Бывала, уволю напрацаваўшыся за дзень, старая мятла любіла пастаяць менавіта там, каля святла, каля акенца. І паназіраць за навакольным светам. Удзень па ўтульнаму дворыку бегалі галасістыя куры з пеўнікам, мітусіліся каля міскі з вадзіцай. А вось на высокім ганку, як звычайна, грэўся на сонейку лянівы кот. Цэлы дзень ён там спаў, а ўначы – дзесьці шлындаў. Пэўна, выходзіў па паляванне.
Калі ўвечары з’яўлялася гаспадыня з працы, кот жвава бег да брамы яе сустракаць. Мяцёлка назірала, як пяшчотна лашчыла маладая жанчына Мурлыку. Тады чамусьці крыху нават і зайздросціла… Ніхто яе так не абдымаў, ніколі не казаў добрых слоў. Не ведала яна ні пяшчоты, ні спагады. Увесь час працавала і працавала. Калі ў гападара быў дрэнны настрой, ён мог нават са злосцю кінуць яе ў цёмны вугал…

Потым – гаспадыня выносіла пачастункі для Мурлыкі і курэй. З цікавасцю назірала, як птушыны “батальён” кідаўся ўслед з крыкам, часам узнікалі і бойкі. Спачатку нават падалося, што гэтыя сытыя курачкі заўсёды адчувалі адну толькі галадуху. Таму і таўкліся з лямантам каля міскі з ежай. Цішком радавалася, што ў адрозненне ад птушак, таго ж лянівага коціка, яе не трэба карміць. Піць, есці яна ніколі не папросіць! Толькі заўсёды будзе старанна шчыраваць, наводзіць парадак у двары, на вуліцы. Галоўнае, каб гаспадар сачыў, каб мятла не згубіла свой поясок, які моцна трымаў цэлы пук бярозавых галінак.
На вуліцы паціху апускалася вечаровая шэрань, у каморы стала зусім цёмна. Але старой не спалася. Яна з самотай пра сябе разважала: “Цікава, хто заўтра прыцягне пільную ўвагу гаспадара? Магчыма, цяпер толькі новенькая будзе ўжо рэгулярна наводзіць парадак у двары і на вуліцы. А яе ўжо, мусіць, перастануць заўважаць… А потым – выкінуць на сметнік, як непатрэбную рэч!”
…Уранні ў камору зазірнуў гаспадар. Бадзёры, вясёлы. Па-маладому пацягнуўся на парозе, задаволена крэкнуў. Звыкла ўзяў у рукі старую мятлу, прыгладзіў вусы. Мурлыкаючы пад нос нейкую модную мелодыю, жвава пакрочыў на вуліцу. А новенькая замаркоцілася. Амаль са злосцю зірнула ўслед суседцы, шчыльна прытулілася да сцяны. І ўсё спадзявалася на нейкі цуд, нецярпліва чакала: калі ж нарэшце яе суседка страціць свой належны фармат, зробіцца непрацаздольнай?..

У аўтарскай рэдакцыі
Малюнак на вокладцы Алены Дудзінай
Астатнія малюнкі Інтэрнэт
Ганна Мікалаеўна АТРОЩЧАНКА . Нарадзілася ў пас. Чырвоны Рог, якога ўжо няма ў Добрушскім раёне Гомельскай вобласці. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў і Беларускага Саюза журналістаў. Ветэран працы. Паэтэса, празаік, журналіст, публіцыст. Піша на рускай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі: “Чырвоны Рог”, “Арыёза жыцця”, “Летуценніца” , “Лавровишня”, “Вы мне гадали по руке…”, “Кроза”. І прозы: “Сустрэча”, “Ветрагон”, “Жытнёвыя каласы”, “Жыццёвая гісторыя”, “Прыгоды жабрачкі…
Друкавалася ў шматлікіх калектыўных зборніках, у расійскіх выданнях. А таксама ў рэспубліканскіх часопісах: “Маладосць”, “Вожык”, “Алеся”, “Полымя”, “Гоман”, “Планета и семья”, “Мир животных”, “Метаморфозы”, газетах: “Літаратура і мастацтва” (“ЛіМ”), “Настаўніцкая газета”, “Народная газета”, “Беларуская ніва”, “Чырвоная змена, “Звязда”, “Гомельская праўда” і іншых… Вершы гучалі па абласному і рэспубліканскаму радыё.
Пераможца конкурсу, які праводзіў часопіс “Вожык” (1996г.), дыпламант літаратурнага конкурсу (часопіс “Алеся”, 2007 г.). За ўдзел ў Магілёўскім літаратурным конкурсе: “Душа в заветной лире” адзначана дыпломам (малая проза, 2013 г., трэцяе месца). Таксама адзначана дыпломамі за ўдзел у Міжнародных літаратурных конкурсах часопісаў “Метаморфозы” (публіцыстыка, 2013 г.) і “Доля” (“Паэзія”, 2014 г.). Музыку на вершы напісалі А. КАСТЭНКА, І. МАРЧАНКА, В. КАРАЛЁВА, У. БАБРОЎНІК, М. БУДЗЮХІН, В. ШАРМАНАВА.
