Зрэшты, ён не збіраўся надоўга затрымлівацца на кіеўскім пасадзе. Чужы горад, ненадзейная дружына, варожае баярства. Адмовіліся плаціць даніну ноўгарадцы, касавурацца паўднёвыя князі. Збеглы Ізяслаў таксама не хацеў развітвацца з вотчынай і набліжаўся да Кіева з войскам цесця, польскага караля Баляслава. На каго Усяслаў мог разлічваць? Адно на просты люд, што абвясціў яго сваім валадаром.
Князь вёў дружыну на Ізяслава, а праз сотні вёрст яго ўладна клікалі званы полацкае Сафіі. Апрача іншых прычын вяртання Усяслаў бачыў небяспеку полацка-польскай вайны. Пад Белгарадам ён таемна ад кіянаў пакінуў войска і накіраваўся ў Полацк. Аўтар «Слова» сказаў пра тыя падзеі надзвычай вобразна:
Ha сёмым веку Траяна
кінуў жэрабя Усяслаў маўкліва на любую сваю абраную.
Ды хітрасцю асядлаў коней рана
і скочыў да горада Кіева,
і дакрануўся дзідаю да залатога прастола кіеўскага.
Скочыў ад іх лютым зверам
апаўночы з Белгорада, сінім воблакам ахінуўся.
Князь вяртаўся на радзіму, у сваю дзяржаву, якой прысягнуў на вернасць. Ён ведаў, што трэба рыхтавацца да доўгай і зацятай барацьбы, што за незалежнасць давядзецца плаціць тысячамі жыццяў.
Павыколваўшы вочы ды пасцінаўшы галовы Чарадзеевым прыхільнікам, князь Ізяслаў з польскімі дружынамі рушыў з Кіева на Полацк. Усяслаў з купкаю найбліжэйшых прыдворных мусіў ратавацца ў фінскага племені водзь, адкуль, магчыма, паходзіла яго маці. Вадзякі былі паганцы, а таму прынялі князя-вешчуна гасцінна і далі яму войска дзеля паходу на Ноўгарад.
Крывіцкіх ваяроў Усяслаў пад рукою не меў, а фінскія не вытрымалі націску ноўгарадцаў і пабеглі. Князь трапіў у палон, але адразу ж выйшаў на волю. Ноўгарад памятаў, як тры гады таму палачане рабавалі горад, як грузілі на калёсы сафійскія званы, ды пачуццё помсты перамог палітычны разлік. Нават гнаны і палонны, Чарадзей быў небяспечны вораг, бо за ім стаяла Полацкая дзяржава. Такога выгадней адпусціць — няхай ваюе з Кіевам.
I Чарадзей ваяваў. На два гады знікшы з відавоку летапісцаў у 1074-м ён раптоўным ударам выгнаў з Полацка кіеўскага стаўленіка Святаполка.
Дзённы пераход коннага войска складаў тады паўсотні кіламетраў, а калі ваяры ехалі ўлегцы, з запасным канём на повадзе, дык маглі за летні дзень дапясці з Віцебска да Полацка — прайсці ўдвая болей. Галоўнай вайсковаю сілай была конніца з княжых дружыннікаў. На ўзбраенні яны мелі дзіды, мячы, вялікія шчыты-тарчы, на бліжні бой — сякеры, кісцяні, паліцы-шастапёры. Наперад у паходзе высылалі «старожы», што імкнуліся захапіць языка. Абавязкова дзейнічалі выведнікі. Воіны нярэдка мусілі рабіць масты і масціць грэблі. Кальчугі, панцыры, шаломы — усё цяжкае ўзбраенне ўсходнеславянскія дружыны заўсёды везлі асобна і надзявалі толькі перад небяспекаю. У арсенале вайсковых хітрасцей былі засады, падманныя ўцёкі, несапраўдныя станы з яркімі вогнішчамі. Перад боем на адкрытым месцы войска шыхтавалася: пасярод стаяў галоўны полк, які называўся чало, па баках — крылы. Адрознідь дружыны славянскіх князёў па знешнім выглядзе было цяжка, таму вялікая роля належала баявым харугвам і бунчукам.
Калі здабыць горад прыступам не ўдавалася, войска пачынала аблогу. Варожыя ўмацаванні абносілі тынам, або будавалі астрог, за якім хаваліся лучнікі. Пад прыкрыццём іх стрэлаў абложнікі падцягвалі камнямётныя машыны — парокі. Камяні з іх (адзін такі снарад, выжыльваючыся, падымалі два чалавекі) ляцелі на паўтара палёта стралы. Камнямёты маглі стаяць і на сценах, што ў тыя часы былі зазвычай драўляныя. Наблізіўшыся да горада, абложнікі завальвалі роў хлудам ды ссечанымі дрэвамі. У зробленых парокамі праломах завязвалася рукапашная. Ваяры лезлі па драбінах угору, адтуль на іх ляцела бярвенне і камяні, лілася гарачая смала.
Праз колькі гадоў пасля выгнання Святаполка на Полацк пайшоў вайною вядомы ў гісторыі Уладзімір Манамах, тады князь чарнігаўскі і смаленскі. Ласы кавалак быў не па зубах, і ў наступным, 1078 годзе Манамах сабраў дружыны ўсіх паўднёвых княстваў, паклікаўшы на падмогу ноўгарадцаў і палавецкую арду. I зноў адно аблізнуўся: Полацк выстаяў. Адступаючы, ворагі палілі і рабавалі полацкія воласці. У бяссілай лютасці яны дазвання знішчылі крывіцкі горад Одрск, які так і не быў адбудаваны.
Усяслаў з Манамахам сутыкнецца яшчэ няраз. Той нападзе з полаўцамі на Менск і не пакіне там «ні чалядзіна, ні скаціны». Будуць і іншыя бітвы, але, калі ўсходнеславянскія князі збяруцца ў 1097 годзе на з’езд у Любечы, каб дамовіцца кожнаму трымаць «вотчину свою», Чарадзей не прыедзе. Ён не меў патрэбы нешта з некім дзяліць: ёсць дзяржава, дзе мірна жывуць хрысціяне і паганцы, ёсць войска, што абароніць княства ад любога ворага.
Читать дальше