Штабныя афіцэры Сен-Сіра са званіцы сабора святога Стэфана сачылі за рухам варожых палкоў у вялізны зямны тэлескоп, пазычаны ў езуітаў. Тры расійскія калоны наблізіліся з поўначы да горада і сталі біваком. Левы фланг французскіх пазіцый пачынаўся ад берага Палаты, у цэнтры перад імі ляжала Валовая азярына, правы фланг цягнуўся да віцебскага тракта. Абозы і шпіталі ўжо былі адпраўленыя на захад. Барон Штэйнгель занатаваў уражанні апошніх гадзін перад бітваю за горад: «Мрачная октябрьская ночь спустилась над равниной, окруженной темным лесом, и на ней загорелись тысячи костров, от коих возносящийся кверху дым с искрами составлял красное, рдяное облако, и небо получало от него багряное зарево; казалось, само небо требовало крови — это предзнаменование как бы указывало на предстоящий кровопролитный бой».
А шостай гадзіне раніцы 18 кастрычніка расійскія войскі атакавалі непрыяцеля каля вёсак Юравічы і Белае. Бліжэй да паўдня бой пад нізкім восеньскім сонцам кіпеў ужо на ўсёй прасторы ад Палаты да возера. Французы раз за разам падымаліся ў контратакі. Калі на зямлю апусціўся прыцемак, поле было заваленае знявечанымі целамі, падбітымі лафетамі і мёртвымі конямі. Трава пацямнела ад застылай крыві. Без-Карніловіч сцвярджае, што расійцы мелі шмат клопату ад варожай батарэі, размешчанай у Еўфрасіннеўскім манастыры, а сцены Спасаўскага сабора былі да паловы разбураныя ядрамі.
Царскія палкі спыніліся каля Грамоў, французы ж адступілі пад абарону ўзведзеных на Ніжнім замку ўмацаванняў. Прапаршчык пецярбургскага апалчэння Зотаў пісаў пра пакінутыя пазіцыі: «В первый раз нам удалось видеть землянки, отделанные для долговременного военного житья: рамы, двери и даже камельки, столы, стулья, диваны, зеркала. Все это было набрано французами в разоренных ими поместьях вокруг Полоцка и, по их расчету, верно назначено на зимовку, но ошиблись в расчете: с 6-го октября они уж больше не видали своих роскошных жилищ ».
Назаўтра а пятай гадзіне вечара Вітгенштэйн загадаў атакаваць. Маршал Сен-Сір, падпаліўшы казармы, адышоў з Ніжняга замка ў горад. Абнесены дубальтовым палісадам і глыбокім ровам, ён быў добра прыстасаваны да абароны. Расійская артылерыя засыпала Полацк гранатамі і распаленымі ядрамі. У некалькіх месцах успыхнулі пажары. Загарэўся драўляны дамініканскі касцёл на пляцы перад калегіумам. Прагучала каманда: «На прыступ!» — і на фоне крывавае паланіцы пачаўся вусцішны спектакль са смерцю ў галоўнай ролі.
3 поўначы ў горад вёў адзіны драўляны мост праз Палату, які французы трымалі пад двух’ярусным агнём з батарэяў і акопаў. Высокія і стромкія берагі таксама спрыялі абаронцам. Першыя з сякерамі ў руках кінуліся на мост і ўзяліся пад кулямі секчы завал пецярбургскія апалчэнцы. Адначасова расійцы перайшлі ўброд Палату і палезлі на вал.
А трэцяй гадзіне ночы дружына пецярбуржцаў пад камандай палкоўніка Нікалаева ўварвалася ў горад. У той самы час абарона была прарваная і з боку віцебскага тракту. На вуліцах ішоў смяротны рукапашны бой, у якім удзельнічалі, між іншым, і жарцаўскія партызаны. Зноў даю слова відавочцу:
«Изломав штыки, французы оборонялись прикладами. Почерневшие от порохового дыма, они, медленно отступая по улицам к переправе, сражались с неизъяснимою храбростью, внушаемою отчаянием и страхом попасть в плен. Теснимые со всех сторон, успели однако ж переправиться за Двину и снять мосты: два понтонные, которые частью изрубили, и один плавучий из бревен на канатах».
Яшчэ да світання нядаўнюю кватэру Сен-Сіра заняў граф Вітгенштэйн. Тут ён нецярпліва разарваў атрыманы напярэдадні ад цара пакет з надпісам: «Распечатать по взятии Полоцка». У пакеце ляжаў указ пра ўзвядзенне графа ў «поўныя» генералы ад кавалерыі.
Цьмянае ад дыму сонца асвятліла жудаснае відовішча: безліч трупаў, разбураныя артылерыяй будынкі, бяздомныя людзі, што, быццам цені, блукалі сярод руінаў.
Калі падлічылі страты, выявілася, што абодва бакі ў баях за горад страцілі прыкладна па сем тысяч забітымі. Сорак пяць напалеонаўскіх штаб і обер-афіцэраў трапілі ў палон. У ліку трафеяў былі тры гарматы і правіянцкі магазін. Муры езуіцкага кляштара далі прытулак тром сотням параненых пераможцаў.
21 кастрычніка ў Сафійскім саборы адбылося падзячнае праваслаўнае набажэнства, а потым — паніхіда па палеглых воінах. Храм, паводле ўспамінаў расійскіх афіцэраў, зеўраў выбітымі вокнамі і дзвярыма, палохаў расколатымі абразамі. Гарматнае ядро трапіла ў самы вялікі гарадскі звон, і ён крыху псаваў сваімі брынклівымі ноткамі агульную мелодыю ажно да 1904 года, калі «ветэрана» пералілі і зноў паднялі на званіцу колішняга храма святога Стэфана, які ўжо быў праваслаўным Мікалаеўскім саборам.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу