Я віншаваў сябе, радаваўся за сваю здагадлівасць, але трэба было яшчэ паказаць, што я ўсё зразумеў. Калі мой вартаўнік, пакончыўшы са сваім радам клетак, пайшоў назад, я пастараўся ўсімі магчымымі спосабамі звярнуць на сябе яго ўвагу. Я стукаў па прэнтах клеткі, паказваў на свой рот, размахваючы рукамі, пакуль ён не зрабіў нарэшце ласку і не паўтарыў свой вопыт. І тады, пасля першага ж свісту, яшчэ да таго, як ён паказаў мне банан, я стаў пускаць сліну — з усяе сілы, поўны лютасці і адчаю. Я, Уліс Меру, старанна пускаў сліну, быццам ад гэтага залежала маё жыццё, — гэтак хацелася мне паказаць маю кемлівасць!
Вартаўнік быў вельмі ўражаны. Ён паклікаў напарніка, і яны доўга раіліся, як і ўчора. Няцяжка было здагадацца, пра што гавораць гэтыя тугадумы: вось чалавек, у якога толькі што не было ніякіх рэфлексаў, і раптам адразу ж выпрацаваўся ўмоўны рэфлекс, дзеля замацавання якога ў іншых падвопытных патрабуецца багата часу і цярпення! Мне было шкада гэтых прасцякоў. З іх слабым розумам яны былі проста няздольныя прыйсці да адзіна слушнай высновы: падобны прагрэс можна растлумачыць толькі наяўнасцю ў падвопытнага свядомасці. Я быў упэўнены, што Зіра на іх месцы была б больш здагадлівая.
Аднак уся мая мудрасць і залішняя стараннасць прывялі зусім не да тых вынікаў, на якія я спадзяваўся. Гарылы пайшлі, так і не даўшы мне банана — мой вартаўнік сам зжаваў яго на хаду. Навошта было яму аддаваць яго мне, калі мэта вопыту была ўжо дасягнута і без узнагароды!
Назаўтра гарылы вярнуліся з новымі прыстасаваннямі. Адна несла ў руках званочак, другая каціла перад сабою вазок, на якім быў усталяваны нейкі апарат, падобны з выгляду на магнета. Гэтым разам, загадзя ведаючы, якія вопыты збіраюцца з намі праводзіць, я здагадаўся пра назначэнне гэтых прадметаў яшчэ да таго, як гарылы пусцілі іх у ход.
Пачалі яны з суседа Новы, здаравеннага хлопца з надзіва тупым позіркам. Ён стаяў ля кратаў, схапіўшыся за іх рукамі, як гэта рабілі цяпер усе мы, калі з'яўляліся вартаўнікі. Першая гарыла пачала званіць у званочак, а другая тым часам далучала правады ад магнета да кратаў. Калі званочак празваніў досыць доўга, другі вартаўнік крутануў ручку магнета. Чалавек адразу ж адскочыў ад кратаў, жаласна галосячы.
Гарылы паўтаралі гэтую аперацыю над адным і тым самым падвопытным шмат разоў, завабліваючы чалавека да кратаў якой-небудзь садавінаю. Мэта вопыту зноў жа была мне вядомая: выпрацаваць у падвопытнага ўмоўны рэфлекс, каб ён адскокваў ад кратаў, пачуўшы званочак, да таго, як адчуе электрычны ўдар. Але ў той дзень дамагчыся вынікаў ім не ўдалося: псіхіка ў хлопца была вельмі ўжо неразвітая, і ён ніяк не мог адчуць сувязь паміж прычынаю і следствам.
Я чакаў сваёй чаргі, ціха пасмейваючыся сам сабе: мне не цярпелася прадэманстраваць ім розніцу паміж інстынктам і розумам. Ледзь толькі званочак зазвінеў, як я хутка адняў рукі ад кратаў і адступіў у глыбіню клеткі. Пры гэтым я глядзеў на вартаўнікоў і насмешліва падміргваў. Гарылы нахмурыліся. Яны ўжо не смяяліся з мяне. Здавалася, яны ўпершыню пачалі падазраваць, што гэта я смяюся з іх.
Аднак яны ўсё-такі вырашылі працягваць вопыт, як раптам з'явілася група наведнікаў.
Паміж клеткамі ішлі трое: шымпанзэ Зіра і дзве малпы, адна з якіх была, напэўна, высокім начальствам.
Гэта быў самец-арангутан — першы арангутан, убачаны мною на Сароры. Меншы ростам за гарылу, ён быў шмат больш згорблены. У яго былі такія доўгія рукі, што, ідучы, ён часта абапіраўся на костачкі сагнутых пальцаў — іншыя малпы рабілі гэта вельмі рэдка. Стваралася дзіўнае ўражанне, быццам ён крочыць, абапіраючыся на дзве кульбы. Яго ўцягнутая ў плечы галава была ў доўгіх пасмах рыжай поўсці, а на пысу старога педанта быў наўмысна напушчаны глыбакадумны выраз. Усім сваім абліччам гэты арангутан нагадваў старога пачцівага святара. Дый гарнітур у яго відавочна адрозніваўся ад тых, у якія былі адзетыя астатнія малпы: на ім быў даўно не чышчаны даўгакрылы рэдынгот чорнага колеру з пурпуроваю зоркай на штрыфлі і такія ж нячышчаныя, усе ў пыле чорныя штаны ў белую палоску. За арангутанам дробненька тупала маленькая самачка-шымпанзэ з тоўстай папкаю. Па яе паводзінах можна было меркаваць, што яна — арангутанава сакратарка.
Я думаю, чытача ўжо не здзіўляе, што я на кожным кроку адзначаю асаблівасці паводзін малпаў і выразы іх твараў. Клянуся, любы разумны чалавек на маім месцы прыняў бы гэтую парачку за высокашаноўнага вучонага і яго сціплую сакратарку. Іх з'яўленне дало мне магчымасць лішні раз пераканацца, што сярод малпаў існуе строгая іерархія. Зіра звярталася да свайго патрона з відавочнай павагаю. Вартаўнікі-гарылы, ледзь заўважыўшы арангутана, кінуліся яму насустрач, кланяючыся ці не да самае падлогі. У адказ арангутан зычліва махнуў ім лапаю.
Читать дальше