Вырашальны крок так і не быў зроблены.
— Што там?! — пачуўся голас Масены.
— Зараз! Хвілінку! — адгукнуўся Піркс, перакідваючы вяроўку праз карабін.
Яму трэба было як след разгледзецца. Зноў адхіліўся, на тры чвэрці цяжару павіс на круку, нібы спрабаваў вырваць яго са сцяны, але мусіў абавязкова паглядзець уніз, праверыць…
Так, гэта быў Анэль. Нішто іншае не магло б гэтак блішчаць, ды яшчэ так далёка ўнізе. Дарога ўжо даўно адхілілася ад вертыкалі, і Піркс быў цяпер метраў за трыста ў баку ад месца, з якога яны пачалі ўзыходжанне. Пашукаў якіх-небудзь больш адметных арыенціраў там, унізе. Вяроўка дужа сціскала яго, было непрыемна, адчуваў сябе блага, цяжка стала дыхаць, і кроў стукала ў скронях. Як мог стараўся запомніць прыкметы мясцовасці; той вялізны валун — яго ўдасца пазнаць, хоць зараз ён бачны пад іншым вуглом. Калі нахіліўся назад да сцяны, яго білі дрыжыкі. «Трэба будзе з'язджаць», — сказаў сам сабе і неяк зусім бяздумна ўзяўся за крук, які адразу вырваўся са скалы, нібы сядзеў у масле; яму зрабілася дзіўна, але схаваў крук у кішэню і пачаў разважаць, як яму адсюль выбрацца. Гэта ўдалося, хоць і не зусім гладка: Масена панабіваў на сваім прыпынку столькі крукоў, колькі здолеў, падкараціў вяроўку, а Піркс проста праляцеў метраў з восем каля пліты і павіс; крыху ніжэй была іншая шчыліна і адтуль ужо з'язджалі яны па чарзе; калі Масена спытаў, чаму яны вяртаюцца, Піркс адказаў:
— Я знайшоў яго.
— Анэля?
— Так. Ён упаў. Ляжыць там, унізе.
Спуск заняў не менш як гадзіну; Піркс без жалю расставаўся з крукамі; наогул, гэта было цікавае пачуццё — думаць, што ніколі ўжо не паставяць тут свае нагі ні ён, ні нейкі іншы чалавек, а ў гэтай скале будуць тырчаць кавалкі жалеза, апрацаванага на Зямлі, і што гэта будзе ўжо на стагоддзі — а магчыма, назаўсёды.
Круль падбег да іх, калі яны, стаўшы нагамі на роўнае, зрабілі некалькі няўпэўненых крокаў, нібы адвыклі ад звычайнай хады; Круль здалёк закрычаў, што знайшоў непадалёку кінутыя Анэлем рэактыўныя кабуры; робат зняў іх знарок, перш чым узысці на сцяну, што было яўным доказам яго аберацыі, бо толькі яны ў выпадку падзення маглі яго выратаваць.
Масена, здавалася, наогул не звяртаў увагі на гэтыя адкрыцці Круля — ён не збіраўся хаваць, чаго каштавала яму гэтая дарога; наадварот — дэманстратыўна ўсеўся на валун, шырока расставіў ногі і нібы раскашаваў ад адчування цвёрдага грунту, занадта старанна выціраў хустачкай твар, лоб і шыю.
Піркс сказаў Крулю, што Анэль упаў; праз некалькі хвілін яны пайшлі яго шукаць. Пошукі былі кароткія. Ён падаў сама меней з вышыні трыста метраў. Панцыр яго разляцеўся на кавалкі, металічны чэрап таксама, і яго монакрышталічны мозг стаў дробнымі шклянымі асколкамі, раскіданымі ва ўсе бакі — яны блішчалі на белаватых каменнях нібы слюда. На шчасце, Круль не аказаўся дробязным і не пачаў даказваць, што ўзыходжанне было цалкам непатрэбным. Ён толькі не без задавальнення паўтараў, што Анэль распраграмаваўся — пакінутыя кабуры стоадсоткавы доказ. На Масену ўзыходжанне паўплывала не лепшым чынам; ён не спрабаваў нават пярэчыць, і ўвогуле здавалася, што ён будзе тым больш задаволены, чым хутчэй іх група будзе расфармавана і яны па-добраму расстануцца. Таму вярталіся моўчкі, тым больш што Піркс не лічыў патрэбным дзяліцца з таварышамі сваімі ўражаннямі аб здарэнні. Ён быў перакананы, што Анэль разбіўся не ад непаладкаў, а тое, што адбылося, не мела нічога агульнага з нейкімі монакрышталямі або мнестронамі, бо хіба ж ён, Піркс, таксама «распраграмаваўся», што так настойліва хацеў пакарыць гэтую сцяну? Проста Анэль больш быў падобны на сваіх канструктараў, чым ім гэтага хацелася. Калі ён выконваў сваё заданне, у яго заставалася яшчэ шмат часу — бо ён быў надта кемлівы і акуратны выканаўца. Ён не толькі бачыў, але і разумеў наваколле; ён быў створаны для вырашэння складаных задач, гэта значыць для гульні, а там спатрэбілася гульня не абы-якая — а з найвышэйшай стаўкай. Піркс не мог стрымацца ад усмешкі, калі падумаў пра слепату Круля і Масены; тое, што яны знайшлі свядома адкладзеныя Анэлем рэактыўныя патроны, узялі за доказ — да таго ж цалкам — бяспрэчны, — што робат распраграмаваўся. Але кожны чалавек зрабіў бы менавіта так, у іншым выпадку справа ўвогуле не мела б сэнсу, а ператварылася б у разнавіднасць гімнастыкі. О не, гаворка не пра тое. І ніякія вывады, ураўненні, ніякія крывыя не здолелі б яго пераканаць. Піркса здзіўляла толькі адно — што Анэль не ўпаў раней, бо ён ішоў адзін, без навыкаў, без трэніроўкі — гэтага ён не ведаў, бо яго стваралі не дзеля таго, каб ён змагаўся са скаламі. Што было б, калі б ён вярнуўся? Піркс зноў, невядома чаму, быў перакананы, што яны ніколі не даведаліся б пра гэта. Ва ўсякім разе ад Анэля. А ў тым месцы, не маючы ні крукоў, ні напарніка, а можа, нават не ведаючы пра іх існаванне наогул, ён адважыўся скокнуць. Што ён тады думаў? Напэўна, нічога, як і сам Піркс. Ці дакрануўся ён, хоць на імгненне, да краю расколіны? Калі так, то там павінен застацца след, шчопці радыеактыўных атамаў, якія будуць пакрысе распадацца, аж пакуль не выпарацца і не знікнуць.
Читать дальше