Прыімчаўся Янка на бераг, зьняў каралеўну з карэты, потым адчыніў цішком залатую табакерку і загадаў свайму памочніку зьнесьці мост. Чалавечак умомант зьнёс мост, а змораны Зьмей упаў у глыбокае мора і захлынуўся.
Тым часам прачнуўся кароль, глянуў праз вакно — вачам ня верыць: вядзе да палацу Янка ягоную дачку!
Выбег кароль насустрач, давай дачку абнімаць, цалаваць. Такі шчасьлівы, што і сказаць ня можна.
— Ну, хлопча, — кажа кароль да Янкі, — парадаваў ты мяне. Аддам табе за гэта сваю дачку замуж і апішу вам пасьля сваёй сьмерці ўсё каралеўства.
Справілі вясельле, і стаў Янка мужам каралеўны. Усе яго любілі, адна толькі каралеўна коса паглядала: не падабалася ёй, што стала жонкай простага мужыка. Прыстала яна аднойчы да Янкі:
— Скажы, хто табе той мост зрабіў, па якім ты мяне прывёз?
Аднекваўся Янка, аднекваўся — рады няма.
— Памру, — кажа жонка, — калі ня прызнаешся.
Што было рабіць — прызнаўся Янка і паказаў жонцы залатую табакерку.
— Толькі, кажа, — прысягні, што ты сама безь мяне ніколі яе ў рукі ня возьмеш.
Прысягнула жонка, а потым зноў прыстала да яго:
— Хачу жыць у замку на высьпе! Загадай свайму памочніку, каб зрабіў мост.
Янка не пасьмеў пярэчыць: адчыніў пры жонцы табакерку, загадаў памочніку — і стаў мост.
Пераехалі яны ў Зьмеяў замак. Жонка кажа:
— Ня зьнімай маста: мы будзем па ім на бераг езьдзіць — у госьці да бацькі і куды захочам.
Пажылі яны колькі дзён у замку. Захацелася Янку на паляваньне паехаць. Узяў ён лук, катка і мышку, каб весялей было ў дарозе, і паехаў па мосьце на бераг.
Толькі сышоў ён на бераг, як бачыць — ня стала за ім маста! «Што за дзіва?» — думае Янка. Мац у кішэню — аж няма табакеркі! Катка ўзяў, мышку ўзяў, а табакерку забыўся…
Тут ён аб усім здагадаўся.
«Вось табе і прысяга каралеўны! — падумаў сам сабе засмучаны Янка. — Я яе зь бяды выбавіў, а яна мне за дабро злом заплаціла. Цяпер зноў давядзецца ісьці ў сваю хатку і галадаць, як раней».
Сеў ён на беразе мора і аж заплакаў ад крыўды. Раптам чуе — мышка скрабецца ў кішэні. Высунула адтуль галоўку і пытаецца:
— Чаго плачаш, добры чалавек?
Расказаў ёй Янка пра сваю бяду.
— Нічога, — суцяшае яго мышка, — гэтай бядзе мы дамо рады.
Пашапталася яна аб нечым з катком, потым села яму на сьпіну, і паплылі яны цераз мора. Даплылі да замку. Тут каток схаваўся ў садзе, а мышка прабралася праз шчыліну ў пакой да каралеўны. Доўга сядзела яна там, цікуючы, дзе каралеўна хавае табакерку. І дагледзела-такі — у драўляным куфэрку!
Уночы, як лягла каралеўна спаць, прагрызла мышка куфэрак, схапіла табакерку ды пабегла ў сад да катка.
— Ёсьць, — кажа, — залатая табакерка!
— То садзіся зараз-жа мне на сьпіну! — загадаў каток. — Паплывем назад.
Села мышка яму на сьпіну, каток і паплыў, фыркаючы па хвалях.
Даплылі ўжо траха не да берагу. Каток пытаецца ў мышкі:
— Ці ня згубіла ты табакеркі?
— Не, — кажа мышка, — вось яна!
Падняла табакерку, каб паказаць катку, ды ня ўтрымала: табакерка плюх у мора!
— Ах ты, недарэка! — узлаваўся каток. — Што-ж ты нарабіла?
Выплыў ён на бераг і схапіў мышку зубамі:
— Я цябе задушу!
Убачыў гэта Янка, адабраў мышку. А як даведаўся, што здарылася, дык зноў сеў каля мора і моцна заплакаў — так шкада было яму табакеркі!
Раптам з мора паказалася галава серабрыстай рыбкі:
— Чаго ты плачаш, добры чалавек? Раскажы мне: можа я табе ў чым дапамагу за тое, што ты калісь збавіў мяне ад сьмерці?
Прыгледзеўся Янка — пазнаў тую рыбку.
— Эх, — цяжка ўздыхнуў ён, — вялікая, рыбка, у мяне ўтрата…
І расказаў рыбцы пра сваю бяду. Выслухала яго рыбка і кажа:
— Гэта бяда — не бяда! У мяне тут у моры табакерак колькі хочаш. Я буду выкідаць, а ты пазнавай, якая твая. Сваю забярэш, а мае мне назад кінеш.
Вільнула рыбка хвастом і нырнула на дно мора.
Неўзабаве пачала яна шпурляць на бераг табакеркі — залатыя, сярэбраныя, дыямэнтавыя, маленькія і вялікія. У Янкі аж уваччу мітусіцца ад табакерак. Давай ён пільна прыглядацца да іх, і нарэшце-такі ўбачыў сваю.
Зарадаваўся Янка, павыкідаў у мора лішнія табакеркі і крыкнуў да рыбкі:
— Дзякую, даражэнькая! Збавіла ты мяне ад бяды.
Адчыніў ён сваю залатую табакерку. Выскачыў зь яе чалавечак:
— Што загадаеш, гаспадар?
— Апошняя мая просьба да цябе, добры мой памочнік, — кажа Янка: — аблажы ў поўнач саломаю Зьмеяў замак на высьпе і спалі яго.
— Добра, гаспадар! Будзе зроблена.
Дачакаўся Янка поўначы і, як зашугаў Зьмеяў замак, пайшоў адсюль з катком і мышкаю шукаць лепшых людзей.