— Дзед, дай дапамагу!
Рыгор Іванавіч даваў магчымасць унучцы ўзяцца за дужку і разам яны тупалі да дрэва, палівалі. Тады ён ішоў за наступнай, а Лізачка бегла да сваіх мамы з татам — трэба ж нешта і ім дапамагчы. У кожнага, хто гэта бачыў, цяплела на душы.
Усе жартавалі, радаваліся, прасілі дрэўцы, каб раслі моцнымі і вялікімі. Мы з Ларысай, як некалі бабуля Арына, бясконца прыгаворвалі: расціце, квітнейце, прыносьце плады на ўсіх долю.
...Дачнае жыццё пачалося. Усю вясну мы шчыравалі. Распрацавалі некалькі сотак зямлі. Рукамі перабралі кожны яе сантыметр, выносілі дзёран і каменне, якога тут, на Стаўбцоўшчыне, вельмі многа. І нават не стаміліся — з такой радасцю і настроем усё рабілася.
...Пасаджаныя дрэўцы, як малыя дзеці, патрабуюць догляду. Чаго толькі каштуе прынесці ад суседзяў праз дарогу па вядры вады пад кожнае (свайго калодзежа, як і святла, пакуль што няма). Але мы стараемся. І з кожным днём дрэвы робяцца ўсё мацнейшыя.
Цяжка пачынаць на новым месцы, калі там толькі адзін дзірван. Але праз некалькі месяцаў у нас ужо зелянее сад ажно на 42 дрэўцы, радуюць сваімі дарамі распрацаваныя да сантыметра некалькі сотак, адведзеныя пад агарод, ветла прымае нас і нашых дзяцей утульны невялічкі гасцявы домік, пастаўлены перад пачаткам асноўнага будаўніцтва.
Амаль кожныя выхадныя мы праводзім тут, у Татаршчыне. І зноў — праз столькі гадоў! — адчуваем той да болю родны сасновы водар, ранішні халадок на роснай траве, бачым начное зорнае неба і слухаем спеў лясных жаваранкаў, якія кожны дзень заліваюцца над нашым домікам, а некаторыя прылятаюць і садзяцца адпачыць ці паназіраць за намі на драўляныя калочкі, да якіх падвязаны нашы пладовыя дрэўцы. Якое ж цікавае жыццё на прыродзе! Часта ўспамінаем бабулю Арыну, якая таксама жыла на хутары каля лесу. Асабліва калі нясём з лесу дроўцы або распальваем на вуліцы невялічкую печку-буржуйку.
Лета 2014 года здзіўляе незвычайнай гарачынёй. Ноччу ў гасцявым доміку, абшытым вагонкай, стаіць прыемны сасновы водар, і так добра спіцца. Але раніцай, пасля дажджу, мы ўжо дружна шыбуем у «наш» лес, які называюць тут Казіна (мікратапонім), па маладыя лісічкі.
Даўно, ой, як даўно не было такога свята на душы ад яднання з роднай прыродай, ад святога адчування: мы — дома.
29 ліпеня 2014 г. у нас завяршылася яшчэ адна важная сямейная праца. Ура! Заліты падмурак пад наш новы дом з мансардаю. Самае важнае, што закладзены ён у нашай любімай Татаршчыне. І яшчэ даволі цікавы факт: да рэвалюцыі гэтая зямля (каля вёскі Татаршчына да суседняй вёскі Грызаўшчына, тэрыторыя ад самай рэчкі Воўкі і да Казіны) належала сям’і Татарыцкіх — продкам Ларысінай свекрыві Яніны Канстанцінаўны, у дзявоцтве Татарыцкай. Набылі яе ў княгіні Гагенлоэ.
30 ліпеня заключылі дамову са Стаўбцоўскім РЭС. Значыць, хутка ў нас будзе святло. Застаецца заказаць план, купіць апору і кабель, пракапаць траншэю. Можа, хто-небудзь нас і не зразумее: што ж гэтым сталічным жыхарам трэба? Няўжо рамантыкі захацелася? І рамантыкі таксама, і адчування прыналежнасці да роднай зямлі, і адчування вялікай еднасці з роднай сям’ёю.
І калі наш самы маленькі на гэты час гадавалы ўнучак Сямён Янучок памаленьку перабірае яшчэ кволымі ножкамі па траве ў нашым сямейным садзе, мы, дарослыя, адчуваем, што ўсё недарэмна. І што мары збываюцца. І што чалавека на зямлі трымаюць яго карані і вытокі. І крылы для палёту душы таксама адсюль — з радзімы.
...Чакаем буслоў і верым, што яны абавязкова паселяцца ў нас і пасябруюць з нашай вялікай і дружнай сям’ёй.
Р. S. 30 жніўня 2014 г. завяршылі работы па ўсталяванні апоры і электралічыльніка. Ура! У нашым гасцявым доміку з’явілася святло!
Пахне бэз
Давала ўжо не раз сабе зарок:
Самотных вершаў думаць
больш не трэба.
А памяць, як маланка,
назнарок
Цаляе ў рыфму, рассякае
неба,
Куды гляджу з надзеяй
і тугой,
Дзе ўвечары гаюча свецяць
зоры.
Мне б развітацца з ціхаю
журбой
І адпусціць бязладнае «учора».
Няхай грымоты, і сцяною
дождж.
Сугучна думкам водная стыхія.
...Зноў пахне бэз. І ветрык
басанож
Бяжыць у верш, прасветлы
і шчаслівы.
Сталае пачуццё
Вось і прыйшло яно, нарэшце, сталае прыгожае пачуццё. Калі дыхаеш з любым адным паветрам, калі прыхінаешся шчакою да роднага моцнага надзейнага мужчынскага пляча і адчуваеш найвялікшую, наймагутнейшую абароненасць у свеце. Калі сэрцы нашы б’юцца ў такт. І калі ты яшчэ толькі падумала, а ён ужо дакладна ведае, што ты хочаш сказаць.
Читать дальше