Цікава, што Янушкевіч быў добра знаёмы з бацькам вядомага казахскага песняра Абая — Абаем Кунанбаевым. У пісьме да таго ж Зялінскага ён паведамляў: «Крыху старэй султана Барака бій Кунанбай; гэта таксама вялікая славутасць у стэпе. Сын простага кіргіза, надзелены ад прыроды здаровым розумам, дзівоснай памяццю і дарам выступаць, дзелавіты, ён клапоціцца аб дабры сваіх супляменнікаў: вялікі знаўца стэпавага права і прадпісання алкарана, ён добра ведае рускія статуты, якія датычацца кіргізаў; суддзя непадкупнай сумленнасці і ўзорны мусульманін, плебей Кунанбай здабыў сабе славу прарока, да якога з самых далёкіх аулаў спяшаюцца за бескарыслівай парадай маладыя і старыя, бедныя і багатыя».
У адрозненне ад іншых тагачасных этнографаў, Янушкевіч не толькі захапляўся «экзатычнасцю» побыту казахскіх плямён. Падарожнік бачыў сацыяльныя кантрасты, апісаў жахлівую галечу, у якой жывуць казахі-беднякі: «У кожнай юрце я спадзяваўся знайсці шчаслівых пасту хоў Аркадыі... На жаль, рэдка дзе мой позірк не сутыкаўся з сумнымі малюнкамі беднасці. Хваробы апанавалі менш маёмаснае насельніцтва... Сэрца разрываецца на часткі, калі бачыш столькі мучанікаў, якія просяць дапамогі». Казахі няшчадна эксплуатаваліся як царскімі чыноўнікамі, так і сваімі баямі-феадаламі. «Вось дык прадстаўнікі ўлад бывалі тут! — усклікае Янушкевіч.— Сапраўдныя разбойнікі... Амаль кожны з іх разглядаў сваю службу толькі як сродак для таго, каб здабыць багацце. Шнырыў у акружэнні казакоў, сеяў страх на ўсю ваколіцу, быў непераборлівы ў спосабах вымагання». Пыхлівыя баі перакладалі ўсе павіннасці на плечы бедняка, які «ўсё лета, бы негр, працуе на багацея, жыве казіным малаком, пражыцца на сонцы амаль голы, бо баіцца, каб яму рабаўнікі не здзерлі адзення,— і што ён мае ўзамен? Нейкі стары, зношаны халат, некалькі дзесяткаў сыркоў і жменю проса, каб было што пасеяць на наступны год». Янушкевіч рашуча ўзнімаў голас у абарону казахаў, прапанаваў адкрыць для іх фельчарскія пункты, прыслаць больш пародзістую жывёлу. Словы ссыльнага рэвалюцыянера не разыходзіліся са справамі: ён лячыў хворых на ліхаманку, мірыў і аб'ядноўваў варожыя плямёны, добрасумленна перапісваў мясцовае насельніцтва.
Апрануўшыся ў казахскі халат, нястомны падарожнік дабраўся да хрыбтоў Алатау, з захапленнем апісаў іх прыгажосць, расказаў пра гістарычную ўрачыстасць (байгу), арганізаваную ў гонар далучэння да Расіі пяці плямён Вялікай арды, захаваў для будучыні многія легенды, якія яму ля падножжа гор расказала сляпая дзяўчына Джазык. Казахі палюбілі Янушкевіча і лічылі яго сваім. «Бачна,— пісаў наш зямляк,— я пакрысе ператвараюся ў кіргіза, і юрта становіцца для мяне звычайным жыллём». І ўсё ж Янушкевіч сумаваў па Беларусі, па «берагах радзімага Нёмана», спадзяваўся на памілаванне. Ды дарэмна. «Адольф меў гонар застацца ў памяці і сэрцы векапомнага цара Мікалая І,— іранізаваў у 1861 годзе Ф. Вратноўскі.— Гэты няўмольны вораг кожны раз, сустрэўшы ў спісе сібірскіх ссыльных, якіх збіраліся адпусціць на волю, прозвішча Янушкевіча, хапаўся за аловак і са злосцю выкрэсліваў радок».
Доўгачаканае памілаванне прыйшло толькі пасля таго, як на трон уступіў Аляксандр ІІ. Янушкевіч вярнуўся да сваякоў, у Дзягільню. Але здароўе было падарвана. Рэвалюцыянер і паэт, падарожнік і вучоны, Адольф Янушкевіч памёр 19 чэрвеня 1857 года. Мясцовыя сяляне, з якімі ён любіў размаўляць на беларускай мове, праводзілі труну на дзягільнянскія могілкі.
БЕНЕДЫКТ ДЫБОЎСКІ
Цяжка нават пералічыць усе галіны навукі, у якіх сказаў сваё важкае слова наш выдатны зямляк Бенедыкт Дыбоўскі. Як і Дамейка, ён быў здзіўляюча адукаваным чалавекам. Географ і заолаг, медык і антраполаг, літаратуразнаўца і лінгвіст, ён з'яўляўся таксама відным грамадскім дзеячам, адважным рэвалюцыянерам, якога царскія ўлады прыгаворвалі да павешання, а потым саслалі на катаргу ў Сібір. Дзённікі Дыбоўскага, яго апісанні падарожжаў па Сібіры і Далёкім Усходзе, чытаюцца як захапляючы мастацкі твор. Выдатны вучоны прайшоў доўгі і зайздросны жыццёвы шлях: ён пражыў без малога сто год і за гэты час напісаў 130 навуковых даследаванняў на самыя розныя тэмы. У глыбокай старасці прыйшло заслужанае прызнанне: незадоўга да смерці, у 1927 годзе, Дыбоўскі быў выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР.
Адносна даты і месца нараджэння Бенедыкт Іванавіча Дыбоўскага біёграфы разыходзяцца. Некаторыя з іх лічаць, што вучоны нарадзіўся 12 мая 1833 года ў маёнтку Тонвы Мінскага павета. Аднак сам Дыбоўскі ў сваіх дзённіках называе маёнтак Адамарын таго ж павета. Тут жа аўтар прызнае, што нарадзіўся ў 1830 годзе.
Читать дальше