— З ворагамі?
Карнэлій адвёў вочы. Значыцца, я зразумеў правільна: мяне разглядалі як пагрозу малпавай расе. І ўсё ж было радасна, што ў асобе Карнэлія ў мяне ёсць калі не сябар, дык саюзнік. Відаць, Зіра бараніла мяне нашмат больш горача, чым я думаў, а Карнэлій не пасмее пайсці супраць яе ні ў чым. Вось і цяпер ён дазволіў мне наведаць Нову, вядома, употайкі.
Зіра правяла мяне ў маленькую ізаляваную хацінку, ключы ад якой былі толькі ў яе. Мы ўвайшлі ў невялічкі пакой. У ім стаялі тры клеткі, дзве былі пустыя. Трэцюю клетку займала Нова. Яна пачула, як мы ўваходзілі, і інстынктыўна ўгадала, што і я тут, бо, яшчэ не ўбачыўшы нас, ускочыла і працягнула мне насустрач рукі. Я таксама працягнуў да яе рукі, пацёрся тварам аб яе твар. Зіра пагардліва паціснула плячыма, аднак дала мне ключ ад клеткі, а сама адправілася ў калідор пільнаваць, каб сюды не прыйшоў хто іншы. Якое добрае сэрца ў гэтай шымпанзэ! Нам так трэба было цяпер выказацца адно перад адным!
Выказацца… Я забыўся пра тое, што ўяўляла сабою Нова.
Але ўсё-такі, увайшоўшы ў клетку і абняўшы Нову, я загаварыў з ёю, нібыта яна магла мяне зразумець, як загаварыў бы, напрыклад, з Зіраю.
Няўжо яна нічога не разумела? Няўжо ў яе не было нават прадчування тае вялікае місіі, якая выпала на нашу долю і за якую яна адгэтуль таксама была адказная?
Я расцягнуўся побач з Новаю на саломе, каб асцярожна намацаць дзіця нашага незвычайнага кахання. Мне здалося, што цяжарнасць абудзіла ў Нове пачуцце ўласнае годнасці, сваёй індывідуальнасці, якога ў яе раней не было. Калі я дакрануўся рукою да яе жывата, яна задрыжала. Але, я не памыліўся, погляд яе стаў больш напружаны, асэнсаваны. І раптам яна з цяжкасцю, па складах вымавіла маё імя — значыцца, не забылася на мае ўрокі! Мяне захліснула гарачая хваля радасці. Але вочы Новы адразу ж страцілі сваю жывасць, яна павярнулася да мяне спінаю і пачала ўплятаць прынесеную мною садавіну.
Вярнулася Зіра: нам трэба было ўжо развітвацца. Я выйшаў разам з ёю. Відаць, адчуўшы мой адчай, Зіра вырашыла правесці мяне да маёй кватэры. І тут, у сябе дома, я заплакаў, бы хлопчык.
— О Зіра, Зіра! — усхліпваў я.
Яна супакойвала мяне і суцяшала, нібыта маці свайго дзіцёнка, а я жаліўся ёй і гаварыў, гаварыў, нічога не тоячы, адкрываючы ўсе свае пачуцці і думкі, якіх Нова не магла ацаніць.
О цудоўная шымпанзэ! Дзякуючы ёй я апошнім часам мог досыць часта бачыцца з Новаю ўпотайкі ад інстытуцкага кіраўніцтва. Я праседжваў побач з ёю цэлымі гадзінамі, прагна лавіў у яе позірку кожную іскрынку думкі, і гэтак, у чаканні нараджэння дзіцяці праходзілі тыдні.
Аднаго разу Карнэлій усё ж рашыўся паказаць мне энцэфалічнае аддзяленне, пра якое расказваў дзівосы. Загадзя папрасіўшы прабачэння, што не зможа суправаджаць мяне з-за тэрміновай працы, ён пазнаёміў мяне з загадчыкам аддзялення, тым самым геніяльным маладым шымпанзэ па імені Гелій.
— Я вярнуся праз гадзіну, — сказаў Карнэлій, — каб паказаць вам сама выдатны з нашых эксперыментаў, той, які дае нам новыя доказы, пра якія я вам казаў. А пакуль што, думаю, вам будзе цікава пазнаёміцца з класічнымі вопытамі.
Гелій павёў мяне за сабою ў вялікую залу з двума радамі клетак, падобную на ўсе аналагічныя памяшканні інстытута. Але толькі я ўвайшоў, як мне адразу ж ударыў у нос рэзкі аптэчны пах — ён нагадаў мне пах хлараформу. Як выявілася, гэта і праўда быў нейкі анестэзійны сродак. Мой гід растлумачыў мне, што цяпер усе хірургічныя аперацыі праводзяцца пад наркозам. Ён падкрэсліваў гэтую дэталь, бо лічыў яе доказам высокага развіцця малпавай цывілізацыі, якая імкнецца пазбавіць ад любых залішніх пакут нават падвопытных людзей. Маўляў, я магу быць спакойны!
Але адчуваў я сябе не надта спакойна. І зусім ужо расхваляваўся, калі на заканчэнне сваіх уводзін Гелій прызнаў, што з гэтага гуманнага правіла ўсё ж робяць выключэнні, каб вывучыць менавіта механізм пакуты і лакалізаваць яе нервовыя цэнтры. Але дэманстраваць мне такія вопыты ў той дзень ён не збіраўся.
Падобнае прызнанне не магло не абвострыць яшчэ больш маю чуллівасць. Я згадаў, як настойліва адгаворвала мяне Зіра ад наведвання гэтага аддзялення, куды яна сама заходзіла толькі ў выпадку неабходнасці. І хацеў ужо быў павярнуць назад пад якімсьці праўдзівым прэтэкстам, але Гелій апярэдзіў мяне.
— Калі хочаце, — прапанаваў ён, — можаце прысутнічаць пры аперацыі. Вы самі пераканаецеся, што падвопытны не адчувае болю. Не хочаце? У такім разе я пакажу вам вынікі эксперыментаў.
Читать дальше