Самым буйным прадпрыемствам у горадзе напярэдадні Першай сусветнай вайны будзе лесапільна-бандарны завод з сотняй рабочых. Нашмат адстануць ад яго лесапільня (45 работнікаў), паравы млын і тытунёва-махорачная фабрыка (па 30), цагельня і фабрыка бетонных вырабаў. На запалкавай фабрыцы будуць зарабляць на жыццё 11 пралетарыяў, столькі сама — на заводзе сельтэрскай вады. У дадатак да гэтага Полацк будзе мець тры вадзяныя млыны на Палаце, карлікавыя вінны і цукерачныя заводзікі, дзве мылаварні, маслабойню… А вось чыгунка з яе майстэрнямі дасць заробак без малога тысячы палачанаў.
Едучы ў экіпажы, вы з лёгкім сумам падумаеце і пра сваё блізкае развітанне з горадам. Штодзённымі пасажырскімі цягнікамі ён звязаны з Дзвінскам, Рыгаю, Варшавай, Віцебскам, Масквой, Арлом. Туды ад’язджаюць з Рыжска-Арлоўскага вакзала, а на Невель, Пецярбург, Вільню і Сядлец — з Мікалаеўскага. Праезд у першым класе ў 2,5, аў другім — у 1,5 раза даражэй, чым у вагоне трэцяга класа. (Пуд багажу можна везці задарма.) Калі ахвота праехацца па Дзвіне, дык а трэцяй гадзіне ночы пойдзе параход да Дзвінска, а заўтра ўдзень — да Віцебска. Параходны білет да губернскае сталіцы каштуе ў першым класе 1 руб. 50 кап., у другім — 95 кап.
Вашы думкі будзе займаць і тое, як прабавідь вечар. Можна, вядома, схадзіць у лазню Эцінгофа каля Чырвонага моста альбо ў лазню Рабіновіча на Ніжнепакроўскай. Можна паглядзець у клубе аматарскі спектакль. А можа, лепей выправіцца ў кінематограф? Першы прыватны кінатэатр «Лотас» з залаю на сто месцаў адчыніў дзверы чатыры гады таму. Цяпер замест яго на Віцебскай вуліцы збудаваны «Эдэм», зала якога ўдвая большая. Палачане любяць кіно, і «Эдэм» дае неблагі прыбытак. Яго гаспадар паставіць побач яшчэ адзін кінатэатр — «Калізей», а потым пабудуе крытую летнюю залу. Такім чынам, напярэдадні Першай сусветнай вайны ў горадзе будзе тры кінатэатры.
Не ведаю, як вы, ая дорага даў бы, каб замест усіх гэтых задавальненняў трапіць на пасяджэнне гуртка полацкіх аматараў старасвеччыны, дасціпна апісанага Вацлавам Ластоўскім у «Лабірынтах». Утрымацца ад цытавання проста немагчыма.
«Днём пабываў у Івана Іванавіча, дзе аглядаў цікавыя кахлі і металёвыя бляшкі з раскопак у даўняй княжай сялібе ў Бельчыцах. Пазнаёміўся ў яго з двума ўдзельнікамі, як яны называлі, «Археалагічнай Вольнай Контэрфратэрніі».
Адзін з іх быў мясцовы чыноўнік, абруселы немец, якога я знаў з брашуры, напісанай ім калісь, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкай кар’еры русіфікатарства. У гэтай брашуры ён задаваўся мэтай давесці, што па-расійску трэба пісаць назву горада не «Полоцк», а «Полотск» і што быццам у гэтым перайменаванні старой назовы крыўся сам цэнтр «абрусення краю»…
Другі быў колішні акалічны памешчык, які злажыў гаспадарку, распрадаў зямлю і цяпер жыў у Полацку, у сваім уласным доміку з садам, з гатовага граша. Бацька яго меў нейкія блізкія адносіны да Васільянаў [27] Манахаў-базыльянаў.
, а ён сам цікавіўся галоўна дэманалогіяй, кабалістыкай і г. п. Меў, як зарэкамендаваў мне яго Іван Іванавіч, у сябе «чарнакніжную бібліятэку», якой нікому не паказваў і не даваў чытаць. Знаў ён яўрэйскую мову і любіў час ад часу пайсці ў жыдоўскую сінагогу падыскутаваць.
Вечарам прыбыло яшчэ двое.
Мясцовы полацкі мешчанін Грыгор N., маўклівы, сівавусы старац, які ўпарта гаварыў толькі па-беларуску, а часам прытвараўся, што не разумее некаторых слоў па-расійску, і па некалькі разоў перапытаўшы, паўтараў слова ў перакладзе на беларускую, з асаблівым на яго націскам. Мне яго зарэкамендавалі пад найменнем «Падземны Чалавек», спецыяльнасцю яго было знанне розных легенд аб падзямельных хадах і дзівах, скрытыху іх…
I, урэшце, апошнім учаснікам «Контэрфратэрніі» быў сярэдніх гадоў вучыцель гарадской школы, які цікавіўся галоўна мясцовай гісторыяй да прыняцця хрысціянства крывічамі.
Пазнаёміўшыся, расселіся мы за сталом на выгодных, «клубных крэслах», глыбокіх і мяккіх, з шырокімі поручамі. На стале вясёла шумеў самавар і красавалася бутэлька, запарушаная пылам і плесню, з водкай-старкай. На талерках панадна была параскладана ўсякага гатунку дымляніна: кумпячына, сальцэсона, каўбасы, якія не маюць роўных сабе ў свеце, калі бываюць прыгатаваны паводле старасвецкіх рэцэптаў рукамі беларускіх гаспадарчых кабет.
Читать дальше