Тады да Баторыя заязджаў і яшчэ адзін вельмі цікавы госць – князь Генрых XI (Henryk XI Legnicki) з польскай каралеўскай дынастыі Пястаў. Гэты арыстакрат кіраваў Лягніцкім княствам і ў пэўны момант не змог дамовiцца са сваім сюзерэнам – імператарам Рудольфам II. У выніку, Генрых апынуўся ў вязніцы, адкуль змог уцячы ў Польшчу, а затым наведаў і Баторыя ў Гродне.
Генрых XI Лягніцкі. Liegnitzische Jahr-Bücher, Worinnen so wohl… Thebesius G. Jauer, 1732—1733.
Найкаштоўнейшымі матэрыяламі, якія ілюструюць жыццё караля ў 1586 годзе, з'яўляюцца ўспаміны нямецкага падарожніка Самуэля Кіхеля.
Гэты госць горада над Нёманам бачыў як Баторый скача на службу з замка ў касцёл. Выгляд караля, у шапцы з чорнымі пёрамі, здаўся падарожніку надзвычай велічным і шыкоўным. Манарха акружала світа з рыцараў і самых шляхетных саноўнікаў, а паабапал вуліцы Замкавай стаялі каралеўскія гвардзейцы. Самуэль адзначае, што кароль застаецца ў горадзе толькі ў нядзелю, і менавіта ў гэты дзень у Гродне праходзяць прыёмы, астатні час манарх праводзіў на паляванні.
Кіхелю наверагодна пашанцавала, і ён убачыў вельмі запамінальную падзею, а менавіта: пажар у замку. Рэзідэнцыя, зрэшты, не надта пацярпела, бо дакладна вядома, што Баторый менавіта ў палацы Старога замка правёў свае апошнія дні.
У свіце манарха Кіхель асабліва вылучыў нейкага спадарожнiка, з якім у гісторыкаў звязана займальная загадка. Гэтага чалавека немец бачыў паблізу ад караля, а потым, падчас пажару, незнаёмец вылез на дах замка. Самуэль называе чалавека Scotus, што можна перавесці як «шатландзец» або зразумець, як імя ўласнае, што дазваляе выказаць здагадку: гэты той самы Скота з Пармы, які нярэдка, на старонках спецыяльнай літаратуры, называўся архітэктарам Старога замка яшчэ да таго, як галоўным дойлідам прызначылі Санці Гучы. У некаторых публікацыях Скота нават завуць «вядомым архітэктарам», i, мабыць, настолькі вядомым, што нават яго існаванне выклікае сумневы.
Замак Баторыя ў Гродне. Гравюра Т. Макоўскага, 1600 год.
Агледзеўшы Гродна, Кихель паехаў далей і наведаў яшчэ шмат гарадоў, напрыклад, Пскоў, аб насельніцтве якога ён распавёў у добра знаёмай манеры: дрэнныя дамы, зласлівыя жыхары і шмат гарэлкі.
Цікава, што рэдактар выдання шляхавых нататак Кіхеля, у сваім пасляслоўі да кнігі Самуэля, дзе пералічваюцца розныя яркія моманты вандравання аўтара, з усяго масіва дадзеных аб Рэчы Паспалітай абраў менавіта эпізод з гродзенскім Scotus-ам, якога заве zauberer (чараўнік).
Дакументы сапраўды паказваюць, што цікавасць Баторыя да акультыстаў не абмяжоўваўся англічанамі Дi і Кэлі.
Хоць манарх, як вынікае з запісак Кіхеля, працягваў выглядаць як моцны мужчына, аднак здароўе ўладара імкліва пагаршалася. Пры гэтым кароль і вялікі князь працягваў паляваць, у прыватнасці, у Кундзінскім лесе, які знаходзіўся ў раёне сучаснай Кузніцы.
Хвароба, смерць, рэчы караля і яго пахаванне
Хвароба Баторыя і яго апошнія дні нядрэнна апісаны сучаснікамі. Нейкі загадкавы чалавек – Ежы Х'якор (Jerzy Chiakor) за імем якога хаваўся, як лічаць, адзін з лекараў караля – Мікалай Бучэла, апісаў фінальны адрэзак жыцця выбітнага манарха. Вось пераклад, зроблены па тэксце ў кнізе польскага гісторыка Юліяна Урсын-Нямцэвіча.
«У той момант, калі Весяліні адпраўляе лісты да прымаса Яго Мосці і сенатараў, інфармуючы іх пра фатальную смерць Найяснейшага караля Яго Мосці, Пана нашага, я не хацеў упускаць выпадак для падрабязнага апісання таго, як гэта адбылося, таму што кожны дзень я запісваў усё, што мне, як сведцы, траплялася на вочы.
Не без праліцця многіх слёз даводзіцца мне выконваць гэты абавязак. Хто ж гэтую смерць аплакваць не будзе, а менавіта мы, венгры, засталіся ў гэтай краіне, як статак без пастыра, страціўшы з гэтым героем, усіх заслуг нашых узнагароды і надзеі.
Сграфіта з Баторыем. Стары замак Гродна, рэканструкцыя 10-х гадоў XXI стагоддзя. Першапачатковы варыянт (злева) і з выпраўленай тытулатурай. Фота аўтара.
Чацвёртага чысла, месяца снежня, 1586 года, Найсвятлейшы Пан вярнуўся ў Гродна і правёў тры дні на паляванні. Праз два дні пасля гэтага, кароль выдатна сябе адчуваў, і доктару Бучэла дазволілі паехаць да свайго маленькага пляменніка, які захварэў у яго маёнтку. Шостага, у нядзелю, кароль адчуў цяжар і нейкія болі ў целе, з усім гэтым ён быў на службе і публічна еў абед. Увечары ён не хацеў спаць, і згодна з рэцэптам Бучэла, ён хацеў, каб яму расцерлі ўсё яго цела, але доктар Сімоніус параіў толькі пацерці рукі і ногі, а каралю, каб заснуць, параіў два кубкі старога віна з кавалачкам хлеба. Так і сталася, і кароль пайшоў адпачываць.
Читать дальше