Яны прыйшлі сярод дня ў нядзелю. Нягледзячы на нудны, дробны дождж, які імжыў з самай раніцы, я, Санька і іншыя хлапчукі пабеглі паглядзець, што там за яны. Дзядзька Скок казаў, быццам італьянцы любяць, жаб. Бяды ў гэтым вялікай няма. Нам такога дабра не .шкада — няхай ядуць. У нашым раўчаку іх хопіць на ўсю Італію!
Але на жаб італьянцы не кінуліся. Яны строем прайшлі па вуліцы, мінулі раўчак і накіраваліся да царквы. Потым лавіць, напэўна, будуць, калі разыдуцца па хатах.
Нічога асаблівага ў гэтых італьянцах няма. Мундзіры амаль такога ж колеру, як і нямецкія. Здзівілі нас толькі зорачкі, белыя пяцівугольныя зорачкі на пілотках і каўнярах мундзіраў. Гэта нас нават збянтэжыла: зорачкі — і супраць нашых? Свет, аказваецца, не такі просты. Не ўсе ворагі з крыжамі.
Нам спадабаліся іх карабіны. Самыя па нашай сіле: намнога карацейшыя і лягчэйшыя за нямецкія вінтоўкі. А гранаты ў іх, як велікодныя яйкі, расфарбаваныя ў розныя колеры: палавіна — сіняя, палавіна — чырвоная. 3 аднаго канца гузік, каб шморгаць. Словам, нядрэнныя гранаты.
Салдаты ўсе невысокага росту, зато афіцэр, які крочыць перад калонай, нібы пажарная каланча. Шыю выцягнуў, як гусак, і тонкімі нагамі ў бліскучых ботах перабірае. Цот у цот скакун, што быў да вайны ў калгасе.
— Дылда! — сказаў пра яго Санька, і ўсе хлопцы згадзіліся — лепшай мянушкі не прыдумаеш.
Італьянцы раскватараваліся па хатах вакол новай школы. У самой школе ўжо і не пражывеш. У ёй ніводных дзвярэй, ніводнага акна, узадрана драўляная падлога, павыпільваны падмоснікі і бэлькі, на якіх трымалася столь.
На школьным двары спынілася толькі палявая кухня. Повар наліў у катлы вады, насыпаў макарону, спрытна вялікім нажом адкрыў кансервавыя бляшанкі. Па сялу пайшоў мясны пах. Выдумаў, мабыць, дзядзька Скок пра жаб.
Дылда спыніўся на кватэры ў майго дзеда Мікалая. Яму спадабалася, што дзедава хата непадалёку ад шашы і ў гразь не трэба будзе пэцкаць бліскучыя боты.
Дзяншчык, спрытны, каржакаваты салдат, з падводы ў хату бясконца цягае чамаданы, пакункі, скрынкі.
Мы з Санькам таўчомся ў сенцах, спадзеючыся ўбачыць што-небудзь цікавае.
Нарэшце падвода разгружана, на канапе зроблена пасцель. Дылда развесіў па сценах свае манаткі: бінокль, рыпучую папругу з пісталетам, і салдат пачаў збіраць абед.
Да Дылды прыйшлі ў госці два афіцэры, толькі не такія доўгія: адзін з чорнай барадой венікам, а другі зусім яшчэ малады. Яны сядзяць за сталом, п'юць нейкую рудую гарэлку. Дзед кажа — каньяк.
— Напэўна, конская,— зразумеў Санька.— Ёсць жа конскае шчаўе.
Італьянцы махаюць рукамі, штосьці бубняць, а што — не разбярэш. Толькі два словы мы з Санькам разумеем: сеньёр і дучэ. Сеньёр — гэта па-іхняму пан, а дучэ — гэта іхні Гітлер.
У сенцах на стале салдат адкрываў кансервы ды ўсё новыя бутэлькі. Вось ён дастаў нейкую невялікую дзежачку, калупнуў з яе на нож — масла. Лізнуў італьянец нож языком — зморшчыўся. Дзеду пальцам ківае: ідзі паспрабуй.
— Можа атручанае якое? — апасаецца і дзед, але падкруціў свае вусы і таксама лізнуў. Дзед зморшчыўся яшчэ больш за італьянца, нават плюнуў і рот далонню выцер.
— Нікс гут! — сказаў ён чамусьці па-нямецку, а потым ужо па-нашаму дадаў: — Дрэнь, адным словам, скура з языка аблазіць.
Тады салдат калупнуў з другой дзежачкі. Дзед зноў лізнуў, доўга прыслухоўваўся да смаку і сказаў:
— Можна есці.
Італьянец радасна заківаў галавой, аддаў дзеду сапсаванае масла і пачаў штосьці гаварыць і махаць рукамі.
— Ды закапаю, закапаю, не бойся,— зразумеў стары і, праходзячы міма нас на двор, прабурчаў: — Самі баяцца атруціцца, а нам з вамі можна. Мы — не людзі...
Дылдавы госці выжлукцілі сваю конскую гарэлку і пайшлі па хатах. Дылду стала сумна. Заўважыўшы нас з Санькам у парозе, ён паківаў пальцам, каб падышлі.
— Сеньёр Антоніо, — паказаў на сябе Дылда рукой. Мы кіўнулі галовамі: зразумела — Антон.
I тут Дылда ткнуў у Санькаў нос.
— Санька, — працадзіў мой прыяцель.
— Сеньёр Санька,— паправіў яго Дылда і зарагатаў.
Калі Дылдаў палец нацэліўся на мяне, я сам бойка адрапартаваў:
— Сеньёр Іван!
Дылду гэта так спадабалася, што ён аж пасінеў ад смеху. Мне здавалася, што італьянец вось-вось захліпнецца. Як гляне на Санькавы босыя, парэпаныя ногі, дык проста з услона валіцца.
— Сеньёр Санька!
А потым пакажа на мае рудыя, з нямецкага мяшка штаны і за жывот бярэцца.
— Сеньёр Іван.
I тут нас ахапіла злосць: насміхаецца, гад. Відаць, ад гэтай злосці мой прыяцель набраўся храбрасці і пекануў:
Читать дальше