* * *
Калі хочаш, каб татуля
Назаўсёды звар'яцеў,
Раскажы яму праўдзіва,
Што учора ты рабіў.
Калі ён пры гэтым зможа
Утрымацца на нагах,
Дык пра заўтрашнія пляны
Ты яму распавядзі.
Калі з выглядам вар'яцкім
Тата песьні запяе,
Тут жа ў хуткую зьвяртайся.
Тэлефон 103. (адзін-нуль-тры)
* * *
Калі ты гуляў у шапцы,
І кудысьці шапка зьнікла,
Не хвалюйся, маме ўдома
Можна нешта нахлусіць.
Ды маніць прыгожа трэба,
Каб ў вялікім захапленьні,
Сьцішыўшы дыханьне, мама
Доўга слухала хлусьню.
Наманіўшы-нахлусіўшы
Пра загубленую шапку,
Што яе ў няроўнай бойцы
Злосны адабраў шпіён,
Пастарайся, каб мамуля
Не хадзіла абурацца
У замежную выведку -
Там яе «не зразумейт».
* * *
«Трэба зь меншымі дзяліцца!
Трэба ім дапамагаць!»
Гэта правіла заўсёды
Помніце, сябры мае.
Вы яго сястры старэйшай
Ціха-ціха паўтарайце,
Каб малодшы брат пра гэта
Анічога не пачуў.
* * *
Калі рукі за абедам
Вы запэцкалі салатай
І стыдаецеся пальцы
Аб настольнік [1] Настольнік - абрус.
выціраць,
Апусьціце непрыкметна
Іх пад стол і там спакойна
Вашы рукі выцірайце
Аб суседскія штаны.
* * *
Калі ты ў сваёй кішэні
Ні капейкі не знайшоў,
Лезь ў кішэню да суседа -
Відавочна, грошы там.
* * *
Калі твой сусед па парце
Моцна кашляе і чхае,
Абдымі яго - і ў школку
Ты ня прыйдзеш тыдні два.
* * *
Каб кароткіх замыканьняў
Ў родным доме не было,
Ты, выходзячы з кватэры,
Захапі з сабою прас,
Пыласос, электраплітку,
Тэлевізар і таршэр.
Лямпачкі вазьмі таксама,
Занясі ў суседні двор.
Але больш надзейна будзе
Перарэзаць правады,
Каб ва ўсім мікрараёне
Тут жа вырубіць сьвятло.
І з упэўненасьцю, горда
Можаш ўсім тады сказаць:
«Ад кароткіх замыканьняў
Я зьбярог свой родны дом!»
* * *
Калі сумна ў хаце стала,
Дык запалкі даставай.
Татаў гальштук, мамін пашпарт -
Вось і вогнішча ужо.
Калі тапачкі падкінуць
Ці сякі-такі дзяркач [2] Дзяркач - венік.
,
Столак [3] Столак - табурэт.
можна будзе смажыць,
Юшку ў тумбачцы варыць.
А калі бацькі схавалі
Ўсе запалкі ад цябе,
Патлумач ім, што запалкі
Трэба, каб зрабіць пажар.
* * *
Калі, мыючы сыночка,
Зразумее раптам мама,
Што яна заместа сына
Мые нечую дачку...
То ня трэба нервавацца,
Ну хіба так гэта важна -
Ўсе аднолькавыя дзеці,
Калі брудныя яны.
* * *
Як састарэеш, то хадзі
Заўсёды пехатой.
Ў трамвай ня пніся - ўсё адно
Там сесьці не дадуць.
І зараз мала ёсьць дурных,
Каб месца саступаць,
А покуль станеш ты стары -
Ня будзе іх зусім.
* * *
Калі блізка ля дарогі
Вы гуляеце ў футбол
І, паслаўшы мяч ў вароты,
Раптам чуеце сьвісток,
Не крычыце: «Гол!», магчыма,
Гэта міліцыянер
Засьвісьцеў, бо мяч патрапіў
Не ў вароты, а ў яго.
* * *
Пераходзячы дарогу,
Не сьпяшайся пад трамвай.
Пачакай на сьветлафоры,
Ці ня зьявіцца адкуль
«Газік» хуткай дапамогі -
Езьдзяць лекары на ім.
Хай саб'юць цябе, а потым
Самі будуць лекаваць.
* * *
Калі ворагаў ты хочаш
Пабароць адным ударам,
Ні ракеты, ні патроны
Не патрэбныя табе.
Ськінь да іх на парашуце
(заканчэньне сам прыдумай)
Ворагі цераз гадзіну
Самі рынуцца ў палон.
А калі пусты радочак
Ты ня хочаш сам запоўніць,
Прапаную варыянты,
Выбірай сабе любы.
Ськінь да іх на парашуце:
Меншую сваю сястрычку,
Тату, маму і бабулю,
Дырэктрысу роднай школы,
Педсавет у поўным складзе,
Рухавік ад «Запарожца»,
Стаматолагаў дзясятак,
Капрызуліка Арцёма
Альбо Яначку Папову,
Сок са школьнага буфета
Ці «Бязглуздыя парады»...
Ворагі цераз гадзіну
Самі рынуцца ў палон.
* * *
Калі мама есьці кліча,
Пад канапаю хавайся.
Сьцішся там, каб не адразу
Тата з мамаю знайшлі.
А калі за ногі будуць
З-пад канапы валачы,
Выдзірайся і кусайся,
Усчынай сапраўдны бой.
Калі сілаю дастануць
І пасадзяць ўсё ж за стол,
З кубка выверні гарбату,
Вылі на падлогу суп.
Рот далонямі зацісьні
І са столка падай ўніз.
Падкідай уверх катлеты,
Хай да столі прыстаюць.
І з павагаю празь месяц
Людзі скажуць пра цябе:
«З выгляду худы і дохлы,
А характар - быццам сталь!»
Читать дальше