- Зразумеў, мсье.
- Дык вось, Жуль: людзi прыходзяць сюды не проста купiць хлеба. Канечне, на шыльдзе над маiм акном сказана: "П'ер Траба, пекар". Але гэта, як i належыць, усяго толькi сцiпласць. Бо што вылучае майстра, што для яго характэрна? Сцiпласць!
- Так, мсье Траба.
- Я толькi адчыню печ, па ўсёй вулiцы паплыве дух гарачага хлеба, - i ўжо з усiх бакоў да мяне спяшаюцца людзi са сваiмi кашолкамi. А ведаеш чаму, Жуль? Таму, што яны маюць цудоўны густ i iх ажно нудзiць ад гэтых сырых цаглiн, якiя выдае электрычная пякарня. I яны iдуць сюды купiць плён майго майстэрства. Праўду я кажу?
- Праўду, мсье.
- Тады радуйся: у свой час i ты станеш майстрам. А пакуль што забудземся на зоркi: яны не для нас з табою.
Тут Траба ўстаў з меха i пачаў пасыпаць ацынкаваны стол мукою.
Жуль моўчкi пазiраў на дзверцы печы: там унутры штосьцi гуло, трашчала, сiпела. Пах ад палаючых хваёвых дроў напоўнiў пякарню i заструменiў па вулiцы. Праз нейкi час Жуль адчынiў дзверцы, i ў твар яму дыхнула гарачынёй, раз'юшанай i ўдушлiвай, як полымя, што вырываецца з ракеты.
Неба, неба, я прайду з краю ў край, я прайду з краю ў край неба, неба...
Палкоўнiк Пiне блiснуў маноклем, перагнуўся цераз прылавак i тыцнуў пальцам у напалову схаваны лiст бляхi.
- I, калi ласка, адзiн такi.
- Гэтыя хлебцы не прадаюцца, пане палкоўнiк, - абвясцiў Траба.
- Чаму гэта?
- Гэта ўсё прамашкi Жуля: яшчэ хвiлiнка - i яны перагарэлi б на вугалi. Я прадаю толькi сапраўдны тавар. Каму ахвота есцi вуголле?
- Мне, - паведамiў Пiне. - Тут у мяне з жонкай нiяк не супадаюць густы. Вечна ў яе ўсё недасмажана i недапечана. Хоць бы раз у жыццi паласавацца чым-небудзь гэтакiм, што было б прапечана да храбусцення! Так што ўжо дазвольце, калi ласка, мне адчуць асалоду ад адной з прамашак Жуля.
- Але, мсье...
- I не спрачайцеся!
- Мадам нiзавошта не возьме гэтакi жахлiвы хлеб.
- У мадам спатканне з цырульнiкам, i яна даверыла мне ўсе пакупкi, растлумачыў палкоўнiк. - I ўжо тут я распараджуся, як мне хочацца. Ды зразумейце ж, шаноўны Траба, не магу я прапусцiць гэткi зручны выпадак. Дык што, зробiце вы такую ласку i прадасце мне гэты апетытны вугалёк цi мне давядзецца iсцi ў электрычную пякарню?
Траба ўздрыгнуў нiбы ад болю, насупiўся, выбраў на лiсце бляхi найменш падгарэлы хлеб, старанна загарнуў яго, каб схаваць ад занадта цiкаўных вачэй, i нязграбна падаў палкоўнiку.
- Божа збаў, гэты Жуль знайшоў мне аднаго пакупнiка, але сто iншых я праз яго страчу.
- Ён вас засмучае? - пацiкавiўся Пiне.
- З iм адны пакуты. Нi на хвiлiну не зводзь з яго вока. Толькi павярнуўся спiной, вось так, - Траба паказаў менавiта як, - i на табе! Ён ужо забыўся пра сваю работу i лунае дзесьцi сярод зорак, нiбы той паветраны шарык, што адарваўся ад нiткi.
- Сярод зорак, кажаце?
- Ну але, пане палкоўнiк. Мой Жуль - заваёўнiк космасу i прыкаваны да Зямлi толькi нешчаслiвым збегам абставiн. I з такога вось цеста я павiнен зрабiць пекара.
- Якiя ж гэта абставiны?
- Мацi яму сказала: "У пякарнi Траба патрэбен чаляднiк. Лепшага выпадку ў цябе не будзе. Кiдай школу, станеш пекарам". I ён прыйшоў да мяне. Разумееце, хлопец ён паслухмяны, ды рэдка калi не лунае ў воблаках.
- Ох, ужо гэтыя мацi... - сказаў Пiне. Ён працёр свой манокль i зноў уставiў яго ў вока. - Мая матуля хацела, каб я стаў сабачым цырульнiкам. Яна казала, што гэта вельмi высакародны занятак i да таго ж даходны. У яе свецкiх сябровак з пудзелямi ды балонкамi я, вядома, буду нарасхват. - Яго доўгiя гнуткiя пальцы быццам стрыглi i завiвалi сабачую поўсць, а на твары з'явiлася агiда. - I я спытаў сам у сябе: хто ж я такi, што ж я такое, калi згаджуся рабiць педыкюр сабакам? Завербаваўся ў Касмiчны корпус, i мяне паслалi служыць на Марс. Калi мая матуля даведалася пра гэта, яе ледзь не разбiў паралюш.
- Дзiва што, - паспачуваў Траба.
- А сёння яна ганарыцца, што яе сын афiцэр i на пагонах у яго чатыры каметы. Мацi ўсе такiя. Нiякага i следу логiкi.
- Бадай што, гэта нават i лепей, - заўважыў Траба. - Бо iнакш некаторыя з нас нiколi б i на свет не нарадзiлiся.
- Пакажыце мне гэтага зорнага летуценнiка, - загадаў Пiне.
- Жуль! - гукнуў Траба, павярнуўся да пякарнi i прыставiў далонi рупарам да рота: - Жуль, хадзi сюды!
Нiякага адказу.
- Бачыце? - Траба бездапаможна развёў рукамi. - Проста не ведаю, што i рабiць. - Ён пайшоў у пякарню, i адтуль даляцеў яго гучны, нецярплiвы голас:Я цябе клiкаў. Чаму ты не абзываешся? Пан палкоўнiк хоча цябе зараз жа бачыць. Прыгладзь валасы ды паспяшайся.
З'явiўся Жуль, iшоў ён нехаця, нага за нагу, валасы i рукi ў муцэ. Ясныя шэрыя вочы яго глядзелi прама i шчыра i не апусцiлiся пад выпрабавальным позiркам палкоўнiка.
Читать дальше