Сашу Перапёлкіна яны пакінулі ў бліжэйшай вёсцы ў надзейных людзей, а потым... Потым пачаўся бой за нашу вёску. Камісара раніла ў галаву, і ён апрытомнеў у бліндажы дзеда Мірона. А полк? Полк іх пайшоў. Ён вернецца.
— Няпраўду гаворыць ваш Няўмыка, няпраўду,— як бы падвёў рахунак усяму сказанаму Аляксандр Карпавіч.— Наша армія змагаецца. Яна вернецца. Не вешайце толькі насы, таварышы камандзіры...
Камісар адкінуўся на падушку, на яго лбе выступілі кроплі поту. Пакуль ён адпачывае, зноў расказваем мы. Два дні назад вярнуўся дамоў з вайны адзін наш падлюбскі дзядзька. Мы яго добра і не ведаем, бо далека жыве. Ведаем толькі, што завуць Палікарпам. Дачулася пра гэта мая маці і пачала прасіць бабулю: схадзі ды схадзі да Палікарпа, можа ён ведае што пра нашага бацьку, можа дзе сустракаў, можа што-небудзь чуў. А сама маці схадзіць не можа. Яна не ўстае з пасцелі.
Бабуля пайшла. Ну і я з ёй.
Палікарп ляжаў на печы. На яго страшна было глядзець, такі схуднолы. Адны маслы ды вочы. Аказваецца, ён не прыйшоў з вайны, а уцёк з палону, з нейкага канатопскага лагера. Тры тыдні шоў, а дадому дайсці не мог, зваліўся дзесьці ў адной вёсцы вёрст за сорак адсюль. Адтуль яго на падводзе прывезлі. Цяпер ляжыць на печы і сам злезці не можа.
Пра майго бацьку Палікарп нічога не ведае.
— Бачыў я яго толькі перад адпраўкай на фронт. Іх полк ранейшым эталонам пайшоў,— паведаміў ён нам з бабуляй.
— А вы майго бацьку не сустракалі? — спытаўся я раптам у камісара.
Той расплюшчыў цяжкія, пасінелыя павекі і доўга ў мяне ўглядаўся.
— А як яго прозвішча?
— Сырцоў.
У мяне заіскрылася надзея.
— Ён такі вось... чубаты,— падказаў я камісару.— На мяне падобны.
— Ну як жа, як жа... Ведаю я твайго бацьку,— сказаў камісар.
— А дзе ён? — загарэўся я.
— Ён у нашым палку служыць. Твой бацька храбры баец. Ён танк нямецкі падбіў.
- А дзе зараз?
- Там, дзе полк. 3 палком пайшоў. Вось фашыстаў разаб'ём, ён і вернецца.
— А мой? — не ўтрымаўся Санька.— Яго прозвішча Макавей. Іванам завуць.
Санькавага бацьку, аказваецца, камісар таксама добра ведае. Ён служыць у тым жа палку, толькі падбіў не танк, а самалёт. Прыцэліўся і — бах з вінтоўкі проста ў бак з бензінам. Самалёт адразу ж і загарэўся. Мне дык аж крыху зайздросна стала. Але, падумаўшы, я супакоіўся. Танк падбіць таксама нядрэнна.
Натхнёныя подзвігамі сваіх бацькоў, мы паведамілі камісару:
— А мы ў партызаны пойдзем!
У нас, па сутнасці, ужо ўсё гатова: мяшкі з сухарамі ёсць, бінт і ёд таксама, патронаў цэлая скрынка. Толькі зручнага моманту чакаем.
Камісар быў першы чалавек, каму ні Санька, ні я не пабаяліся раскрыць тайну. Мы былі ўпэўнены, што ён нас падтрымае, а можа папросіцца і разам з намі. Такога можна ўзяць.
Мне здалося, што камісар чуць-чуць усміхнуўся. Але гэта, відаць, мне толькі здалося, таму што ён сур'ёзна спытаў:
— А зброя ў вас ёсць?
— Зброі ў нас няма,— сказаў я.— Толькі патроны. Гавораць, ёсць вінтоўка ў Колі Бурца, але той нізашто яе не аддасць. Ён нават не прызнаецца, дзе яе хавае. Можа ў вас ёсць лішні наган?
— Не, таварыпіы камандзіры, лішняга няма. А свой я не аддам — не пад'язджайце. I ў партызаны вам яшчэ рана ісці. Пагуляйце, падрасціце крыху.
Добра яму гаварыць — падрасціце. Пакуль будзем расці, усіх фашыстаў паб'юць. Што тады рабіць?
15. КАМІСАР ІДЗЕ НА ЎСХОД
Сёння раніцой мне ад дзеда Мікалая была добрая праборка. Прыйшоў ён да нас, каб паладзіць страху ў хляве, а бабуля яму і паскардзілася, маўляў, Іван ад рук адбіўся. I вось дзед сядзіць каля акна на ўслоне, раз-пораз мацае свае вусы і чытае мне пропаведзь:
— Дык што ж гэта ты, хлопец, га?
Я стаю насупраць і разглядаю свае парэзаныя ногі. На адным вялікім пальцы збіты пазногаць, а другі завязаны анучкай. Скокнуў учора са страхі на разбітую бутэльку.
— Што ж ты маўчыш? Ці размаўляць, можа, са мной не хочаш? — дапытваецца дзед.
Бабуля выцягвае з печы чыгун і падлівае масла ў агонь:
— Даўно палка хадзіла...
Вось тут і пайшло! Калі ён быў такі, як я, дык і ў полі араў, і каня пасвіў, і сеяў, і касіў, і малаціў, і чаго-чаго толькі не рабіў, а не гойсаў днямі чорт ведае дзе. Па-мойму, ён столькі працаваў, што дарослым і рабіць не было чаго. Яны, напэўна, цэлымі днямі білі лынды ды лушчылі гарбузікі.
— Ты чаго ўсміхаешся? — пакрыўдзіўся стары.— Ты забыў, што табе бацька казаў? Забыў?
— Не,— вымавіў я праз сілу.
— Ну дык глядзі ж. Вунь на тваёй шыі брат, маці хворая і баба старая. Хопіць дурніцу ганяць.
Читать дальше