— А я Юлек. Вось і пазнаёміліся. Вельмі прыемна. Прыходзьце да мяне ў сад часцей. Летам будзе шмат кветак, яблыкаў, груш, ягад...
— Дзякую. Да лета трэба дажыць. Бывайце.
Зосі хацелася застацца адной, бо гора, якое спрабавала ўтапіць з сабою ў сажалцы, прыехала з ёю сюды, у графскі маёнтак Стараволя, і ціснула, не давала спакою. Яна праганяла чорныя думкі, але душа існавала ў прытоенай жалобе.
Гэля атрымала ліст ад бацькі і пачытала яго Зосі. Ён пісаў па-мужчынску коратка, паведамляў галоўныя навіны. Удала прадаў на кірмашы ў Берасці парасят, адсеяліся, з Крачак пабралі хлопцаў у войска. Дзядзька пералічыў усіх, у тым ліку і Гардзея.
Зося, пачуўшы пра Гардзея, са злосцю падумала, няхай бы ён з таго войска не вярнуўся. З гэтаю весткаю зваліўся з Зосінай душы цяжар, бо вінавайца яе граху і ганьбы быў зараз недзе далёка, і гэта разнявольвала яе. Па нядзелях пачала хадзіць на вячоркі, весялілася, скакала, спявала прыпеўкі. На яе звярталі ўвагу, наперабой запрашалі на танцы і свае хлопцы з-пад Жабінкі, і ўкраінцы, і палякі. Той-сёй нават спрабаваў заляцацца, але Зося трымала залётнікаў на адлегласці. Да Юлека ставілася па-сяброўску, бо не адчувала з ягонага боку той жорсткай мужчынскай агрэсіі, якая ішла ад іншых хлопцаў.
Месяцы праз два Зося таксама атрымала з дому ліст. Сядзела на сваім высокім ложку і ўжо трэці раз перачытвала яго. Каця напісала, што ўсё лета працавала нянькаю ў Кобрыне, але не спадабалася гаспадыня, таму пакінула службу. Бацька адзін з цяжкасцю ўпраўляўся па гаспадарцы, навярэдзіў спіну, цэлы тыдзень ляжаў, цяпер падняўся, ходзіць па двары, але пакуль з яго работнік ніякі. Старэйшая сястра звярталася да малодшай так, быццам нічога не здарылася, нібыта прапаноўвала прымірэнне. І Зося прыняла яго, бо іншай радні, акрамя бацькі і Каці, у яе не было.
У пакой забегла ўсхваляваная Гэлька, паклікала Зосю:
— Хадзі хутчэй, паглядзі, маладая графіня прыехала!
За ўвесь той час, пакуль найміты жылі ў маёнтку, яны не бачылі нікога з гаспадароў. Казалі, што стары граф жыў ці ў Парыжы, ці ў Рыме, а ягоная дачка — у Варшаве. Усімі справамі кіравалі аканом, ахмістрыня, пісар і іншыя слугі. Зося ніколі ў жыцці не бачыла жывой графіні, цікаўнасць так авалодала ёю, што саскочыла з ложка і за Гэлькаю пабегла на двор, далучылася да невялікага гурту слуг, што і ў святочны дзень былі занятыя на гаспадарчым двары, даглядалі коней, даілі кароў, кармілі свойскае птаства.
Каля ўвахода ў палац яна ўбачыла самаход з адкрытым верхам, ля якога завіхаўся мужчына ў скураной куртцы, галіфэ і высокіх бліскучых ботах. Маладая жанчына, апранутая ва ўсё чорнае — ад карункавага капялюшыка з шырокімі палямі да доўгай сукенкі, — падымалася на ганак. Пакаёвыя слугі выйшлі ёй насустрач, кланяліся, вітаючы.
— Чаму яна ва ўсім чорным? — спытала Зося.
— Мужа пахавала, — адказала нейкая жанчына.
— І што з ім здарылася?
— Забілі.
— Хто? — яшчэ больш здзівілася Зося.
— Пра гэта нават паліцыя не ведае.
— Напэўна, ён быў вельмі прыгожы?
— Прыгожы, але бедны. Графіня Віслава выйшла замуж без дазволу бацькі, — адказала жанчына і падалася ўперад, каб лепш разгледзець, што адбываецца на ганку.
«Вось як бывае, — з жалем падумала Зося. — І прыгожая, і багатая, а шчасця няма. Чаго мне на лёс наракаць?»
— Якая графіня прыгожая! — ціха, з захапленнем сказала Гэлька.
— Каб цябе так апрануць, мо і ты была б, як графіня, — адказала Зося.
— Пра што ты кажаш? У яе ж тварык, бы з іконы змаляваны...
Зося памаўчала. Яна падумала, што, сапраўды, прыгажосць — рэч важная, але ж усе твары не могуць быць на манер ікон. Кожны чалавек па-свойму нечым прывабны. Галоўнае, каб душу меў спагадную, каб не прымушаў пакутаваць іншых.
Графіня ўвайшла ў палац, за ёю падаліся пакаёвыя слугі. Гэля і Зося селі на лаўку пад ліпаю каля будынка, дзе яны жылі.
— Добра быць графіняю, — сказала Гэля.
— Дзіва што, — адгукнулася Зося.
— Глядзі, твой Юлек з саду ідзе.
— Які ён мой? Нашто мне ён?
— Застанешся ў Польшчы, будзеш паняй.
— Не застануся. Мне іхняя гаворка не падабаецца...
Юлек павітаўся яшчэ здалёк, ён нёс кошык з яблыкамі, такімі спелымі, што яны здаваліся празрыстымі.
— Я да вас. Частуйцеся, калі ласка, — сказаў хлопец, ставячы кошык на лаўку.
— Якая смаката! — усклікнула Гэлька, адкусіўшы сакавітую мякаць.
— Цябе не будуць лаяць за яблыкі? — спытала Зося.
— Гэта ж падалкі. Я іх збіраю і аддаю на гаспадарчы двор. А ці прыйдзе сёння панна Зося на скокі?
Читать дальше