Я зрабiў выгляд, што не разумею яго. Снаўт прымружыў пачырванелыя вочы i нахiлiўся да мяне так блiзка, што я адчуў яго дыханне. Ён зашаптаў:
— Мы загразлi, Кельвiн. З Сарторыусам ужо нельга звязацца, я ведаю толькi тое, што напiсаў табе i што ён сказаў мне пасля нашай цудоўнай канферэнцыi…
— Ён выключыў вiдэафон? — спытаўся я.
— Не, у яго кароткае замыканне. Здаецца, ён зрабiў яго знарок, альбо… Снаўт махнуў кулаком, нiбыта нешта разбiваў.
Я моўчкi пазiраў на яго. Левы куточак яго вуснаў скрывiўся ў непрыемнай усмешцы.
— Кельвiн, я прыйшоў таму… — Ён не дагаварыў. — Што ты хочаш рабiць?
— Ты маеш на ўвазе тое пiсьмо? — паволi прамовiў я. — Зраблю, не маю падстаў адмаўляцца, таму я i сяджу тут, хачу разабрацца…
— Не, — перапынiў ён, — я не пра тое…
— А пра што? — спытаўся я з наўмысным здзiўленнем. — Я слухаю.
— Сарторыус, — прамармытаў ён, — яму здаецца, што ён знайшоў шлях… ведаеш…
Снаўт не спускаў з мяне вачэй. Я сядзеў спакойна, спрабуючы захаваць абыякавы выраз твару.
— Перш за ўсё тая гiсторыя з рэнтгенам. Тое, што рабiў з iм Гiбарыян, памятаеш? Магчыма пэўная мадыфiкацыя…
— Якая?
— У Акiян пасылалi проста пучок прамянёў i мадулявалi толькi iх магутнасць згодна з пэўнымi формуламi.
— Так, я ведаю пра гэта. Нiлiн ужо рабiў так. I многiя iншыя.
— Так, але яны скарыстоўвалi мяккае выпраменьванне. А тут было жорсткае, мы калашмацiлi Акiян як маглi, усёй магутнасцю.
— Могуць быць непрыемнасцi, — зазначыў я. — Парушэнне Канвенцыi Чатырох i ААН.
— Кельвiн… Не прытварайся. Якое гэта мае значэнне цяпер? Гiбарыян жа мёртвы.
— Ага, Сарторыус хоча ўсё звалiць на яго?
— Не ведаю. Я з iм пра гэта не гаварыў. Гэта не мае значэння. Сарторыус мяркуе, раз «госцi» з’яўляюцца тады, калi мы прачынаемся, значыць, Акiян выведвае ў нас рэцэпт вытворчасцi пад час сну. Акiян лiчыць, што сама важны наш стан — сон, i таму паступае iменна так. Сарторыус хоча даслаць яму нашыя думкi, думкi наяве — разумееш?
— Якiм чынам? Па пошце?
— Жарты ты дашлеш асобна, сам. Гэты пучок прамянёў будзе мадулявацца бiятокамi мозга аднаго з нас.
Нарэшце я сёе-тое зразумеў.
— Ага, — сказаў я, — адзiн з нас — гэта я! Так?
— Так. Ён думаў пра цябе.
— Шчыра дзякую.
— Што ты пра гэта скажаш?
Я нiчога не адказаў. Снаўт моўчкi паглядзеў спачатку на захопленую чытаннем Хэры, затым на мяне. Я адчуваў, як кроў адхлынае ад майго твару, але не мог з сабой саўладаць.
— Ну як?.. — спытаўся Снаўт.
Я пацiснуў плячыма.
— Гэтыя рэнтгенаўскiя байкi пра дасканаласць чалавека я лiчу глупствам. I ты таксама. Хiба не так?
— Так.
— Вельмi добра, — прамовiў Снаўт i ўсмiхнуўся, быццам я апраўдаў яго спадзяваннi. — Значыць, ты супраць задумы Сарторыуса?
Я яшчэ не ўсвядомiў, якiм чынам, але ён дамогся свайго — я прачытаў гэта ў яго позiрку. Што я мог яшчэ сказаць?
— Цудоўна, — прамовiў Снаўт. — Ёсць i iншы праект. Перарабiць апарат Роша.
— Анiгiлятар?..
— Ага. Папярэднiя разлiкi ў Сарторыуса ўжо ёсць. Гэта рэальна. I нават не спатрэбiцца вялiкая магутнасць. Устаноўка можа працаваць цэлыя суткi, без абмежавання часу, ствараючы антыполе.
— Па… пачакай! Як гэта, на твой погляд, адбудзецца?
— Вельмi проста. Гэта будзе нейтрыннае антыполе. Звычайная матэрыя застаецца без змяненняў. Знiшчаюцца толькi… нейтрынныя сiстэмы. Разумееш?
Снаўт задаволена ўсмiхаўся. Я сядзеў як аглушаны. Ён перастаў усмiхацца, дапытлiва паглядзеў на мяне, зморшчыў лоб i чакаў.
— Першы праект — «Думка» — адкiдваем. А другi? Сарторыус ужо займаецца iм. Назавём праект «Свабода».
На iмгненне я заплюшчыў вочы. Нечакана прыйшло рашэнне. Снаўт — не фiзiк. Сарторыус выключыў або разбiў вiдэафон. Цудоўна!
— Я назваў бы праект «Бойня»… — паволi прамовiў я.
— Не выдавай сябе за святога. Зараз усё будзе iначай. Нiякiх «гасцей», нiякiх утварэнняў Ф — нiчога. У момант матэрыялiзацыi пачынаецца распад.
— Гэта непаразуменне, — усмiхнуўся я i пакiваў галавой; я спадзяваўся, што мая ўсмешка выглядае натуральна. — Снаўт, гэта не пакуты сумлення, а толькi iнстынкт самазахавання. Я не хачу памiраць.
— Што?..
Снаўт разгубiўся. Ён падазрона паглядаў на мяне. Я дастаў з кiшэнi скамечаны лiст з формуламi.
— Я таксама думаў пра гэта. Ты не верыш? Як вядома, я першы прапанаваў нейтрынную гiпотэзу. Праўда? Паглядзi. Антыполе можна ўзбудзiць. Для звычайнай матэрыi яно не ўяўляе небяспекi. Гэта праўда. Але ў момант дэстабiлiзацыi, калi нейтрынная сiстэма распадаецца, вызваляецца лiшняя энергiя сувязi. Калi на кожны кiлаграм масы, што знаходзiцца ў спакоi, прыпадае 108 эргаў, то на кожнае ўтварэнне Ф — ад 5x108 да 7x108 эргаў. Ты можаш уявiць, што гэта такое? Невялiкi ўранавы выбух унутры Станцыi.
Читать дальше