Прачнуўся ён рана, і невядома чаму першае, аб чым падумаў, было тое, што сціх вецер. Пасля ўспомніў Анэля і свае развагі перад сном; яго крыху занепакоіла, як падобнае наогул магло прыйсці яму ў галаву. Яшчэ колькі хвілін ён паляжаў, пакуль не прыйшоў да супакойвальнай высновы, што тыя перадсонныя, невыразныя вобразы наведалі яго не наяве, але — насуперак сну, які сніцца сам, — вымагалі нязначнай, амаль без удзелу свядомасці яго дапамогі. Такія псіхалагічныя развагі былі яму невядомыя, таму ён дзівіўся, навошта забівае імі галаву, крыху прыўстаў на локці і прыслухаўся: панавала абсалютная цішыня. Адсунуў штору на маленькім акенцы ля галавы. Праз мутнае шкло ўбачыў ранішні змрок і толькі тады зразумеў, што давядзецца ісці ў горы. Саскочыў з ложка, каб зазірнуць у агульны пакой. Робата не было. Тыя два ўжо ўставалі. За снеданнем Круль між іншым, нібы гэта было вырашана яшчэ ўчора, заўважыў, што яны мусяць выйсці неадкладна, бо надвячоркам прыбудзе «Ампер», а зборка барака і пакаванне рэчаў зоймуць сама малое паўтары гадзіны, калі не болей. І сказаў аб гэтым знарок такім тонам, каб не было зразумела, ці то трэба ісці галоўным чынам з-за недахопу дадзеных, ці то з-за Анэля.
Піркс еў за трох, але моўчкі. Калі астатнія яшчэ дапівалі каву, ён устаў, пакорпаўся ў сваім мяшку і дастаў маток белай нейлонавай вяроўкі, малаток і крукі. Падумаў і дадаў да рукзака яшчэ альпінісцкія чаравікі — на ўсякі выпадак.
Выйшлі на двор, калі толькі пачынала шарэць. На бясколерным небе зорак ужо не было відаць. Цяжкая фіялетавая шэрань на зямлі, на тварах, у самім паветры была нерухомая і марозная, горы на поўначы здаваліся чорнай масай, застылай у цемры, а паўднёвы хрыбет, той, што быў бліжэй, стаяў нібы высветленая зверху невыразная маска з яркай паласой аранжавага святла над вяршынямі. Гэты водбліск, далёкі і нерэальны, рабіў бачнымі ў паветры клубы пары, што вырывалася з вуснаў трох чалавек. Хоць атмасфера была больш разрэджанай, чым на Зямлі, дыхалася лёгка. Прыпыніліся на краі раўніны. Астраўкі травы, што цямнелі ў змешаным паўзмроку знікаючай ночы і напаўзаючага з-за гор дня, засталіся ззаду. Перад імі раскінулася ледніковая марэна, кучы камення, здавалася, прасвечвалі праз ваду, якая рухалася. Яшчэ колькі сот метраў уверх — і з'явіўся вецер; ён налятаў кароткімі парывамі. Людзі крочылі, лёгка пераскоквалі праз невялікія камяні, падымаліся на вялікія; часам скальная пліта суха стукалася аб іншую, часам кавалачак каменя выстрэльваў з-пад чаравіка і каціўся па схіле пад акампанемент каменнага розгаласу, нібыта ўнізе нехта прачынаўся. Часам рыпеў наплечны рэмень, скрыгаталі падкоўкі на чаравіках; гэтыя скупыя гукі надавалі паходу бачнасць згоды і дакладнасці, нібы рухалася з'яднаная адзіным імкненнем альпінісцкая група. Піркс ішоў другі за Масенай. Было ўсё яшчэ надта цёмна, каб як след разгледзець рэльеф далёкіх схілаў; Піркс напружана ўглядваўся ўдалечыню, раз і другі не надта ўдала ступіў нагой, аднак усё ж углядваўся, нібы хацеў уцячы не толькі ад тых, хто быў побач, але і ад самога сябе, ад сваіх разваг. Ён зусім не думаў пра Анэля, а толькі механічна шнарыў поглядам па тых завалах спрадвечных скал, якія застылі ў поўнай абыякавасці, дзе толькі ўяўленне чалавека магло ўбачыць пагрозу і выклік.
Планета мела добра прыкметныя поры года. Экспедыцыя прыбыла ў канцы лета, а зараз горная восень, уся ў чырвані і жаўцізне, ужо згасала ў далінах, але, нібы не зважаючы на лісце, што імчала ў пеністых горных патоках, сонца было ўсё яшчэ цёплае і ў бязвоблачныя дні на гэтым пласкагор'і нават прыпякала. Толькі туманы штораз гусцелі і напаміналі аб набліжэнні снегу і маразоў. Але тады на планеце не павінна было заставацца ўжо нікога; і гэта збялелая каменная пустыня, якую ўявіў сабе Піркс, раптам здалася яму асабліва жаданай.
Здавалася, убачыць зрокам, што цемра радзее, было немагчыма, аднак з кожнай хвілінай позірк адкрываў усё новыя абрысы наваколля. Неба ўжо зусім збялела — яшчэ не дзень, але ўжо і не ноч, ніякіх зорак, дзень пачынаўся так чыста і спакойна, нібы ўвесь ён быў схаваны ў шар з ахалоджанага шкла. Крыху вышэй яны трапілі ў паласу малочнага туману, які чапляўся гнуткімі шчупальцамі за грунт, а калі мінулі яго, Піркс заўважыў яшчэ не асветленую сонцам, але прыкметную ўжо ў ранішнім святле мэту іхняга шляху. Гэта быў скалісты слуп, які прымыкаў да галоўнага горнага ланцуга, а над гэтым слупам, некалькі сот метраў вышэй, чарнела двухгаловая вяршыня, сама высокая з усіх. На падобнай на булаву вяршыні гэтага слупа Анэлю патрэбна было зрабіць апошнія замеры. Дарога ў абодва канцы была лёгкая — ніякіх неспадзевак, шчылін, нічога, акрамя аднастайнага шэрага асыпку, дзе-нідзе перасечанага палосамі цвілі зеленавата-жоўтага колеру. Піркс усё яшчэ лёгка пераскокваў з адных гулкіх валуноў на другія, упіраўся ў зусім чорную на фоне неба сцяну і, можа, таму, што ні аб чым іншым не хацеў думаць, уявіў сабе, што гэта звычайнае ўзыходжанне, як і на Зямлі. І адразу ж іншымі вачыма ўбачыў скалы — сапраўды, можна было падумаць, што мэтай іх экспедыцыі было пакарэнне вяршыні, калі яны ідуць проста да хрыбта, які цяжка выступае з масы асыпку. Асыпак уздымаўся ля сцяны на адну трэць яе вышыні і канчаўся там навалам заклінаваных пліт, а ўжо адтуль вялізная плоскасць ішла ўгару; яна нібы застыла, ускінуўшыся ў неба; нейкіх сто метраў вышэй сцяну пераразала іншая горная парода — гэта выходзіў на паверхню дыябаз — чырванаваты, святлейшы за граніт, ён стужкай неаднолькавай шырыні наўскасяк працінаў усё крыло абрыву.
Читать дальше