Адкрыццё новай навучальнай установы адбылося 25 чэрвеня 1835 года. На той дзень у корпус былі прынятыя са шляхецкіх сем’яў 54 падлеткі ва ўзросце з дванаццаці да чатырнаццаці гадоў. Раніцой іх пашыхтавалі ў рэкрэацыйнай зале. Дырэктар адрэкамендаваў кожнага пайменна генерал-губернатару і даў каманду: «На молитву направо, скорым шагом марш!» Пасля літургіі ў Мікалаеўскім саборы праваслаўны полацкі епіскап Смарагд сказаў перад вернікамі прачулае слова. Хлапчукі ў навюткай кадэцкай форме пачулі, што мусяць «образоваться прилично благородному сословию и стать полезными сынами России». Потым корпусныя будынкі пакрапілі святой вадою, і госці селі палуднаваць. У другой палове абеду ў сталоўню запрасілі выхаванцаў. Тыя ласаваліся дэсертам, крычалі пры тостах «ура!» і ломкімі галасамі спявалі «Боже, царя храни». Увечары яны гулялі па ілюмінаваным пляцы, над якім гарэў на саборы царскі вензель.
Назаўтра свята скончылася, пацягнуліся кадэцкія будні.
Першым дырэктарам корпуса стаў удзельнік вайны з Напалеонам генералмаёр Павел Хвашчынскі. Дакументы сведчаць, што падчас штурму Полацка ў кастрычніку 1812-га падпаручнік Хвашчынскі ў якасці ад’ютанта «неоднократно попадал в весьма опасные места для отдачи приказаний по фронту, причем выделялся неустрашимостью при сильном неприятельском огне и крайней расторопностью в исполнении возлагавшихся на него поручений, за что и был переведен в Могилевский пехотный полк поручиком».
Мяркуючы па загадах і лістах першага дырэктара, гэта быў чалавек дападкі і ўедлівы: сам правяраў зручнасць мэблі і вызначаў на якой гадаванцы хутчэй праціраюць казённыя штаны. Яшчэ ён быў такі зацяты антысеміт, што меўся перагарадзіць кратаваным плотам прылеглыя да корпуса вуліцы, каб полацкія яўрэі нават не набліжаліся да кадэтаў.
У першыя дні хлопчыкі з задавальненнем займаліся «фронтам», асвойвалі сігналы, вучыліся танцаваць і спяваць хорам. Праграма называла гэтыя заняткі «приятными искусствами». Праз пару тыдняў навучальны камітэт наладзіў праверку ведання іншых, менш прыемных дысцыплін. Высветлілася, што з 65 кадэтаў 37 зусім не ведаюць «французской азбуки», а 29 — нямецкай. Двое вызначаліся тым, што не ведалі амаль нічога і з цяжкасцю разбіралі расійскі тэкст. Згодна з падрыхтоўкай, выхаванцаў падзялілі на тры класы.
Расклад уключаў закон Божы, названыя раней мовы, арыфметыку, алгебру, геаграфію, гісторыю, чыстапісанне і маляванне. На тыдзень прыпадала 24 урокі па паўтары гадзіны. Кіраўніцтва раіла педагогам звярнуць увагу на правільнасць чытання і маўлення, «так как большинство поступивших детей из губерний белорусских с грубым местным наречием». Каб дакладней вызначаць узровень ведаў у карпусах існавала 12-балавая сістэма ацэнак.
Педагагічны арсенал кадэцкіх настаўнікаў у параўнанні з вынаходкамі іх папярэднікаў езуітаў выглядае досыць убога. У класах стаялі чырвоныя і чорныя дошкі, куды запісвалі прозвішчы выдатнікаў і тых, чые поспехі цяжка было ацаніць нават пяцёркай. Калі ў клас заходзіў нехта з начальства, вучні станавіліся кожны каля сваёй дошкі. За нядбайнасць кадэтаў маглі на тыдзень ці два пазбавіць адной з найсмачнейшых страваў, прычым у сталоўні пакараным загадвалі стаяць і глядзець, як ласуюцца таварышы.
Дзень пачынаўся з пад’ёму а палове шостай раніцы і заканчваўся адбоем а палове дзесятай вечара. Шмат часу адводзілася заняткам на свежым паветры, дзе пад наглядам выхавальнікаў кадэты гулялі ў мяч і ў валаны, бегалі навыперадкі, лазілі па канатах, шастах і драбінах, скакалі цераз драўлянага каня, перацягвалі палкі, хадзілі з чыгуннымі шарамі ў руках, узбягалі на стромыя дашчатыя горкі. Узімку праграму дапаўнялі гульня ў снежкі, канькі, будаўніцтва снегавых фартэцаў. Шэсць гадзінаў на тыдзень прысвячалася вайсковай падрыхтоўцы («фронту») і шэсць — гімнастыцы, фехтаванню, танцам і спевам.
Вольны час рэкамендавалася бавіць з двухтыднёвікам пад прывабнаю назвай «Журнал для чтения воспитанников военно-учебных заведений». Пазнаёмімся са зместам аднаго з выпускаў за 1840 год: «Медный крест», стихи; «Роща и огонь», басня Крылова; путевые письма из Англии, Германии и Франции; история и нынешнее состояние Черногории; дело под Витебском и действия князя Багратиона от Несвижа до Мстиславля». Пад рубрыкай «Смесь» друкаваліся нататкі «Резиновая лодка» и «Похищение ребенка орлом».
Аматарам добра пад’есці (да якіх, прызнаюся, належу і сам) прапаную тыднёвае абедзеннае меню полацкіх кадэтаў за 1841 год. Панядзелак: суп бульбяны; адбіўная з ялавічыны; пірагі са свежай капустай і яйкамі. Аўторак: капуста; ялавічына пад соусам з бручкі і морквы; кнышы (ватрушкі). Серада: локшаны; ялавічына пад бульбяным соусам; пірагі з варэннем. Чацвер: суп манны; смажаная ялавічына з гуркамі; пірагі з грэцкаю кашай. Пятніца: суп бульбяны; адбіўная з ялавічыны; слаёныя пірагі з капустай і яйкамі. Субота: суп з каранёў; ялавічына з бульбай; рысавая каша з маслам. Нядзеля: капуста і да яе пірагі з грэцкаю кашай; смажаная ялавічына з гуркамі; слаёныя пірагі з варэннем. Штораніцы выхаванцам давалі яшчэ збіцень з булкай. Аўтар выдадзенай у 1910 годзе кнігі «Полоцкий кадетский корпус» падпалкоўнік Васіль Вікенцьеў называе гэтае меню «малоразнообразным». Трэба меркаваць, што недахоп быў выпраўлены. Дарэчы, у вялікай сталоўні са скляпеністай столлю яшчэ з часоў езуітаў вісела велічэзная копія «Сіксцінскай мадонны» Рафаэля, што нязменна выклікала раздражненне ў корпусных праваслаўных святароў.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу