Зноў пастаяў ля дзвярэй, на секунду заплюшчыў вочы, напружана ўслухоўваўся ў цiшыню, якая панавала звонку. Нiчога падазронага. Адчынiў дзверы, калiдор здаўся мне чорнай прорвай, я зняў цёмныя акуляры i ўбачыў слабае святло лямпаў. Зачынiў дзверы i пайшоў налева, да радыёстанцыi.
Я наблiжаўся да круглай камеры, ва ўсе бакi ад якой, як спiцы ў коле, разыходзiлiся калiдоры. Калi мiнаў нейкi вузкi бакавы праход, скiраваны, здаецца, да душавых, заўважыў вялiкую невыразную постаць, якая амаль растваралася ў паўзмроку.
Я спынiўся як укапаны. З глыбiнi калiдора няспешна, хiстаючыся, iшла вялiзная мурынка. Я заўважыў бляск яе бялкоў i амаль адначасова пачуў мяккае шлёпанне босых ног. Яна была голая, мела толькi жаўтлявую, нiбыта сплеценую з саломы набедраную павязку; вялiзныя грудзi абвiслi, а чорныя рукi былi падобныя на сцягняк звычайнага чалавека; яна прайшла каля мяне нават не зiрнуўшы ў мой бок, i рушыла далей, пахiстваючы клубамi, як у слана, падобная на тыя каменныя выявы, што сустракаюцца часам у антрапалагiчных музеях. Там, дзе калiдор меў паварот, яна знiкла за дзвярыма Гiбарыяна. Адчыняючы дзверы, яна трапiла ў магутны пук святла, якое лiлося з пакоя. Дзверы цiхутка зачынiлiся, i я застаўся адзiн. Правай рукой я схапiў кiсць левай i сцiснуў яе так, што аж косцi затрашчалi. Пасля разгублена азiрнуўся. Што адбываецца? Што гэта было? Я згадаў перасцярогу Снаўта i здрыгануўся як ад удару. Што гэта магло быць? Хто гэтая пачварная Афрадыта? Адкуль яна? Я зрабiў адзiн, толькi адзiн крок да кабiны Гiбарыяна i знерухомеў. Я добра разумеў, што не зайду туды. Расшыранымi ноздрамi я хапаў паветра. Штосьцi было не так, я не мог з нечым пагадзiцца. Ага! Я ж падсвядома чакаў непрыемнага, рэзкага паху поту, але нават тады, калi яна iшла мiма, нiчога не адчуў.
Не ведаю, колькi я прастаяў, абапёршыся на халодны метал сцяны. На Станцыi панавала цiшыня, адзiным жывым пiскам быў далёкi манатонны гул кандыцыянераў.
Я паляпаў сябе па шчоках i паплёўся на радыёстанцыю Калi нацiснуў на клямку, пачуў гучны голас:
- Хто там?
- Гэта я, Кельвiн.
Снаўт сядзеў ля столiка памiж кучай алюмiнiевых пачкаў i пультам перадатчыка i проста з бляшанкi еў мясныя кансервы. Не ведаю, чаму пад жыллё ён выбраў радыёстанцыю. Ашаломлены, я стаяў у дзвярах, гледзячы на яго скiвiцы, якiя жавалi мяса, i раптам адчуў, што я галодны. Я падышоў да палiц, з кучы талерак выбраў менш запыленую i ўсеўся насупраць Снаўта. Нейкi час мы жавалi моўчкi, пасля Снаўт устаў, дастаў з насценнага шкапчыка тэрмас i налiў па шклянцы гарачага булёну. Ставячы тэрмас на падлогу, бо на столiку не было месца, ён спытаўся:
- Ты бачыў Сарторыуса?
- Не. А дзе ён?
- Наверсе.
Наверсе знаходзiлася лабараторыя. Мы зноў замоўклi. Было так цiха, што бляшанкi аж бразгалi ў нашых руках. На радыёстанцыi панавала ноч. Iлюмiнатар быў шчыльна зачынены звонку, пад столлю гарэлi чатыры круглыя свяцiльнiкi. Iх водблiскi трымцелi ў пластыкавым корпусе перадатчыка.
На скулах Снаўта выступiлi чырвоныя жылкi. Ён быў зараз у чорным вялiкiм паношаным свiтэры.
- Што з табой? - спытаўся Снаўт.
- Нiчога. А што можа быць?
- Ты спацеў.
Я рукой выцер лоб. Сапраўды, я аблiваўся потам; гэта, вiдаць, была рэакцыя на ранейшыя ўражаннi. Снаўт пазiраў на мяне. Мо расказаць яму? Я хацеў, каб Снаўт аказаў мне найбольш спрыяння. Хто, супраць каго i якую вёў тут гульню?
- Горача, - прамовiў я. - Я думаў, што клiматызатары ў вас працуюць лепей.
- Праз гадзiну будзе нармальна. А ты ўпэўнены, што ўспацеў толькi ад гарачынi? - Ён пiльна зiрнуў на мяне.
Я старанна жаваў, не выдаючы, што прыкмецiў яго позiрк.
- Што ты думаеш рабiць? - нарэшце спытаўся Снаўт, калi мы закончылi есцi.
Ён кiнуў увесь посуд i пустыя бляшанкi ва ўмывальнiк ля сцяны i зноў сеў у крэсла.
- Далучаюся да вас, - адказаў я флегматычна. - Вы ж маеце нейкi план даследаванняў? Нейкi новы раздражняльнiк, здаецца, рэнтген цi яшчэ нешта.
- Рэнтген? - здзiвiўся Снаўт. - Дзе ты гэта чуў?
- Не помню. Мне нехта сказаў. Мо на "Праметэi". А што? Вы яго ўжо скарыстоўваеце?
- Я не ведаю дэталяў. Гэта была iдэя Гiбарыяна. Ён распачаў разам з Сарторыусам. Але адкуль ты пра гэта ведаеш?
Я пацiснуў плячыма.
- Не ведаеш дэталяў? Ты мусiш быць пад час доследаў, гэта ж уваходзiць у твае абавязкi. - Я не дагаварыў.
Снаўт маўчаў. Пiск кандыцыянера сцiх. Тэмпература была нармальная. У паветры вiсеў толькi несцiханы высокi гук, якi нагадваў мармытанне канаючай мухi. Снаўт устаў, падышоў да пульта кiравання i пачаў бяссэнсава пстрыкаць выключальнiкамi - галоўны рубiльнiк быў адключаны. Праз нейкi час ён прамовiў, не паварочваючы галавы:
Читать дальше