Згадваючы гэта, я з горыччу адчуваў, як па ўжо выпрацаванай адваротнай сувязі, дзякуючы якой удзельнікі зямных падзей набывалі ў маім усведамленні знешнасць гарыл ці арангутанаў, цяпер гэты звар'яцелы натоўп малпаў паўставаў перада мною ў чалавечым абліччы. Гэта людзі рыкалі, гаўкалі і хапаліся за канцы вяровак, каб, разгойдаўшыся, найхутчэй дасягнуць другога канца залы. Усё новыя і новыя падрабязнасці гэтае сцэны мільгацелі ў маёй разгарачанай памяці. Згадваю, як пасля доўгіх назіранняў мне ўдалося выявіць некаторыя дэталі, якія падказвалі, што ўся гэтая дзікая мітусня мае ўсё ж дачыненне да разумнай дзейнасці. Сярод звярынага рыку праслізгвала іншы раз зразумелае слова. Самец-гарыла на высачэзным памосце раз-пораз, не перапыняючы істэрычнай жэстыкуляцыі, хапаў нагою кавалак крэйды і пісаў на дошцы лічбу, якая мела, напэўна, нейкае значэнне. Ён таксама згадваўся мне цяпер у чалавечым абліччы.
Мне ўдалося пазбавіцца ад гэтага навязлівага ўспаміну, адно вярнуўшыся да сваёй тэорыі паходжання малпавай цывілізацыі. Відавочнае падабенства фінансістаў Зямлі і Сароры толькі пацвярджала мае меркаванні.
Самалёт пайшоў на пасадку. Я зноў быў у сталіцы. Зіра прыйшла ў аэрапорт сустрэць мяне. Яшчэ здалёк я заўважыў яе студэнцкі, ссунуты на вуха каўпачок і шчыра ўзрадаваўся. І калі пасля ўсякіх таможных фармальнасцей яна апынулася перада мною, я ледзьве стрымаўся, каб не абняць яе.
Амаль цэлы месяц пасля вяртання я праваляўся ў ложку, заразіўшыся, напэўна, нечым на раскопках. Хвароба мая выяўлялася ў раптоўных скачках тэмпературы і была падобная на малярыю. Я не адчуваў фізічнага болю, але розум мой быў нібыта ў агні: я бясконца перабіраў у памяці ўсе факты, якія прывялі мяне да разгадкі страшнае тайны. Не заставалася ніякіх сумненняў, што задоўга да малпінай эры на Сароры існавала чалавечая цывілізацыя, і гэтая думка ап'яняла мяне і палохала.
Аднак, колькі я ні разважаў, так і не паставіўся адназначна да гэтага адкрыцця, адчуваючы і гонар, і найглыбейшае прыніжэнне. Гонар — бо малпы ўсё-такі нічога не вынайшлі і апынуліся ўрэшце звычайнымі імітатарамі. Прыніжэнне — бо яны здолелі гэтак лёгка засвоіць чалавечую культуру.
Як жа гэта магло здарыцца? У трызненні я няспынна задаваў сабе гэтае пытанне. Натуральна, усе цывілізацыі, і нашая таксама, ведаем мы даўно, рана ці позна адміраюць, і ўсё ж такое бясследнае знікненне чалавечай цывілізацыі на Сароры прыгнятае розум. Што было прычынаю гэтага знікнення? Раптоўная гібель? Катаклізм? Або павольная дэградацыя людзей і паступовае развіццё малпаў? Я схіляюся да апошняй гіпотэзы і знаходжу надзвычай характэрныя прыкметы такой эвалюцыі ў сучасным жыцці і занятках малпаў.
Узяць хоць бы тое велізарнае значэнне, якое яны надаюць фізіялагічным даследаванням. Дык вось, цяпер я пачынаю разумець, чаму яны гэта робяць! У глыбокай старажытнасці многія малпы служылі чалавеку аб'ектамі доследаў у розных лабараторыях, як і ў нас. І менавіта гэтыя малпы ўзялі ў свае рукі паходню і павялі наперад астатніх, менавіта яны сталі застрэльшчыкамі рэвалюцыі. І яны, натуральна, пачалі з пераймання сваіх гаспадароў, іх жэстаў і ўчынкаў. А былі іхнімі гаспадарамі біёлагі, фізіёлагі, медыкі, санітары, вартаўнікі. Адсюль і такая незвычайная схільнасць да фізіялагічных даследаванняў, якая захавалася да сённяшніх дзён.
А які ж тады быў лёс у людзей?
Хопіць думаць пра малпаў! Вось ужо два месяцы, як я не бачыў маіх былых таварышаў па зняволенні, маіх чалавечых братоў. Сёння я адчуваю сябе лепш. Мяне больш не калоціць ад ліхаманкі. Учора я ўжо сказаў Зіры — яна даглядала мяне ў час хваробы, як родная сястра, — сказаў ёй, што хацеў бы распачаць сваю працу ў аддзяленні. Мне здалося, гэта не надта яе ўзрадавала, але пярэчыць яна не стала.
Час наведаць маіх падапечных.
І вось я зноў у зале з клеткамі. Дзіўнае хваляванне агортвае мяне яшчэ ля дзвярэй. Я бачу цяпер гэтых людзей зусім іншымі вачыма. Перш чым увайсці да іх, я з тугою пытаюся ў сябе: а ці ж пазнаюць яны мяне праз два месяцы? І яны пазналі! Усе позіркі звярнуліся да мяне, як і раней і нават… з нейкай пачцівасцю, ці што? Мне здаецца, яны глядзяць на мяне па-новаму, зусім не так, як на сваіх вартаўнікоў. Не, напэўна, гэта мне хочацца, каб яны глядзелі так на мяне. І ўсё ж такі я ўжо бачу ў іх вачах іскрынкі цікаўнасці, незвычайнае хваляванне, цені старажытных успамінаў, якія імкнуцца пераадолець жывёльную тупасць, бачу, можа, нават… цьмяны бляск надзеі.
Читать дальше