Праца ў сфэры абслугоўваньня часта падобная да працы на заводзе – заробак малы, але каб пражыць акурат да наступнага. Менавіта праз гэта чалавек застаецца там гадамі, бо калі ён атрымае больш грошай, пачне марыць і плянаваць лепшае жыцьцё, лепшую працу, пажадае адкрыць сваю фірму, свой салён, паспрабуе пераехаць, эміграваць… Але гэта нецікава тым, хто займае высокія пасады. Ты мусіш зарабляць столькі, каб хапала на ежу, і баста.
Цырульніку яшчэ ўчора прапаноўвалі пяцьсот эўра… А што, заплюшчыў бы вочы й уявіў бы якуюсь са сваіх любімых італійскіх порнаакторак залатых дзевяностых, тую ж Сэлэну Дэ Росу альбо Моніку Рокафортэ, якія працавалі на легендарнага рэжысёра Марыё Сальеры… Няхай бы стары швэд захлынуўся ягонай спэрмай.
Грошы, грошы, паўсюль грэбаныя грошы, паперкі, якія дыктуюць свае правілы, робяць зь людзей блядзей.
Віталь падняўся з ложка й выправіўся ў прыбіральню, майткі на ягоным целе ледзь трымаліся, парваныя ззаду й перакручаныя празь неспакойны сон.
Пяцьсот эўра, і будзе магчымасьць месяц не працаваць, ня гнуць сьпіну й ногі дзеля мізэрных адсоткаў ад праробленай працы, дзеля няшчасных чаявых, якіх хопіць роўна на хлеб, кільку ў тамаце, дзьве бутэлькі партвэйну, пачак цыгарэт, бутэльку мінэралкі й адкласьці колькі тысяч у тэчку, каб на пачатку новага месяцу заплаціць за кватэру. І ўсё. І гэта вынік ягонага сталеньня. І гэта тое, да чаго ён імкнуўся? Пра што марыў у дзяцінстве? Ах так, ня трэба забывацца на той факт, што ён часам падзарабляе працаю дома са сваімі пастаяннымі кліентамі.
Цырульнік вырашыў, што калі сёньня швэды ізноў прыйдуць, ён, напэўна, трахне іх і за меншыя грошы, яшчэ да таго, як яны пасьпеюць зжэрці свае кантынэнтальныя сьняданкі.
У ружовай рэстарацыі на трэцім паверсе гатэлю, зачыненай для ўсіх, акрамя пастаяльцаў, сёньня насычаны графік: другі дзень запар здымаюць нейкі безгустоўны расейскі сэрыял пра мянтоў… Дзея адбываецца падчас абеду ў пажадана цалкам невядомай для гледача прасторы, галоўныя героі – ён (мяркуючы па ўсім, забойца) і ён (мяркуючы па ўсім, бязьвінны, але чамусьці гэтаму ніхто не дае веры)… Сцэнар тупы й просты – падстава ў забойстве бязьвіннага чалавека… Здымаюць усё ў Менску, бо ў Беларусі зьняць сярэдненькі расейскі фільм альбо сэрыял у пяць разоў таньней, чым у расейскай глыбінцы, дзе кошты накручваюць тоўсты губэрнатар і мясцовы мэнталітэт.
З аднаго боку тут, на здымачнай пляцоўцы, паўсюль адчуваецца эканомія спонсарскіх грошай – ад танных плястыковак і запаранай кавы “Жокей” у тэрмасах да непадрыхтаванага пэрсаналу, а з другога – усе паводзяць сябе, як барчукі са сваім імпэрыялізмам.
Па ўсіх законах эканоміі выпісваць сцэнарыста з Масквы ня сталі, хопіць галоўных актораў, якія абыходзяцца, як цэлы полк масоўкі для ваеннага фільма, таму сцэнарыста шукалі ў Менску. І знайшлі. Галіна Фэліксаўна адпісала сцэнар паводле пляну, як мае быць, выклалася выдатна, хутка, чыста, прафэсійна й на тыдзень раней за тэрмін. Галоўны рэжысёр запрасіў яе на здымачную пляцоўку, трэба было пабачыцца, пагутарыць, пазнаёміцца, расплаціцца… І гэта, як выявілася, было памылкаю ад самага пачатку…
У рэстарацыі зьявілася жанчына невядомага ўзросту ў чорным ваўняным кажуху, у хустцы, з чырвоным тварам, з саплямі на верхняй губе, зь вялікімі чырвонымі вачыма, позірк якіх блукаў па прасторы. Яна зрабіла колькі крокаў у бок апэратара й спынілася каля актораў. Крочыла яна цяжка, хада ў яе была напорыстая, ногі тоўстыя, круглыя, як ружовыя калёны ў рэстарацыі, абутак быў стаптаны й хутчэй нагадваў штосьці самаробнае, спадніца ледзь праглядала чорным краем з-пад кажуха. У адной руцэ жанчына трымала чорную торбу, а ў другой шэрыя варэнкі, якімі час ад часу дакраналася да сьлязьлівых вачэй і носу, зь якога няспынна цяклі зялёна-празрыстыя соплі. Галіна Фэліксаўна – ва ўсёй прыгажосьці й неадэкватнасьці.
Як яна патрапіла ў гатэль, як прайшла праз ахову, як паднялася ў рэстарацыю?! Мэнэджар на гэта даў дабро па тэлефоне. Ён толькі прыйшоў на працу й меў загад пускаць праз цэнтральны ўваход усіх асобаў, якія задзейнічаныя ў працэсе кіназдымкаў, так было прасцей, бо ня трэба выпісваць аднаразовыя пропускі. Таму ахоўнік, вядома, спачатку сумняваўся, што рабіць: даць Галіне Фэліксаўне пад сраку альбо паказаць, дзе ліфт на трэці паверх.
Жанчына крыху пастаяла, перамінаючыся з нагі на нагу, паглядзела, прымружыўшы вочкі, на актораў і апэратара, села за суседні стол і паставіла сваю чорную торбу на пустую талерку. А трэба дадаць, што, акрамя апэратара, двух актораў і асыстэнта рэжысёра, у рэстарацыі было каля трыццаці чалавек масоўкі, якія елі, пілі й гутарылі, а яшчэ гатэльныя афіцыянты, якія побытава падыходзілі да сваіх роляў, і гэта было файна для сэрыяла, так бы мовіць, натуральна, працэс яго стварэньня йшоў поўнаю хадою.
Читать дальше