Не дапамагалі ні ўгаворы, ні пагрозы. Спакойны і абыякавы, Роберцік стаяў перад шасцю астранаўтамі.
— Дык ты будзеш працаваць?
— Не.
— Цябе адправяць у разборку.
— Няхай.
— Можа, ты скажаш — чаму?
— Я не хачу заставацца на Фаіс.
— Ды чаму ж?
— Фаіс — нежывая планета.
Ён казаў праўду.
Сход вырашыў паведаміць пра няспраўнасць робата на базу. Па хуткім часе ім адказалі, што новы робат высланы, а Роберціка трэба разабраць на часткі.
Выканаць гэта, аднак, аказалася вельмі цяжка. Усе згаджаліся трываць Роберцікавы капрызы, рамантаваць яго, наладжваць і ўгаворваць, але разабраць?.. Гэта было амаль тое самае, што забіць.
Насуперак усім інструкцыям людзі вырашылі даць Роберціку поўную свабоду дзеянняў. Ён жа не рабіў нічога дрэннага. Трэба было хіба што пільней сачыць за ім, але меры прымаць толькі ў выпадку крайняй патрэбы.
Вестку пра тое, што хутка на Фаіс з'явіцца яшчэ адзін робат, Роберцік сустрэў зусім спакойна. Некалькі сутак ён нерухома сядзеў у цеснай аранжарэі, дзе клімат нагадваў зямны і дзе астранаўты ў вольны час саджалі, палівалі і палолі прывезеныя імі расліны.
— Не сядзі тут, — папярэдзіў Увіс. — Вельмі сыра, і шмат азоту ў паветры, табе гэта шкодзіць.
— Ведаю, — адказаў Роберцік. — Але я павінен быць тут.
Дарэмна спрабаваў Увіс забавіць Роберціка якой-небудзь работай. Роберцік нікуды не выходзіў. А ў тую раніцу, калі Увіс першы раз сустрэў усход сонца адзін, астатнія астранаўты рыхтаваліся прыняць карабель з новым робатам.
— Роберцік, цяпер у цябе будзе сябра, — сказаў Увіс, зазірнуўшы ўвечары ў аранжарэю.
— Мне ўсё роўна.
Увіс хацеў, як заўсёды, праверыць і змазаць робата, але той адмовіўся:
— Не трэба. Табе цяпер хопіць работы з новым. Раскажы лепш яшчэ пра Зямлю. Я паспеў там убачыць так мала… Там шмат такіх вялікіх дрэў, як тыя, што растуць каля касмадрома? Помніш, як я ішоў па сцежцы і ўвесь час спатыкаўся аб карані? Памятаеш? А чаму ты не спатыкаўся і не падаў? Я ўвесь час думаў пра гэта і вось нарэшце зразумеў. Гэта таму, што ты нарадзіўся на Зямлі і ўсё ведаеш загадзя…
Увіс разгубіўся. Каб такое сказаў чалавек — яшчэ зразумела, але робат…
— Праўда, — сказаў ён. — На Зямлі шмат лясоў.
— Чаму ты не жывеш там?
— На Фаіс у мяне работа.
— Хіба на Зямлі яе няма?
— Знайшлася б…
— Тады чаму ты тут?
— Я люблю лётаць, падарожнічаць, бачыць новыя планеты…
— Нават непрыгожыя? Нежывыя?
— Усялякія.
— Не разумею, — сказаў Роберцік і адвярнуўся. Увіс пайшоў. Калі назаўтра раніцай ён убачыў робата, той сядзеў нерухома. Агеньчыкі, што асвятлялі яго твар, патухлі, стрэлкі прыбораў стаялі на нулі, хоць акумулятары, як аказалася, былі зараджаныя. Правая Роберцікава рука была выцягнута да абагравальніка. Увіс нагнуўся і ў жалезнай далоні ўбачыў маленечкі зялёны парастак, малюпасенькую елачку з светлымі, аксамітнымі іголкамі. У жмені быў пясок, і парастак трымаўся ў ім, чапляючыся ледзь бачнымі карэньчыкамі.
* * *
Самым дарагім талісманам, што прывёз на Зямлю доктар трох касмічных навук Увальд, быў невялічкі крышталёвы блок.
Усе дваццаць гадоў, якія прабыў вучоны на розных планетах, станцыях, касмадромах, а потым і ў навуковай групе Цэнтра, Увальд бярог і ўсюды вазіў з сабою гэтую цацку.
Вярнуўшыся на Зямлю, ён пасяліўся ў сваёй лясной хатцы і часта цэлымі днямі блукаў сярод маладых елачак, а вечары бавіў каля каміна. Зрэдку, у нейкія яму аднаму вядомыя дні, Увальд уключаў тэлевізійны запіс.
Крыніцай запісу быў маленькі крышталёвы блок.
Мала хто бачыў гэты запіс.
Сярод астранаўтаў хадзілі чуткі, што ён паказвае нейкую аранжавую планету, вельмі прыгожую і маленькую.
Яе акрывалі зялёныя лясы і квітучыя сады.
Птушкі, звяры і насякомыя на гэтай планеце вельмі нагадвалі зямных.
Рэкі і азёры былі таксама як зямныя.
і ўсяго гэтага там было шмат.
Але больш за ўсё на планеце расло елак.
Увальд нічога не расказваў пра паходжанне гэтага запісу. Аднак яго былыя калегі запэўнівалі, што крышталь — гэта ўсё, што засталося ад блока памяці нейкага разабранага калісьці робата.
Праўда, спецыялісты лічаць, што такой планеты няма і быць не можа. Але іншыя пярэчаць, што ў блоку памяці не можа фіксавацца тое, чаго не існуе ў рэчаіснасці, бо робаты не здольныя ні фантазіраваць, ні марыць.
Нядаўна Увальд завяршыў даследаванне пра здольнасць электроннага мозгу да творчай дзейнасці. Аднак яго высновы пакуль прыняты толькі як гіпотэзы [7] Гіп о тэза — навуковае меркаванне, якое патрабуе праверкі на вопыце, перш чым стаць навуковай тэорыяй.
, бо кожны ведае, што ў робатаў няма ўяўлення.
Читать дальше