Але і на далёкіх мерыдыянах, у сібірскай тайзе або дзікіх лясах Паўднёвай Амерыкі, нашы землякі не сядзелі склаўшы ў бяздзейнасці рукі. Яны памнажалі славу сваёй радзімы, адкрываючы і даследуючы чужыя кантыненты. Верныя свабодалюбівым, гуманістычным традыцыям свайго шматпакутнага народа, яны неслі свабоду іншым народам і іншым краінам. Беларусы былі заступнікамі і абаронцамі бурацкіх і казахскіх плямён, амаль дзікіх амерыканскіх індзейцаў. Беларусаў глыбока кранала гора негрыцянскага раба і знясіленага якута. Пазбаўленыя магчымасці працаваць непасрэдна для суайчыннікаў, яны працавалі для чалавецтва.
Аб слаўных сынах беларускай зямлі — адважных падарожніках, неўтаймаваных вучоных і здольных літаратарах — пойдзе гаворка ніжэй.
ІГНАТ ДАМЕЙКА
Вазьміце атлас і прыгледзьцеся да карты паўднёваамерыканскай краіны Чылі. Бачыце: ля Ціхага акіяна, там, дзе да яго падступаюць магутныя вяршыні Андаў, знаходзіцца горад Дамейка. А крыху паўночней — горны хрыбет, які носіць тое ж імя. Геолагі могуць назваць мінерал дамейкіт, батанікі — фіялку дамейкіяну, заолагі — малюска науцілус дамейкус. Аднак мала хто ведае, што ўсё гэта: і горад у далёкай краіне, і горны ланцуг, і кветка, і мінерал, і жывёліна — названа так у гонар нашага земляка, выдатнага рэвалюцыянера, вучонага і падарожніка Ігната Дамейкі. Сын беларускай зямлі, ён увайшоў у сусветную навуку, пакінуў прыкметны след у самых розных галінах чалавечых ведаў: мінералогіі і фізіцы, хіміі і металургіі, геаграфіі і батаніцы, геалогіі і педагогіцы, этнаграфіі і заалогіі. За свой доўгі жыццёвы шлях ён адкрыў багата залежаў серабра і медзі, напісаў 130 навуковых прац, якія друкаваліся на французскай, нямецкай, польскай, рускай, англійскай, іспанскай і іншых мовах.
...Кіламетрах у 15 ад Міра (цяпер Карэліцкі раён), над берагам рэчкі Уша, у пачатку мінулага стагоддзя стаяў драўляны палац з мудрагелістай вежай. Тут, у маёнтку Нядзведка, у сям'і старшыні Навагрудскага земскага суда Іпаліта Дамейкі 22 жніўня 1801 года нарадзіўся сын, якому далі імя Ігнат. Дзяцінства будучага вучонага прайшло ў беларускай вёсцы. Ігнат вельмі любіў слухаць народныя казкі, якія па вечарах расказвала старая прыгонная Тадора. Ад яе ж ён навучыўся гаварыць на беларускай мове.
У 1816 годзе, закончыўшы калегію ў Шчучыне, Дамейка накіраваўся ў Віленскі універсітэт. З затоеным дыханнем слухаў юнак лекцыі такіх выдатных вучоных, як Лелевель, Бароўскі, Франк, браты Снядэцкія.
Адначасова з Дамейкам у Віленскім універсітэце вучыўся другі слаўны сын зямлі беларускай, чыё імя ўжо тады было вядома аматарам паэзіі. Гэта быў геніяльны польскі паэт Адам Міцкевіч. Неўзабаве ён пазнаёміўся з Дамейкам і ўцягнуў яго ў тайнае таварыства філаматаў пад канспіратыўным імем Жэготы.
У Віленскім універсітэце Дамейка пасябраваў з многімі філаматамі. Сярод іх былі ўжо знаёмы нам Ян Чачот і выхаванец Мінскай гімназіі, адзін з першых польскіх паэтаў-рамантыкаў Тамаш Зан, высланы потым царскімі ўладамі ў далёкую Арэнбургскую губерню. З Вільні маладыя патрыёты часта выязджалі ў вёску, у тую ж самую Нядзведку, якая потым была ўвекавечана Міцкевічам у яго эпапеі «Пан Тадэвуш» (сцэна дуэлі паміж Дамейкам і Давейкам). У адну з такіх паездак Дамейка пазнаёміў Міцкевіча са сваёй стрыечнай сястрой Марыляй Верашчака. Звычайнае сяброўства хутка перарасло ў страснае пачуццё, трагічнае ў сваіх выніках: Міцкевіч не быў настолькі багаты, каб Верашчакі наважыліся аддаць за яго сваю дачку, і Марыля неўзабаве стала жонкай графа Путкамера.
У 1823 годзе царскім уладам удалося натрапіць на след тайных арганізацый. У турмы было кінута больш ста юнакоў. Камеры Міцкевіча і Дамейкі аказаліся побач — у сценах былога базыльянскага манастыра. Потым, апісваючы прабыванне ў гэтай турме ў трэцяй частцы паэмы «Дзяды», Міцкевіч вывеў свайго сябра Дамейку ў вобразе Жэготы. Той, хто чытаў паэму, памятае, што Жэгота расказвае зняволеным алегарычную байку пра д'ябла, які рашыў пасмяяцца над чалавекам і закапаў зерне капытом у зямлю, не ведаючы, што яно можа даць новыя ўсходы. І ў гэтых алегарычных словах быў глыбокі сэнс. Хаця царскія ўлады адправілі Міцкевіча і яго мужных сяброў у ссылку, хаця пад строгім наглядам паліцыі апынуўся ў вёсцы Заполле на Лідчыне, а потым у Жыбуртоўшчыне ля Дзятлава Ігнат Дамейка, зерне, кінутае філаматамі, не прапала дарэмна. Іх прыклад натхняў на барацьбу наступныя пакаленні.
У цёмную лістападаўскую ноч 1830 года, нібы працягваючы справу філаматаў, нападам на Бельведэр пачала ўзброенае паўстанне варшаўская моладзь. Неўзабаве яно перакінулася ў Літву і Беларусь. Ігнат Дамейка адразу ж прымкнуў да паўстанцаў. З важным даручэннем ён паехаў у наднёманскія лясы і па дарозе ледзь не загінуў ад рук тых жа паўстанцаў, якія па памылцы прынялі яго за шпіёна. Разам з іншымі мясцовымі патрыётамі непадалёку ад г. Ліды Дамейка далучыўся да арміі генерала Хлапоўскага і ў яе шэрагах змагаўся супраць царскага самаўладства. Паплечніцай Дамейкі была адважная жанчына Эмілія Плятэр. Пераапрануўшыся ў мужчынскі касцюм, яна ўзначаліла атрад кавалерыі і ў баі заўсёды першай кідалася ў атаку на ворага. Аднак, нягледзячы на гераізм такіх патрыётаў, як Эмілія Плятэр і Ігнат Дамейка, паўстанне пацярпела паражэнне — яго не падтрымалі прыгонныя сяляне. Разам з арміяй Хлапоўскага Дамейка вымушаны быў перайсці прускую граніцу і скласці зброю.
Читать дальше