I нiхто не паспачуваў яму, Славу Селiвонiку, лепшаму футбалiсту ў класе: аднагалосна пастанавiлi выключыць яго з гуртка.
Хаця Слава i ведаў, што ў сваiх прадбачаннях не памыляецца, на гэты раз толькi пасмiхнуўся сам сабе. Не могуць хлопцы вынесцi яму такое суровае спагнанне. I ўзрадаваўся: нарэшце ён памылiўся.
На жаль, не памылiўся. Выключылi, аднагалосна. Што-што, а глядзець наперад ён, аказваецца, умеў. I тут, упершыню, Слава спалохаўся гэтага свайго ўмення. Ён зрабiўся маўклiвым, асцярожным. Клiчуць хлопцы на футбол, а ён выдумляе якую-небудзь прычыну, каб адмовiцца, бо лепш не пайсцi зусiм, чым загадзя ведаць, калi ты па варотах прамажаш. Не вывучыць урок - з класа збяжыць. Каб не папасцi ў аварыю - у аўтобус не сядзе...
I Косцiк, i астатнiя сябры спачатку пыталiся, што з iм. Ён адмоўчваўся. Як ты iм скажаш, калi i сам не надта разумееш, што гэта i адкуль узялося, калi нiякiх доказаў не маеш. Ну, i пайшла пра Славу пагалоска як пра чалавека несучаснага, няўстойлiвага. Слава нават пачаў чакаць, што яго неўзабаве на савет атрада паклiчуць, каб там справаздачу трымаў. Адным словам, жыццё пайшло туды-сюды, i ён скарыўся гэтаму. З заняткаў, каб не папасцi ў якую бяду, спяшаўся дадому i зачыняўся ў сваiм пакоi.
Афiшу, якая абвяшчала, што ў школу прыедзе касманаўт Павел Iванавiч Гушча, Слава прачытаў яшчэ ранiцай. На перапынку, калi ўсе вучнi былi на двары, ён зноў падышоў да аб'явы. Яму вельмi хацелася пабыць на сустрэчы з чалавекам, якi першы з людзей ступiў на Марс, калi ўдасца, пагаварыць нават з iм, параiцца. Бо аб космасе Слава марыў ледзь не з першага класа, хацеў, як вырасце, стаць касманаўтам. Яшчэ нядаўна ён быў упэўнены, што стане. А цяпер ужо - не. Што з таго, калi ён нават i пагаворыць з Гушчам? Варта таму толькi папытаць, як Слава вучыцца, як паводзiць сябе, цi добры ён сябар, i адразу ўсё скончыцца. Каму патрэбны двоечнiкi i недысцыплiкаваныя? Слава, як наяве, прадставiў сабе вынiк магчымай размовы з касманаўтам i адвярнуўся ад афiшы.
- Ты што такi засмучаны? - пачуў ён збоку чыйсьцi цiхi голас.
Слава падумаў, што гэта зноў ягонае славутае прадбачанне напамiнае аб сабе, i не адказаў.
- А ўсё-такi? - не адставаў голас.
Слава на ўсякi выпадак скасiў вочы. Побач стаяў незнаёмы чалавек i ўважлiва глядзеў на яго. Слава рашыў, што гэта нехта з бацькоў, i пацiснуў плячамi.
- Давай пройдземся, вунь да таго акна, - чалавек паказаў на другi канец калiдора i паклаў на Славiна плячо руку. - Ты хто?
- Слава Селiвонiк, - адкрыты ласкавы позiрк чалавека спадабаўся яму, выклiкаў давер.
- А я - Павел Iванавiч. Вось i пазнаёмiлiся. Так? То што ў цябе за бяда, Славiк?
У Славы аж перахапiла горла. Ну, канешне ж, ён ведае гэтага чалавека. Колькi разоў бачыў яго партрэты ў газетах, часопiсах, па тэлевiзары. Як гэта ён не пазнаў адразу!
Гушча глядзеў на яго, пасмiхаўся, i вясёлыя промнiкi-маршчынкi ва ўсе бакi разбеглiся ад яго вачэй. Потым Павел Iванавiч пасур'ёзнеў i сказаў:
- Калi гэта тайна, я прашу прабачэння.
Ад роспачы, што гэты чалавек возьме зараз i пойдзе, у Славы на вачах выступiлi слёзы. Ён ледзь не крыкнуў:
- Не, не...
- Ты, напэўна, хочаш стаць касманаўтам?
Слава толькi матнуў галавой, баючыся словамi парушыць сваё шчасце.
- Усё залежыць ад цябе... - пачаў быў Гушча, але запнуўся i спытаў: Не ўсё, так?
- Ага, - выдавiў з сябе Слава i раптам адчуў палёгку: з гэтым чалавекам не трэба таiцца. - Я стаў бы касманаўтам. Але я... прадбачу.
Павел Iванавiч, нiбы яму было ўсё зразумелым, згодна кiўнуў галавой i папрасiў:
- Калi ласка, падрабязней.
На iмгненне Славу зноў ахапiў адчай: раптам Гушча не зразумее. Аднак вагаўся нядоўга. Павел Iванавiч не абы-хто, касманаўт, ён усё зразумее. I пачаў расказваць, баючыся аднаго, каб раптам не зазвiнеў званок i не перашкодзiў iм.
Гушча слухаў уважлiва, сур'ёзна. Калi Слава скончыў, нейкi час задумлiва маўчаў. Потым спытаў:
- Прадбачаннi бываюць толькi кепскiя?
- Успамiнаць боязна.
- Хочаш iх пазбавiцца?
- Вельмi...
- Так, так, - заклапочана прамовiў Павел Iванавiч. - Якi ў вас наступны ўрок?
- Фiзiка...
- Што гавораць твае прадбачаннi?
- Я ж у касманаўты збiраюся, - з дакорам адказаў Слава.
- Значыць, вывучыў? Так. Вядома, калi вывучыў, то нiякiя прадбачаннi не страшныя. А iншыя ўрокi ты не спрабаваў штодня вучыць? Не? А ты паспрабуй.
Слава сумеўся. Ён, зрэшты, i чакаў такога кiрунку iх размовы, не трэба было пачынаць...
Павел Iванавiч, нiбы не заўважыў перамену ў яго настроi, прапанаваў:
- Вось табе мой тэлефон. Давай дамовiмся аб адным. Ты цэлы тыдзень будзеш вучыць не толькi фiзiку, а i астатнiя прадметы. А праз тыдзень пазвонiш мне. Паглядзiм, што атрымаецца. I на футбольныя трэнiроўкi хадзi, адпрацоўвай удар левай. Ну, а малых... Разумею, гэта выпадкова. Але ты старайся ўсё-такi спачатку думаць, а потым рабiць.
Читать дальше