — ва ўласным доме на Ніжнепакроўскай. Прозвішчы і адрасы чатырох лекараў (у тым ліку двух дактароў медыцыны А. Мансветава i А. Арлова), двух фельчараў і двух ветэрынараў, што маюць прыватную практыку. (Выклік доктара дахаты каштуе ад аднаго да пяці рублёў плюс плата за рамізніка.)
Дабрачынныя ўстановы: царкоўнае брацтва ў гонар святога Мікалая і найпадобнейшай Еўфрасінні (утрымлівае жаночую багадзельню і сірочы прытулак), яўрэйскае таварыства дапамогі бедным і таварыства без назвы, на чале якога — спадарыня Л. Іярдан.
У спісе галоўных крамаў вы ўбачыце магазін «железной торговли» на Гандлёвым пляцы. Гаспадар яго — наш знаёмы купец Шпакаў, той, што задарма згодны быць гарадскім галавой.
Даведнік падкажа і адрасы шасці полацкіх кнігарняў, куды вы неадменна збіраецеся завітаць. Па дарозе вам захочацца зрабіць на памяць здымак у адной з трох полацкіх фатаграфій, дзе чакаюць кліентаў спадары Бермант, Шыф і Бернштэйн.
Усе кнігарні невялікія, затое прыватныя, і вас тут сустрэнуць як дарагога госця. Вы ў Полацку ўпершыню? Вам абавязкова трэба «Путеводитель». Ужо набылі? Тады раім вось гэтую кніжку — «Минувшее и настоящее Полоцка». Вы ведаеце, аўтар — палачанін, педагог-мовазнавец з настаўніцкай семінарыі, піша проста, але ад душы.
Вы наўздагад разгорнеце сціплую кніжачку: «Суровый упрек несется к вам с высот Верхнего замка от храма святой Софии Премудрости Божьей. Печальный, обезглавленный стихией, почти оставленный и полузабытый (службы в нем совершаются только в течение одного мая месяца), этот храм, дорогое сокровище и сердце древнего Полоцка, теперь с находящимися вокруг него развалинами когда-то красивого и величественного здания, вызывает краску стыда и чувство горькой обиды…»
Вы зразумееце, што аўтар гэтых слоў Мікалай Іванавіч Зорын, — палачанін не толькі паводле месца жыхарства (праз паўстагоддзя ён прынясе сваю кніжачку ў гарадскі краязнаўчы музей), і дастанеце партманетку з грашыма.
На дадатак вам прапануюць наборы паштовак з краявідамі горада, а можа, нават прачытаюць пра іх маленькую лекцыю. Вы даведаецеся, што першыя полацкія паштоўкі на самым пачатку XX стагоддзя выдалі Гёлер з Дрэздэна і Гофеншэфер з Полацка. Што іх пачынае выпускаць вядомае кніжнае прадпрыемства Суворына, але невядома яшчэ, ці ўдасца ў Маскве дасягнуць выдатнай якасці паштовых картак, за якія горад удзячны нямецкім выдаўцам Краўскопфу з Кёнігсберга і Штыке з Берліна. Колькі добрых словаў будзе сказана пра новыя паштоўкі мясцовых выдаўцоў Ліўшыца, Гофеншэфера і Рафайловіча, пагатоў у кнігарні другога з іх — самай вялікай у горадзе — вы і знаходзіцеся.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу