— Цюк-цюк-цюк-цюк-цюк...
Змоўкне на хвіліну і зноў. Гэта бацька наводзіць касу.
Мая бабуля таксама вострыць цаглінай капаніцу. У калгасным садзе яшчэ не выпаланы буракі. Ад гэтых буракоў ва ўсіх аж рукі адвальваюцца.
Бабуля ў мяне малайчына. Ей ужо каля шасцідзесяці, і нішто сабе — як маладая: рухавая, упраўная. Мабыць, таму і называюць яе не па бацьку, а проста так: цёця-Моця. Без яе ні адна справа ні ў сваім, ні ў калгасным агародзе не абыходзіцца: і парніковыя рамы шкліць ды абмазвае, і расаду вырошчвае, і памідоры насынкуе, і грады праполвае, і высадкі малоціць. Людзі здзіўляюцца: адкуль у яе толькі сілы бяруцца?
Твар у бабулі гарбаносы, сухі, валасы густыя і чорныя, вочы зыркія, то насмешлівыя, то калючыя. Яна імі мяне наскрозь бачыць, яна ведае, чым я дыхаю. Вось толькі зубоў у яе мала. Але ўсё роўна хутчэй, чым яна, яблык не згрызеш: дастане з кішэні ножык, шкраб-шкраб-шкраб — і ў рот. Дарэчы, у бабульчынай кішэні нойдзеш не адзін толькі ножык. Там убачыш і новы цнік, і сырамятны раменьчык, і скрутачак медных дроцікаў — што хочаш.
Свой «струмент» бабуля не давярае нікому. Аднойчы бацька сам навастрыў капаніцу наждаком, дык потым бяды не мог абабрацца — не так.
— Ну, глядзі тут, дзеўка. Я пайшла! — крычыць бабуля ў акно, паскрыгатаўшы аб капаніцу цаглінай.
Дзеўка — гэта мая маці. Яна ўжо некалькі год хварэе. Яе і дома лячылі, і клалі ў бальніцу, ды лекі не дапамагалі. Бабуля гаворыць, што маці надарвала сэрца, і новага тут не ўставіш.
Маці, охкаючы, топчацца ля печы, грыміць у парозе вілкамі і качаргой, праклінае цяжкія чыгуны.
Стаміўшыся, яна садзіцца на лаўку, і па яе худых шчоках коцяцца слёзы.
— Мам, чаго ты? — спалохана пытаюся я.
— Спіце, спіце,— схамянаецца маці.— Гэта я так, дзеткі, прыпамятавалася жаласлівае...
Але ўжо не спіцца. Мне вельмі шкада маці, і я сам сабе абяцаю, што буду заўсёды яе слухацца і з заўтрашняга дня буду добра пасвіць кабанчыка і гуляць з Глыжкам. Сёння мне яшчэ нельга. Санька назначыў ваенныя манеўры. Ён цяпер у нас Чапаеў, а я яго Пецька.
Наеўшыся тоўчанай бульбы з малаком, мы з Глыжкам выбягаем з хаты. А тут сонца поўны двор, поўная веска, поўнае неба. На двары ў смецці корпаецца квактуха з куранятамі. Паграбае лапамі, паквохкае, і кураняты трушком да яе. Убачыўшы, што нічога талковага не выкапалася, яны расчаравана разыходзяцца ў бакі. Квактуха сама збянтэжана — павінна ж было штосьці быць! I яна зноў пачыпае грабаць, яшчэ больш старанна.
Кабанчык ужо ўзараў паўдвара — увесь лыч да самых вачэй у зямлі. Ён сустракае нас, як блізкіх прыяцеляў, вясёлым рохканнем:
— Рох-рох-рох! — Кабанчык быццам пытае: што, хлопцы, пойдзем пакапаем мурог на поплаве?
Але больш за ўсё ўзрадаваўся нашаму з'яўленню Жук. Ён аж затанцаваў каля сваей будкі, бразгаючы ланцугом. У яго сабачых вачах нямы папрок: ну і спіце ж вы, як паны! А вось хлеба вынесці, мабыць, забыліся.
Санька налятае на мяне, нібы віхор. Ён як з-пад зямлі вырас: грозны і рашучы. Выгаралыя, кудлатыя валасы тырчаць ва ўсе бакі, а на лбе зноў свежы гуз.
— Ты сядзіш вось тут,— накінуўся ён на мяне,— а хутаране нашу крэпасць на поплаве занялі...
Хутаране — гэта такія ж хлопцы, як і мы, толькі з Хутара. А Хутар — вуліца, што па той бок поплаву.
У нас з імі даўно ідзе жорсткая барацьба. Гэтыя самыя хутаране, якімі верхаводзіць Пецька Смык, нахабна лічаць сябе чырвонымі, а нас белымі. А ўсё якраз паадварот: чырвоныя — гэта мы, белыя — яны. У нас камандзір Чапаеў. Санька не сам гэта прыдумаў. Яго Чапаевым назваў кінамеханік, а цяпер і ўсе людзі так завуць, нават мой бацька. Ён заўсёды смяецца:
— Што, Чапаеў, новы гуз носіш? Ну, нічога, лоб трывалы будзе.
Нам з Санькам вельмі падабалася кіно пра Чапаева. Мы схадзілі за грошы раз-другі, а потым дзе ты іх, гэтых грошай, набярэшся? Вырашылі перахітрыць кіна-механіка. Калі скончыўся першы сеанс, мы залезлі ў куток пад лаўку і сядзім, як мышы пад венікам. Удалося. Мы і ў другі раз, і ў трэці, а на чацвёрты раз...
Мы з Санькам не любім успамінаць, што было на чацвёрты раз. Калі майго сябра выцягнулі з-пад лаўкі, ён сказаў з перапуду:
— Я... я... Ча-ча-паеў...
— Вось я табе дам Чапаеў! — раззлаваўся кінамеханік і вывеў яго з клуба за вуха, а ў калідоры, дзе было процьма народу, аб'явіў:
— Вы бачылі? Ён Чапаеў!
А затым куляй вылецеў і я. 3 таго часу і пайшло пра Саньку. Чапаеў ды Чапаеў. Толькі хто ж за гэта будзе крыўдзіцца?
Асноўныя «ваенныя» падзеі адбываюцца на поплаве. Ён нібы знарок прыдуманы для такой справы. Зараснікі дзядоўніку, крапівы, конскага шчаўя тут такія, хоць ваўкоў ганяй. Гэта дае магчымасць скрытна перасоўвацца нашым «войскам», рабіць засады і хадзіць у разведку.
Читать дальше