У сваіх разважаньнях філёзафы гэльленістычнага веку пераважна зьвярталі ўвагу на праблемы добрых паводзінаў чапавека. З гэтае пары паняцьце этыкі ня зыходзіць з парадку дня ў нашым сьвеце. Шматлікія зь іх думалі: Як адзінка, я зьяўляюся бязрадным. Што павінен я чыніць, пыталіся яны, каб быць шчасьлівым і пэўным у жыцьці? Філёзафы стараліся знайсьці адказ на гэтыя пытаньні. У іхных адказах, якія знаходзім у іхных кнігах адносна этыкі, яны былі аднадумны: мэтаю жыцьця ёсьць добрае жыцьцё, якое складаецца са шчасьця і мужнасьці. Што да шляхоў, вядучых да займеньня добрага жыцьця, узьнікалі разыходжаньні паміж рознымі філязафічнымі школамі. Спасярод ведамых школаў, найболей уплывовымі былі тры: школа эпікурэйцаў, цынікаў (кінікаў) і стоікаў. Школы гэтыя ў вялікай меры ўчынілі свой уплыў на філязафічную думку сьвету і ўплыў гэты спасьцярожным ёсьць. Кажная з гэтых школаў давала іншы адказ на пытаньні, якія людзі ставілі.
Эпікурос, закладчык эпікурэйскае філязафічнае школы, радзіўся ў Атэнах, які навучаў у сваім уласным садзе. Ён прыходзіў да выснаву, што сьвет пабудованы з атамаў, што чалавек не зьяўляецца нічым іншым, як камплексам атамаў, і, што ягонае жыцьцё кіруецца прыпадкавасьцю або здарэньнем. І хоць ён і ўяўляў сабе, што багі маюць людзкую хворму і былі добраслаўленымі і несьмяротнымі, усё-ж ён ня быў тае думкі, што яны маюць нейкае дачыненьне да людзей. З гэтае прычыны, просьбы, ахвяраваньні, чараваньні, як і магія ня маюць ніякага значэньня. Ён ня верыў у несьмяротнасьць чалавека. Найлепшае, што чалавек можа ўчыніць для самога сябе, - навучаў ён, - гэта шуканьне шчасьця на зямлі. Ён разыходзіўся ў сваім уяўленьні з тымі філёзафамі, каторыя ўтрымлівалі пагляд, што шчасьце заключаецца пераважна ў прыемнасьці спажываньня ежы і піцьця. Што праўда, ён згаджаўся, што прыемнасьць знаходзіцца ў памяркоўным спажываньні ежы і піцьці і зьяўляецца няўхільнаю часткаю жыцьця. Аднак, «праз прыемнасьць, - казаў ён, - мы разумеем адсутнасьць болю ў целе і несупакою ў душы. Не бесперапынныя банкеты з піцьцём і гуляньнямі,... ня прыемнасьць спажываньня рыбы і іншае далікатнае ежы на пышна застаўленых сталох, якія маюць даць прыемнае жыцьцё. Не, да шчасьця вядзе цьвярозае разважаньне, шуканьне пры помачы розуму кажнае нагоды (добрага) і абмінаньне (дрэннага), і выганяньне тых паглядаў, пры помачы якіх усхваляваньні атрымліваюць уладу над душамі». Шчасьце і прыемнасьць жыцьця, зноў, могуць быць атрыманымі дарогаю «мудрага, шляхэтнага і справядлівага» жыцьця. Шматлікія грэкі ўспрыймалі навуку Эпікуроса, якая з часам была вызнаванаю многімі рымлянамі. Аднак-жа некаторыя з рымлянаў ламалі і зьіначвалі філязофію Эпікуроса дарогаю нагінаньня яе да нібыто апраўданае змысловае ўцехі жыцьця.
Закладчыкам школы цынікаў быў у 444 г. п.н.з. уроджаны ў Атэнах, Антыстэнэс. У вадной з грамадзкіх заляў у Атэнах, званых гімназыямі, якія ўжывалі сафістыя як і атлеты, ужываў для свае навукі гэтаксама і Антыстэнэс.
Цынікі прыходзілі да перакананьня, што адно мужнасьць учыніць чалавека шчасьлівым. Багацьце, - казалі яны, - часта псуе характар людзей; за гонарамі ганяюцца толькі невукі і глупцы; прыемнасьць ежы і піцьця зьяўляюцца нявартымі паважнае думкі. Мужны чалавек не спадзяецца, каб пры помачы славы, матэрыяльнага багацьця і прыемнасьцяў мог знайсьці сваё неба на зямлі. Многія з цынікаў, пацягнутыя гэткім перакананьнем, пакідалі свае ўласнасьці, ухіляліся ад прыемнасьцяў, апраналіся ў найгоршую вопратку і спалі пад голым небам. Некаторыя зь іх сталіся нават пустэльнікамі, каб паказаць сваю пагарду людзям, якія гоняцца за багацьцем, гонарамі і прыемнасьцямі.
Найболей ведамым вучнем Антыстэнэса быў Дыёгэнэс, народжаны каля 400 г. п.н.з. у Сынопе. Плютарх у сваім творы біяграфічным «Аляксандар» апавядае нам, што аднойчы, у часе грэцкіх атлетычных урачыстасьцяў, Аляксандар Вялікі адведаў Дыёгэнэса, які ў тым часе выграваўся на сонцы. Аляксандар, у довад свае дабразычлівасьці, зьвярнуўся да філёзафа і сказаў, што ён учыніць для яго любую рэч, якую філёзаф толькі зажадае. На гэта Дыёгэнэс адказаў: «Так, ёсьць адна рэч, якую ты можаш учыніць для мяне; адыйдзі набок, бо ты зацямняеш мне сонца».
Адзін з найболей выдатных філёзафаў старажытнае Грэцыі быў Зэнон з абтокі Кіпрос, які навучаў у Атэнах у стоа (з гэтуль назоў стоік) прыблізна пасьля 300 г. п.н.з. Тое, што ён навучаў у сваей школе, ня ёсьць дакладна ведамым. З таго, што ацалела і з цытатаў некаторых ягоных вучняў, і перад усім з цытатаў пазьнейшых старажытных філёзафаў, ягоную навуку можна ўняць наступна: Бог заклаў правы натуры, якія кіруюць сусьветам. Ён утрымліваў пагляд, што шчасьце можа быць асягнутым на шляху веданьня і перасьцераганьня гэтых правоў. Усе рэчы, якія здараюцца з чалавекам, добрыя ці дрэнныя, зьяўляюцца часткаю Божага пляну і павінны быць прынятыя з сілаю духа і стойкасьцю. Для Зэнона недамаганьні цела і ўсе труднасьці штодзеннага жыцьця ня мелі большага значэньня. Стоікі навучалі, што ўсе людзі зьяўляюцца братамі і дзеля гэтага яны павінны памагаць адзін аднаму. Кажнаму чалавку дадзена магчымасьць удзельнічаньня ў жыцьці і ён мусіць удзел свой завяршыць як найляпей паводля сваіх здольнасьцяў. І, калі ён атрымае загад пакінуць жыцьцё, ён павінен пакінуць яго спакойна, без нараканьняў і страху.
Читать дальше