Праз нейкi час Пятроў вярнуўся, сеў на сваё месца i спытаўся:
— Як-жа там у вашай камары? Цi вы здаволены?
— Дзякую. Добра. Цёпла. У першай камары было вельмi блага, але цяпер надта добра.
— Можа, чаго вам патрэба?
— Але. Я хацеў вас прасiць, таварыш Пятроў…
— Скуль ведаеце мае прозьвiшча?
— Толькi што я чуў, як вас клiкалi з другога пакою.
— Ага!.. Ну, дык што?
— Я хацеў прасiць вас, каб вы дазволiлi мне напiсаць лiст да маткi.
— Добра. Толькi каротка. Вось вам пяро, чэрня й пiшэце.
Я пiсаў:
«Дарагая мама!
Ужо прайшло два тыднi, як я сяджу ў ГПУ. Добра было-б, каб мама пастаралася пабачыцца з Ульянавым, як ён будзе праяжджаць праз Менск».
Пятроў старанна замазаў усё пра Ульянава, пакiдаючы толькi першую фразу гэтага кароткага лiста.
— Цяпер пойдзеце ў сваю камару. Дадуць вам там паперу й алавiк i будзеце пiсаць аб «Радзе беларускай». Шырака, як найшыршэй! Хутка я йзноў вас паклiчу. А цяпер падпiшэце гэта.
Я прачытаў i астаўпеў.
«…прызнаюся, што належаў да контррэвалюцыйнай арганiзацыi, якая мела на мэце змаганьне з вызваленскiм рухам працоўных у Заходняй Беларусi…»
«…супрацоўнiчаў з дэфэнзывай…»
«…абвiнавачаны па § 58 пункт 5 савецкага кодэксу…»
— Я гэтага не падпiшу! Я рэвалюцыянэр!.. Я не супрацоўнiчаў з дэфэнзывай!.. «Грамада» мяне ведае, Ульянаў таксама…
— Ну годзi гэтага дзiцячага шчэбету! Ведаю, якi вы «рэвалюцыянэр»! Падпiшаце цi не?
— Але-ж, грамадзянiн Пятроў! Вы ўсе людзi хворыя, вы ў кожным бачыце толькi ворага савецкага ладу. Гэта,ў вас, мабыць, вашая прафэсiянальная хвароба.
Пятроў стукнуў кулаком аб стол.
— Мы ведаем толькi адну прафэсiянальную хваробу: гэта мазалi на руках, а вашая прафэсiянальная хвароба — гэта контррэвалюцыя!
— Выбачайце, грамадзянiн, толькi хацеў сказаць, што дзiвiць мяне страшэнна, што вы ня хочаце зразумець, што я ехаў сюды… што мяне ўсе добра знаюць…
Я ня ведаў, што казаць.
— Годзi! Пагаворым iншым разам.
Зьявiўся чырвонаармеец. Павялi мяне iзноў у падвал. «На якога чорта я выехаў з гэтай “прафэсiянальнай хваробай”! Толькi без патрэбы раззлаваў гэтага гада. Ну, але ерунда! Добра, што ўдалося напiсаць лiст да маткi. Старая напiша пра ўсё ў Вiльню, даведаецца “Грамада”, i вызваленьне раней цi пазьней — прыйдзе!..»
Адна надзея адпала
— Ну, што там было? Як? Аб чым пытаўся? Хто вас дапытваў? Як выглядае?
— Нават ведаю ягонае прозьвiшча. Пятроў.
— Пятроў? Гм. Ён звычайна вядзе справы больш паважныя. Якую даў вам стацьцю? Шпiянаж?
— Шпiянаж? Мне? Хiба што не. § 58, пункт 5.
— Зараз пабачым.
Камрат папоркаўся ў сваёй пасьцелi i выцягнуў нейкую пацёртую кнiжачку.
Гэта быў савецкi кодэкс.
Я нецярплiва хапiў з ягоных рук.
Перакiдаю бачыны. Шукаю. Ёсьць!
«Участие в организации или содействие организации, действующей в направлении помощи международной буржуазии».
У першую часiну нiчога не разумею. Нейкi набор словаў. Чытаю яшчэ раз. Ага! «в направлении помощи»… Цяжкаваты стыль! Цiкавасьць, што мне пагражае за гэта «участие… в направлении»? Зараз пабачым. Тут нiжэй. Вось!
Расстрэл!
Пры нейкiх асаблiвых «смягчающих вину обстоятельствах» — тры гады вастрогу.
Зрабiлася… невясёла.
— Слухайце, — пытаюся ў свайго дасьведчанага таварыша, — як гэта там будзе? Будзе суд, цi што?
— Якi там суд! Вас судзiць ня будуць. «Уполномоченный», гэты самы ваш Пятроў, а ад яго найбольш залежыць ваш лёс, напiша свае «заключение», справу пашлюць у Маскву, i там калегiя ГПУ скажа свой прысуд.
— Як так? Ня бачыўшы мяне, не пытаючыся, засудзяць мяне… можа на расстрэл?
— Але. На падставе выснаваў Пятрова.
— О, Божа мой! Значыцца, я ў ягоных руках… А я так сяньня раззлаваў яго! I на якое лiха я выскачыў з гэтай «прафэсiянальнай хваробай»!.
х х х
Заскрыгатаў ключ у дзьверах.
Гэта чырвонаармеец кiнуў у камару газэту «Савецкая Беларусь».
Нам было дазволена чытаць газэты.
Заняты сваймi думкамi, без асаблiвай цiкавасьцi я ўзяў у рукi газэту, як раптам астаўпеў.
На першай бачыне вялiкiмi лiтарамi было надрукавана:
РАЗГРОМ ГРАМАДЫ Ў ПОЛЬШЧЫ
Вось табе раз! Рукi дрыжаць. Не чытаю, а глытаю словы… Тарашкевiча арыштавалi! Рака арыштавалi! І таго, i другога, i трэйцяга — усiх, на каго я спадзяваўся, усiх, хто мог-бы за мяне заступiцца, паручыцца, вызвалiць. Усе мае прыяцелi ў вастрозе, няма нiякае магчымасьцi паведамiць iх аб маiм няшчасьцi, ды й нiчога гэта не памагло-б, бо яны таксама папалi ў бяду…
Читать дальше