У спальні двое акон. Адно з іх нічым не застаўлена і відаць зверху данізу. Другое ж унізе закрыта прысунутай упрытык спінкай грувасткага ложка. Першае акно было надзейна зачынена знутры. Усе намаганні падняць яго аказаліся марнымі. Злева ў аконнай раме была знойдзена шырокая дзірка з забітым туды па самую галоўку вялікім цвіком. Калі агледзелі другое акно, дык знайшлі такі самы цвік, які быў гэтак жа забіты ў раму; энергічныя спробы падняць гэта акно таксама аказаліся марнымі. Такім чынам паліцыя цалкам пераканалася, што злачынцы не маглі ўцячы гэтым шляхам, і менавіта таму палічылі за лішняе выцягваць цвікі і адчыняць вокны.
Мае назіранні былі ў пэўнай меры больш уважлівыя, я ўжо тлумачыў чаму. Мне трэба было даказаць, што ўсё тое, што здавалася немагчымым, на самай справе зусім не такое.
Я пачаў разважаць aposteriori [16] У зваротным напрамку (лац.).
.
Забойцы, скажам, вылезлі праз адно з тых акон. Калі так, то яны не маглі зачыніць вокны знутры, іх жа знайшлі апушчанымі, — гэта акалічнасць, бо яна была відавочная, спыніла пошукі паліцэйскіх. Усё ж такі рамы былі замкнёныя. У такім разе яны павінны былі зачыняцца аўтаматычна. Ад такой высновы адмовіцца было немагчыма. Я падышоў да свабоднага акна, не без цяжкасці выцягнуў цвік і паспрабаваў падняць раму. Як я і думаў, яна не паддавалася. Тады я зразумеў, што існуе патаемная спружына, і дзякуючы гэтай ідэі я ўпэўніўся, што мае меркаванні, урэшце, былі правільныя, якімі б таямнічымі па-ранейшаму ні здаваліся акалічнасці, звязаныя з цвікамі. У выніку старанных пошукаў тая самая патаемная спружына знайшлася. Я націснуў на яе, задаволены сваёй знаходкай, але абмежаваўся толькі гэтым, не спрабуючы падняць акно.
Я ўставіў цвік назад і ўважліва агледзеў яго. Чалавек, які вылез праз акно, мог звонку апусціць раму, і спружына спрацавала б, але як уставіць цвік назад? Выснова была простая і зноў жа адпавядала ходу маіх даследаванняў. Забойцы павінны былі ўцякаць праз другое акно. Калі меркаваць, што спружыны на кожнай раме былі аднолькавыя, а гэта было верагодна, тады павінна быць розніца паміж цвікамі альбо паміж тым, як яны ўстаўлены ў рамы. Стаўшы на ложак, я зазірнуў за яго спінку, уважліва агледзеў другую раму. Правёў па ёй рукой і адразу ж намацаў спружыну і націснуў на яе. Потым я агледзеў цвік. Ён быў такі ж тоўсты, як і першы, і таксама ўваходзіў у раму амаль па самую галоўку.
Калі ты скажаш, што гэта мяне збянтэжыла, значыць, ты не зразумеў характару індуктыўнага спосабу мыслення. Гаворачы мовай паляўнічых, я ніводнага разу «не згубіў следу». Нюх усё ж мяне не падвёў. Ва ўсім ланцугу разважанняў не знайшлося ніводнага разарванага звяна. Я прайшоўся па ўсім ланцугу — і ў канцы знайшоў цвік. Ён па ўсіх прыкметах быў падобны на свайго калегу ў суседнім акне, але сам гэты факт быў абсалютна нязначны (хоць і здаваўся пераканаўчым) у параўнанні з тым меркаваннем, што якраз тут і можна знайсці ключ да разгадкі таямніцы. «Тут, відаць, нешта не так з цвіком», — падумаў я. Потым дакрануўся да яго, і ў маёй руцэ засталася галоўка цвіка разам з абломкам шпянька даўжынёй паўсантыметра. Астатняя частка цвіка засталася ў дзірцы, дзе ён, відаць, і зламаўся. Злом — даўні (бо на ім паспела з'явіцца ржа) і, відаць, быў вынікам удару малатка, які і заглыбіў уверсе рамы галоўку цвіка. Я асцярожна ўставіў назад выцягнутую частку цвіка, у выніку пачало здавацца, што цвік цэлы, нават без адзінай расколіны. Націскаючы на спружыну, я прыпадняў раму, разам з ёю паднялася і галоўка цвіка, якая моцна трымалася ў дзірцы. Я апусціў акно, і цвік зноў быў падобны на цэлы.
Такім чынам, гэтая частка загадкі была разгадана. Забойца ўцёк праз акно, якое было застаўлена ложкам. Калі ён вылез, рама апусцілася сама па сабе (альбо яе зачынілі спецыяльна) і замкнулася спружынай, паліцэйскія ж падумалі, што акно забіта цвіком і палічылі далейшае расследаванне немэтазгодным.
Наступнае пытанне — як злачынца спусціўся ўніз. Тут мяне задаволіла наша прагулка вакол будынка. Прыкладна за паўтара метра ад згаданага акна — громаадвод. Дацягнуцца праз такую адлегласць да акна, а тым болей залезці праз яго — немагчыма. Аднак я заўважыў, што аканіцы на пятым паверсе былі асаблівыя — парыжскія цесляры называюць іх ferrades, — яны даўно выйшлі з моды, але іх часта яшчэ можна ўбачыць на старадаўніх асабняках дзе-небудзь у Ліёне альбо ў Бардо. Яны па форме нагадваюць дзверы (звычайныя, аднастворкавыя), з адной толькі розніцай, што ў ніжняй частцы рашотка, і таму за яе зручна брацца рукамі. У доме мадам Л'Эспанэ шырыня аканіц — крыху больш за метр. Калі мы бачылі іх са двара, яны былі напалову адчыненыя — гэта значыць былі перпендыкулярна сцяне. Відавочна, паліцэйскія, як і я, аглядалі дом са двара, але, гледзячы на гэтыя ferrades у папярочным разрэзе (а я ўпэўнены, што так і было), яны не ўсвядомілі, наколькі тыя былі шырокія ці, ва ўсякім разе, не надалі гэтаму належнай увагі. Карацей кажучы, упэўніўшыся, што злачынцы не маглі вылезці праз акно, яны, вядома, абмежаваліся вельмі павярхоўным аглядам. Я ж зразумеў, што калі аканіцу акна, застаўленага ложкам, расчыніць да самай сцяны, дык адлегласць паміж ёю і громаадводам будзе крыху больш за паўметра. Было таксама відавочна, што дзякуючы выключнай смеласці і спрыту можна было пералезці з громаадвода ў акно. Выцягнуўшы руку на восемдзесят сантыметраў, пры ўмове, што аканіца была адчынена насцеж, рабаўнік, відаць, ухапіўся за рашотку. Адпусціўшы потым громаадвод і ўпёршыся нагамі ў сцяну, ён мог адпіхнуцца і зачыніць аканіцу, а калі акно ў той час было адчынена, то і апынуцца ў пакоі.
Читать дальше