Усе надзеi зьнiклi. Толькi дзiва можа выратаваць сына.
I ўжо нiчога больш не застаецца, як чакаць дзiва.
Дык старэнькая ў сваiм пакойчыку ў Менску горача малiлася: «Вялiкi Божа, якi, усё стварыўшы, аба ўсiм рупiшся, усiм апякуешся… Ты кажнаму Свайму стварэньню страву даеш i прыпынак… Ты птушкам паветранымi шляхамi на вырай дарогу паказваеш i назад шчасьлiва да родных гнёздаў iх вядзеш… Просiм Цябе, добры Божа, будзь мiласьцiў усiм падарожным, усiм няшчасным бяспрытульнiкам!.. He пакiдай iх у злых прыгодах, дай iм сiлы ўсе злыднi перажыцi, у хваробах аздараўляй, ад усялякай небясьпекi баранi, Анёлаў сваiх за апякуноў iм дай i шчасьлiва да роднай хаты iх прывядзi…»
Карэльскiя вёскi на нашым шляху ляжалi адна ад аднэй збольшага на трыццаць кiлёмэтраў, якiя нам трэба было прайсьцi ў вадзiн дзень, каб трапiць на начлег пад рыбацкую страху. Тутэйшае жыхарства складаецца пераважна з рыбакоў. Хлеб сюды прывозяць. Натуральнае багацьце гэтай старонкi — рыба, якой Белае мора дае багата. Карэльскiя сяляне ў той час (1927–28 гг.) былi багатыя, яшчэ тут ня было калгасаў. У вялiкiх вёсках, якiя мелi па пару тысячы жыхароў, былi двохпавярховыя драўляныя хаты, непабеленыя, але надта чыстыя, шаляваныя дошкамi, накрытыя дранiцай. Пару месяцаў летняга рыбалоўства дазвалялi на даўгi зiмовы адпачынак, грошы ад продажы рыбы ставала на ўсё, чаго суровая тутэйшая прырода не магла даць тутэйшым жыхаром.
Я йшоў апошнiм. Усе мае таварышы разам з канвоем ужо даўно выперадзiлi мяне. Куды мне сьпяшацца? Каб хутчэй трапiць у цёплую карэльскую хату, дзе спаткаю чужыя, а часам варожыя твары?
Лепш было аднаму памалу йсьцi сьнегам, думаючы аб страчанай волi, а ня важачыся думаць аб тым, каб на волi зноў апынiцца.
Уцякаць у гэтых абставiнах немагчыма. Аб гэтым ня было чаго й думаць. Наперадзе й адзаду толькi адна дарожка, працёртая санямi, якiя праяжджаюць ад часу да часу. З бакоў лясы, дзе сьнег даходзiць чалавеку да грудзей, дзе, уцякаючы, калi-б ты нават i важыўся на гэта, пакiнеш за сабою сьлед, паводле якога легка здагоняць i зловяць. Уцякаць дарогаю — гэтаксама немагчыма, бо бяз пашпарту, бяз грошай уцекача ў першай карэльскай вёсцы зловяць i аддадуць у рукi ўлады, бо за кожнага ўцекача плацяць па два пуды пшанiчнае мукi…
Цiшыня.
Маўчыць паўночны лес. Часам на сьнезе нешта паварушыцца. Гэта белыя паўночныя курапаты слаба адзначаюцца на белым сьнежным фоне. Птушкi сьмела падыходзяць да самае дарогi, быццам ведаючы, што гэтыя падарожныя, якiя тут цягнуцца гужам па сьнежнай дарозе, зла iм ня зробяць…
Увесь Саюз Савецкiх Рэспублiк жыве пад знакам «соцсоревнования» i «ударничества». [15] Пазьней — пад знакам «стаханаўшчыны».
Гэтак, мабыць, працуюць i агенты ГПУ — установы, якую бальшавiкi называюць гордым iмём «меч рэвалюцыi».
Працуюць навыперадкi, хто зь iх больш разгледзiць справаў, хто будзе мець на сваiм сумленьнi больш ахвяраў. Каб толькi балей, каб стражэй, каб бязьлiтасьней дабiваць «клясавага ворага». Лiтасьць — гэта нядобрая рыса, гэта загана, буржуазная спадчына, iнтэлiгенцкая мяккацеласьць.
На аднэй з галоўных вулiцаў Масквы (Лубянка) у доме № 2 кiпiць работа ўдзень i ўначы. Аўтамабiлi прыяжджаюць i ад'яжджаюць. У гаражы стаяць заўсёды машыны з заведзенымi маторамi…
Знаў я гэты жудасны дом з апавяданьняў маiх таварышоў, якiм даводзiлася ўжо там быць. Гэта — сэрца савецкага тэрору, жудаснае «Объединенное Государственное Политическое Управление».
Адтуль — з Лубянкi 2 — ГПУ сваймi шчупнямi страшэннага палiпа, якога спарадзiла рэвалюцыя i якi вырас на целе няшчасных народаў Саюзу Савецкiх Рэспублiк, ахоплiвае шостую частку сьвету, сягае далей — праз гранiчныя стаўпы, праз рэкi, моры, акiяны — усюды, дзе сьмерць мае свае жнiво, усюды, дзе лiецца людская кроў…
А ў падвалах на Лубянцы 2 жудасная цiшыня. На калiдорах ходзяць у войлакавых атопках наглядачы — чэкiстыя. Хады ня чуваць. Толькi час ад часу сухiя пстрыканьнi пальцаў, — знак, што «дарога вольная». Той, каго вядуць калiдорам, ня можа нi зь кiм спаткацца. Дык канвой пстрыканьнем паведамляець iншых вартаўнiкоў, што кагосьцi ўжо вядуць, а варта гэтаксама адказвае, паведамляючы адначасна далейшыя пасты.
Як некага бяруць з камары «на допыт» або «назаўсёды», адбываецца працэдура, поўная таёмнасьцi. Адчыняюцца дзьверы, i чэкiсты шэптам пытаецца прозьвiшча, пасьля iмя, iмя бацькi. Урэшце цiхiя, поўныя таёмнасьцi словы: «Пожалуйте со мной» — i зноў цiшыня ў падвале.
Читать дальше