Ельскі пачынае расказ з таго, як у свой час іх карабель прычаліў да вострава Мадэра. Пасажыраў у момант акружылі мясцовыя жыхары. Абарваныя і галодныя дзеці за кожнай кінутай манеткай давалі нырца ў глыбіні мора. Але чым мог дапамагчы ім малады падарожнік, калі ў яго не было нават грошай, каб купіць крыху бананаў, якіх ніколі раней не бачыў?
У жніўні 1865 года карабель прыбыў у Кайену — гандлёвы і адміністрацыйны цэнтр французскай Гвіяны. Ельскага ўразілі кантрасты каланіяльнага горада: з аднаго боку — багатыя ўласнікі велізарных плантацый кавы, какавы, цукровага трыснягу, з другога — негры, мясцовыя індзейцы, мулаты, крэолы, усе тыя, у каго не белы колер скуры, хто за паўцаны, а то і проста дарма працуе на ненасытных еўрапейцаў. Асабліва жорстка праследаваліся індзейцы. «У час адкрыцця Гвіяны,— піша Ельскі,— яны жылі на ўсім абшары краіны, на ўзбярэжжы мора і ўздоўж рэк. Потым жа, заняволеныя, прыгнечаныя і пакрыўджаныя еўрапейцамі, індзейцы помсцілі, і за гэта на іх рабілі аблавы». Не лепшым быў лёс і ў завербаваных каланізатарамі азіяцкіх кулі: «Спачатку з імі заключалі кантракт усяго на некалькі год, абавязваліся адаслаць іх на радзіму. Але на самай справе да тых рабочых, якія не гавораць па-французску, адносяцца не лепш, чым да рабоў; сярод іх значная смяротнасць — і, кажуць, вяртаецца іх на радзіму менш паловы».
У Кайене за нязначную плату Ельскі ўладкаваўся памочнікам фармацэўта ў бальнічнай аптэцы. Кожную свабодную хвіліну ён выкарыстоўваў для падарожжаў у навакольныя дрымучыя лясы. Там вучоны збіраў і апісваў расліны, насякомых, птушак. Прэпарыраваныя чучалы адсылаліся ў музеі Еўропы. Адных павукоў Ельскі паслаў каля 300 экземпляраў. Вучоным адкрыты і ўпершыню апісаны не адзін новы від раслін і жывёл (адзін з відаў лаўра потым быў названы імем адкрывальніка). Сабраны Ельскім матэрыял даў іншым вучоным магчымасць зрабіць значныя абагульненні.
У трапічных джунглях падарожніка на кожным кроку падсцерагала небяспека. То ў ліянах прытойваўся ягуар, то побач з лодкай высоўвалася зяпа кракадзіла. Асабліва цяжка было даставаць змей. «Аднойчы,— успамінае Ельскі,— калі мы вечарам сядзелі ля стала, мне паведамілі, што каланісты даставілі велізарную вужаку. Гэта быў боа-канстрыктар даўжынёй звыш трох метраў і з выгляду зусім не пашкоджаны. Заплаціўшы 5 франкаў і дабавіўшы бутэльку віна, мы паклалі вужаку ў скрыню і зачынілі яе. Пры гэтым жывёліна кінулася на аднаго з нас, але не паспела ўкусіць, бо мы прыціснулі вечка. Назаўтра пасля работы ўсе служачыя бальніцы сабраліся, каб паглядзець на вужаку. Боа пачаў так моцна рыкаць, што можна было пачуць за кіламетр, і рыкаў бесперапынна амаль гадзіну. Такі зычны голас вужакі здзівіў усіх нас, бо, здаецца, ніхто з прысутных не чуў раней, каб боа рыкалі, ды яшчэ так гучна. Другі раз я паклаў у вялікую скрыню прынесенага мне боа-цэўрыса, які меў мо паўтара метра ў даўжыню. А калі ўрачы, як звычайна, сабраліся пасля дзяжурства ў маёй кватэры, аказалася, што хтосьці прынёс жывога пацука. Усе аднагалосна патрабавалі, каб я кінуў яго вужацы. Пацук першы зачапіў боа і ўцяў яго некалькі разоў, урэшце яны сашчапіліся. Вужака хапіла зяпай галаву пацука і імгненна, бы пружына, абвілася вакол яго і так праляжала да вечара. Потым боа аслабаніў ахвяру, але не праглынуў яе. Наступныя дзесяць дзён ён нічога не еў і ўрэшце здох. Як выявілася потым, у вужакі быў пераламаны хрыбетнік».
«У Сен-Ларэнц,— успамінае Ельскі ў кнізе,— здарыўся такі выпадак. Плывучы па рацэ разам з каланістамі, жандар убачыў у вадзе велізарную вужаку, боа-мурына, і застрэліў яе. Здымаючы скуру, заўважылі, што вужака мела ў страўніку праглынутага кракадзіла даўжынёй з метр, а той, у сваю чаргу, праглынуў меншага кракадзіла. Боа-мурына быў настолькі доўгі, што, змераўшы яго, склалі адпаведны дакумент: 7 метраў! Здараліся выпадкі, калі вужакі нападалі на людзей. Аднойчы той жа жандар забіў качку і палез за ёй у ваду. Раптам яго схапіла за плячо вужака і пачала цягнуць у вір. Жандар здолеў вызваліцца, але са страху потым захварэў на малярыю і лячыўся ў кайенскім шпіталі. Сляды вужачых зубоў застаюся на ўсё жыццё».
Наколькі небяспечнымі з'яўляліся змеі, нават мёртвыя, сведчыць такі выпадак. Аднойчы сябры Ельскага злавілі ў час прагулкі маладзенькага ягуара. «Ноччу,— піша падарожнік,— з'явілася яго маці і з рыканнем абышла дом. Яе візіты паўтарыліся некалькі разоў. Каб пракарміць ягуара, мы стралялі лятучых мышэй і птушак. Але па меры росту ягуар станавіўся ўсё больш ненажэрным; тады яму ахвяравалі курэй. А калі не стала і іх — гарэзлівы ягуар схапіў галаву высушанай вужакі, раскусіў яе, наткнуўся на ядавіты зуб — і здох».
Читать дальше