Не прайшло і месяца, як Міхась атрымаў адказы на абодва пісьмы. Пісьмо ад былой цешчы было лаканічным. Яна паведамляла аб тым, што за вайну яны нагараваліся, але засталіся жывымі і што асабіста яе напаткала вялікае гора: у час бамбёжкі Ленінграда яшчэ ў 1941 годзе загінуў яе муж, айчым Таісы.
Таіса ж настрачыла пісьмо на цэлых чатыры старонкі. Яна пісала:
Міхась, я вельмі рада, што ты жыў і здароў і што не крыўдуеш на мяне за маё маўчанне. Ты ведаеш, што я замужам за палкоўнікам. У мяне ад яго ёсць сын Вова. Наш Алік расце і чакае цябе. Муж мой зараз на фронце — змагаецца з агульным нашым ворагам — фашызмам. Але нягледзячы на ўсё гэта, ты прыязджай, як толькі вызвалішся. Мы цябе чакаем…
І ў канцы:
Таіса
Міхась набраўся цярпення — дачытаў да канца. Хацеў быў адразу парваць гэтыя лісткі і кінуць у грубку, але ўстрымаўся. Ён вырашыў паказаць гэта пісьмо свайму юнаму сябру і параіцца з ім. Так ён і зрабіў. У той жа дзень ён даў пачытаць ліст Міколу.
— Ну як, класічны «твор»? Добрая краля? — спытаўся Міхась.
— Марыя Магдаліна, — адказаў Мікола.
— Тады скажы, Міколка, як мне быць? Аднаму мне тут не справіцца. Ты бачыш, якая ханжа: «Я замужам… У мяне ёсць сын ад яго (новага мужа, значыць), але ты прыязджай». Гэта выходзіць так, што я, былы яе муж, бацька яе старэйшага сына, цяпер павінен буду ехаць туды ў ролі яе палюбоўніка ці распусніка. Як табе падабаецца гэта?
— Ты знаеш, Міхась Раманавіч, такая задача мне не пад сілу. Сам мой узрост і мізэрны жыццёвы вопыт не даюць разабрацца ў гэтым. Тут неяк усё заблытана, пераблытана. Давай пакуль што адкладзём гэту справу. Добра падумаем.
— Я згодзен, адкладзём хоць да заўтра, — пагадзіўся Міхась. — Думай ты, і я буду думаць.
Назаўтра Міхась зноў спытаў у Міколы яго думку. Той пакруціў галавою і прызнаўся:
— Нічога я, браце, не прыдумаў. Вырашай сам, як знаеш.
— А вось што я вырашыў,— сказаў Міхась. — Адкажу ёй на гэта пісьмо так, як быццам паміж намі нічога не здарылася. Распытаю ў яе пра свайго пераемніка, хто ён і што, нават пахвалю яго за добразычлівасць у адносінах да яе і сына, назаву яго «ратавальнікам» сваёй сям’і. Пагляджу, што яна адкажа на гэта. Няхай раскрывае свае карты.
— Разумнае рашэнне, — сказаў Мікола, — я з табою згодзен.
Так Міхась і зрабіў. Ён пісаў ёй так, як быццам паміж імі нічога і не адбылося. Відаць, яна паверыла і напісала Міхасю, што па-ранейшаму яго кахае. А ўсё, што здарылася з ёю, дык гэта вымушанае, паміма яе волі і жадання. Умольвала яго дараваць ёй за яе «памылку» і пры першым выпадку прыязджаць. А калі ў новым сваім пісьме Міхась спытаў, што яна будзе рабіць з двума мужамі, яна адказала трыма словамі:
Тады будзе відаць.
— Бачыш, якая крывадушная? Няўжо яна не разумее, што яе хітрасць відаць?
— Падлюка! — не стрымаўся Міколка. — Больш не пішы ёй ні слова.
— Пакуль што ўстрымаюся.
Не прайшло шмат часу, як, не дачакаўшыся адказу, Таіса прыслала Міхасю новы ліст, у якім ці то са шкадаваннем, ці то з радасцю (так ён і не зразумеў) яна паведамляла яму аб гібелі другога мужа. Яна пісала:
Дарагі Міхась.
Мяне напаткала вялікае гора — загінуў мой муж у званні палкоўніка. Я не ведаю, што мне рабіць цяпер? Як мне жыць?
Можа, каб Міхась быў у іншых умовах, яго хоць трохі кранула б гора яго былой жонкі, а цяпер яму хацелася над ім смяяцца: «Так табе і трэба!»
Яго юны сябра выказаў падобную думку, толькі звернутую да таго, што загінуў.
Міхась напісаў хутчэй не спачувальны, а з’едлівы ліст і паслаў Таісе, спадзеючыся, што на гэтым і скончыцца іх няшчырая перапіска, але дзе там! Яна пачала пісаць яму яшчэ часцей і запрашаць пасля адбыцця «тэрміну пакарання» прыехаць да «сваёй сям’і».
Толькі ты дарэмна абражаеш майго часовага мужа, ён добры чалавек. Выратаваў ад гібелі мяне і сына нашага, маму — вывез у пачатку блакады ў Куйбышаўскую вобласць да сваіх сваякоў, дзе мы і жылі да зняцця блакады.
Так яна і называла свайго палкоўніка «часовым мужам». Не мог Міхась не ўпікнуць яе гэтым:
Сёння ты называеш Рэдзькіна «часовым мужам», а нядаўна, пэўна, так жа называла мяне ў яго прысутнасці. А каго ж заўтра назавеш гэтым словам?
Пакуль Міхась вёў такую нервозную перапіску, адразу да яго прыйшлі два лісты з родных мясцін ад родных яму людзей — ад сястры і пляменніцы. Сястра пісала, што яны ўсе бясконца рады яго пісьму, рады, што ён жыў і здароў і што ў іх таксама ўсё ў парадку, што яны з нецярпеннем чакаюць яго дамоў, асабліва маці, у якой ён заўсёды быў любімым дзіцем. Калі Міхась прачытаў гэты ліст, то адразу адчуў, што нешта замоўчваецца. Гаворыцца пра маці — і ні слова пра бацьку. Пра брата Міколу таксама нічога не сказана. «Тут штосьці не тое, — падумаў Міхась. — Не ўсё ёсць у радках, засталося нешта па-за радкамі…» Ён трошкі паразважаў сам з сабою і адкрыў канверт ад пляменніцы.
Читать дальше