Гелiй зрабiў знак санiтару, якi ўвайшоў у клетку i сунуў юнака носам у мiску. Падвопытны пачаў хлябтаць кашу.
- Але гэта звычайны выпадак, - гаварыў далей Гелiй. - Вось цiкавейшыя. У кожнага з падвопытных былi пашкоджаны розныя ўчасткi кары галаўнога мозгу.
Мы праходзiлi мiма клетак, дзе сядзелi мужчыны i жанчыны рознага ўзросту. Шыльдачкi на дзвярах кожнай клеткi з масай тэхнiчных дэталяў паведамлялi, якую аперацыю перанёс чалавек.
- Некаторыя ўчасткi кары забяспечваюць наяўнасць безумоўных рэфлексаў, iншыя - умоўных. Вось, напрыклад, гэты выпадак...
У гэтага "выпадку" аднялi цэлы ўчастак мозгу з патылiчнай вобласцi. Цяпер ён не ўспрымаў нi формы прадметаў, нi аддегласцi памiж iмi, што i прадэманстраваў серыяй беспарадкавых рухаў, калi санiтар наблiзiўся да яго. Ён не мог пераступiць цераз палку на падлозе. А працягнуты няшчаснаму невялiкi яблык палохаў яго так, што ў жаху ён спрабаваў уцячы. Чалавек не мог нават учапiцца за краты i хапаўся пальцамi за пустэчу.
- А вось гэты быў раней цудоўным экземплярам, - падмiгнуў мне шымпанзэ. Нам удалося навучыць яго дзiвосным трукам. Ён ведаў сваё iмя i выконваў некаторыя простыя загады. Спраўляўся ў вопытах з досыць складанымi загадамi i нават умеў карыстацца прымiтыўнымi iнструментамi. А сёння ён не памятае нiчога. Не ведае свайго iмя. Нiчога не ўмее рабiць. Ён стаў сама тупы з усiх нашых паддоследных. Над iм была праведзена найтанчэйшая аперацыя: выдаленне скроневых доляў.
Ад усiх гэтых жахаў, якiя каменцiраваў, грымаснiчаючы, шымпанзэ, сцiскалася сэрца. Перада мною былi людзi, паралiзаваныя часткова цi цалкам, пазбаўленыя зроку. Я ўбачыў маладую жанчыну, якая мела, паводле слоў Гелiя, вельмi развiты мацярынскi iнстынкт - цяпер ён цалкам знiк, бо ёй зрабiлi аперацыю на аснове паўшар'яў. Яна груба адштурхоўвала сваё дзiця кожны раз, калi тое спрабавала падлезцi да яе. Гэта для мяне было ўжо занадта! Я падумаў пра Нову, пра тое, што i яна хутка стане мацi, i кулакi мае сцiснулiся. На шчасце, Гелiй павёў мяне ў iншую залу, i па дарозе я паспеў авалодаць сабою.
- У гэтай зале, - сказаў мне з таямнiчым выглядам шымпанзэ, - мы займаемся эксперыментамi шмат больш складанымi. Тут скальпель саступае месца танчэйшаму iнструменту. Мы раздражняем розныя ўчасткi галаўнога мозгу электрычным токам. Нам удалося дасягнуць адмысловых вынiкаў. А ў вас на Зямлi ставяць такiя вопыты?
- На малпах! - закрычаў я раз'юшана.
Шымпанзэ не пакрыўдзiўся, нават усмiхнуўся.
- Ну, вядома. Аднак я не думаю, каб вы дасягнулi такiх самых поспехаў, як i мы. Я маю на ўвазе эксперымент, якi доктар Карнэлiй хоча паказаць вам сам. А пакуль што прадоўжым знаёмства са звычайнымi вопытамi.
Ён пацягнуў мяне далей мiма клетак, у якiх аперыравалi людзей. Тут падвопытныя ляжалi на сталах. Трэпанацыя чэрапа агаляла тыя цi iншыя ўчасткi мозгу. Пакуль адна малпа сачыла за падачаю наркозу, другая прыкладвала да пульсуючага мозгу электроды.
- Бачыце, - заўважыў Гелiй, - тут мы таксама праводзiм абязбольванне. Праўда, анестэзiя даецца неглыбокая, каб не скажаць вынiкаў, але аб'ект не адчувае нiякага болю.
У залежнасцi ад таго, да якога ўчастка кары дакраналiся электроды, падвопытныя рабiлi розныя рухi, i амаль заўсёды на раздражненне рэагавала якая-небудзь адна частка цела. Першы мужчына пры кожным разрадзе электрычнага току згiнаў левую нагу i адразу ж яе разгiнаў, калi ток перапыняўся. Другi гэтаксама ж згiнаў i разгiнаў руку ў локцi. Трэцi пад уздзеяннем току круцiў усёй рукою ў плечавым суставе. Трохi далей малпы вывучалi функцыi нервовага цэнтра, якi кiруе мускуламi скiвiц. Калi ўключалi ток, падвопытны, зусiм яшчэ малады хлопец, пачынаў жаваць - няспынна, са скрыгатам на зубах, тым часам цела яго заставалася абсалютна нерухомае.
- Паназiрайце, што адбываецца, калi павялiчваць працягласць уздзеяння токам, - сказаў Гелiй. - Вось эксперымент, даведзены да лагiчнага канца.
Аб'ектам эксперыменту была прыгожая дзяўчына, якая нагадвала асобнымi рысамi Нову. Вакол яе голага цела завiхалiся некалькi малпаў, самцоў i самак, у белых халатах. Самка-шымпанзэ з задуменнай мордаю прыладзiла электрод i ўключыла ток. У дзяўчыны адразу ж заварушылiся пальцы левай рукi. Але шымпанзэ не выключыла неўзабаве ток, як у iншых эксперыментах, - вопыт працягваўся. I вось рухi пальцаў паскорылiся, сталi лiхаманкавыя, пасля ўздрыгнула i задрыжала ўся кiсць. Яшчэ праз момант рух дайшоў да пляча i пачаў разлiвацца ўверх, захоплiваючы мускулы твару, i ўнiз, па сцягне, ляжцы, галёнцы, пятцы, пальцах ног. Праз дзесяць хвiлiн увесь левы бок няшчаснай дзяўчыны калацiўся ад канвульсiўных, усё больш частых i моцных спазмаў - i як жудасна было гэта бачыць!
Читать дальше