Лёсам было наканавана бацьку зноў вярнуцца на фронт у 202-і запасны полк у горадзе Алінштэйн. Ваяваў у складзе 11-й гвардзейскай арміі ў 5-й дывізіі. Малодшы сяржант, камандзір кулямётнага аддзялення. А яшчэ ўсім падабаўся выдатны бацькаў почырк. Не засталіся па-за ўвагай камандзіраў і яго адукаванасць і выхаванне. Таму гвардыі малодшы сяржант Янучок быў прызначаны камсоргам роты, адначасова выконваў абавязкі ротнага пісара.
З бацькавых успамінаў:
«Праз некаторы час я зноў трапіў на перадавую. Баі ішлі жорсткія. Неўзабаве былі вызвалены гарады Кёнігсберг (Калінінград), Пілау.
Пераправіўшыся на лодках, шэсць дзён наступалі на Касе (паўвостраў, які ўразаецца ў Балтыйскае мора). Пасля баёў часць размясцілася ў г. Тапіау (Усходняя Прусія) на кароткі адпачынак, дзе і сустрэлі доўгачаканы Дзень Перамогі. Цяпер гэта горад Гвардзейск Калінінградскай вобласці.
Дарэчы, назва Тапіау ў перакладзе з прускай мовы азначае «цёплае поле». Мы і сапраўды ўпершыню за доўгія ваенныя гады адчулі вясну. Я падумаў, што дома, напэўна, зацвілі сады...»
...Наш бацька Іван Паўлавіч быў інвалідам Вялікай Айчыннай вайны другой групы. Меў урадавыя ўзнагароды: медалі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй». У мірны час да іх далучыліся ордэн Айчыннай вайны ІІ ст. і шматлікія юбілейныя медалі.
У канцы 1945 г. бацька скончыў трохмесячныя шафёрскія курсы. Летам 1946 г. іх часць перавялі ў Полацк, дзе малодшаму сяржанту Янучку давялося працаваць шафёрам спачатку на грузавой машыне ЗІС-5, а потым — на ГАЗ-2А, але мара стаць настаўнікам не пакідала яго.
28 лютага 1947 г. Іван Янучок быў дэмабілізаваны. Пайшоў працаваць у калгас «Чырвоны маяк», куды ўваходзілі вёска Падліпцы і пасёлак Манькова. У 1948/49 навучальным годзе прадоўжыў вучобу ў Слуцкім педвучылішчы. Восенню 1949 г. бацьку накіравалі на працу ў Сяражскую школу Слуцкага раёна настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дзе ён адпрацаваў больш за 40 гадоў. У працоўнай кніжцы — толькі адзін запіс.
У 1954 г. скончыў завочна Баранавіцкі настаўніцкі інстытут (беларускае аддзяленне). У 1958 г. — Гомельскі дзяржаўны педінстытут імя В. П. Чкалава. Потым тэатральны факультэт Маскоўскага народнага ўніверсітэта мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысёр драматычнага тэатра». Падчас вучобы веды Івана Янучка па рэжысуры ацэньвалі вядомыя артысты маскоўскіх тэатраў І. Я. Трубнікаў, В. В. Грыднева.
Усё жыццё Івана Паўлавіча было прасякнута любоўю да сцэны: спяваў у хоры, вёў у школе драмгурток, у якім з настаўнікамі і вучнямі паставіў такія спектаклі, як «Цуд» паводле твора Эдуарда Валасевіча, «Прымакі» паводле Янкі Купалы. А ў «Калінавым гаі» паводле твора Аляксандра Карнейчука бацька быў не толькі рэжысёрам, але і артыстам, які прафесійна стварыў вобраз пісьменніка — галоўнага героя спектакля.
...У сям’і нас шасцёра. Мы ўжо самі маем дзяцей, а хтосьці з нас — нават унукаў, і ўсе перад бацькавым лёсам схіляем галовы. Ён заўсёды з цікавасцю ставіўся да нашай з сястрой Таісай творчасці, з радасцю вітаў кожны новы верш, публікацыю ці чарговы зборнік паэзіі. Любіў пасля працоўнага дня пабыць у садзе, агледзець дрэвы, паслухаць спевы птушак. І марыў толькі аб адным: каб не было больш вайны, не гінулі людзі, каб былі шчаслівыя дзеці, унукі і праўнукі.
На вялікі жаль, не дачакаўся наш Іван Паўлавіч і не змог парадавацца за аднаго са сваіх праўнукаў, унука дачкі Алены, дэсантніка, які годна прадоўжыў традыцыі прадзеда-франтавіка ў мірны час, несучы вайсковую службу ў асобнай мабільнай 103-й брыгадзе сіл спецыяльнага рэагавання ў Віцебску. Сімвалічна, што ў 2015 г. гвардыі сяржант Арцём Анцыповіч меў гонар і вялікую адказнасць прымаць удзел у сталічным юбілейным парадзе, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Перамогі.
...Пятага жніўня 2011 года мы асірацелі канчаткова. Нашага бацькі не стала. Пакінуў нас ён на 89-м годзе жыцця. Развітацца з ім прыйшлі аднавяскоўцы, былыя вучні, шматлікія родзічы.
Слуцкі раённы ваенкамат накіраваў зводнае падраздзяленне з ліку сяржанцкага саставу для правядзення пахавальнай цырымоніі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Паўлавіча Янучка.
Я ўпершыню за доўгія гады пераступіла парог роднай хаты. Немагчыма перадаць увесь боль і шкадаванне, што агарнулі душу. Слёзы, даўкія, гарачыя, засцілалі вочы. Столькі недагаворана, столькі недалюблена. столькі розных перашкод і недарэчнасцяў раздзялялі нас. І хоць мы сустракаліся даволі рэдка, і не па нашай віне так здарылася, што мы, дарослыя дзеці ад першага яго шлюбу, даўно адышлі на задні план, усё ж мы заўсёды ведалі, што бацька ў нас ёсць, жывы і здаровы. І мы, ужо сталыя людзі, як ні дзіўна гэта гучыць, адчувалі сябе абароненымі. Як на нялёгкім жыццёвым фронце.
Читать дальше