Андрэй Адамовіч
Песня пра Цімура
Carmen de statura feritate ac venatione Timuris
Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу выдавецтва
Напісана падчас праграмы Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча «Gaude Polonia»
Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў працы над тэкстам Богдану Кшыштафу Задуры і Андрэю Хадановічу
На вокладцы кнігі выкарыстана гарнітура «Skaryna»
Усе персанажы прыдуманыя.
Усе супадзенні з рэальнымі людзьмі выпадковыя.
Аўтар можа не падзяляць перакананні герояў.
© Адамовіч А. С., 2019
© Афармленне.
Выдавец А. М. Янушкевіч, 2019
© Афармленне і распаўсюджванне e-book
ТАА «Электронная кнігарня», 2020
⁂
Кожны, хто пачынаў з варшавякамі, кракавякамі, люблінцамі, пулаўцамі ці, беражы божа, беластаччанамі спрэчку пра нацыянальную прыналежнасць Адама Міцкевіча, ведае, што правільныя аргументы пра абсурднасць панятка этнічнай ідэнтычнасці ў дваццаць першым стагоддзі – не галоўнае.
Галоўнае – не прапусціць момант і, прыгнуўшыся, даць нырца пад удар у сківіцу, правесці акуратную двоечку, уваліць з калена і бегчы, бегчы, бегчы. Ажно пакуль вам не давядзецца стагнаць «Jebać policję zero tolerancji», калі вас будуць вазіць тварам па падлозе камеры часовага ўтрымання.
Вось вам і прычына, з якой я выбраў для аповеда не падзеі з жыцця сусветна вядомага беларускага паэта дзевятнаццатага стагоддзя, аўтара паэм «Дзяды» і «Пан Тадэвуш», а лёс амаль забытага ў нашы дні паэта Цімура Хоміча.
Нездарма ж мудры беларускі народ склаў, а не такія мудрыя, затое з псеўданавуковымі тэмамі дысертацый, дацэнты Інстытута мовазнаўства запісалі за беларускім народам такія выслоўі, як «Хоміч – галава, а ты – срака конская» ці «Хоміч на Парнас ляціць, а ты – нах-й!». Зрэшты, вы і самі можаце знайсці прыказкі, прымаўкі, показкі і мацерныя вершыкі пра Хоміча ў слоўніках і зборніках навуковых канферэнцый. А калі ты чалавек таленавіты, Цімурам пацалаваны, то, можа, і сам штосьці такое напішаш, намазюкаеш. Але між намі, рыбаловамі-аматарамі, не веру я, што нешта выйдзе хоць у каго-небудзь з вас. Колькі ў часы Хоміча было паэтаў, а як хопішся, дык гэты графаман, той крывы, той кульгавы, гэты на фуршэце абасраўся, гэты – проста сабутэльнік выдаўца.
Дробныя таленты, хочаш у зубы даць – а няма каму. Не таленты нават, а так – трэба ж у часопісы штосьці ставіць. На часопіс грошы шведы далі, а бабкі ператварыліся ўжо ў футра, завушніцы і шэсць скрынь каніны, пяць з якіх выпілі. Разумець трэба: хоць у БРСМ уступі, а часопіс мусіць выйсці. Шведы не палюбяць за такое баляванне. То рэдактар схопіцца за гмэйл, а там вершы, напрыклад, Сямёна С., або нават калі і Паўла П. ці, як пашчасціць, Міхала Х. І што? І ўсё, не Хоміч!
Тады ўстане рэдактар, пратрэ лоб сурвэткай, якой учора на банкеце стол мялі, закрэкча, падыдзе да акна, паглядзіць на заводскі комін, які ўсім і кожнаму нармальнаму чалавеку нагадвае мужчынскі полавы х-й, а гэтаму рэдактару – міжзорны карабель. Пакрэкча гэты рэдактар, пакрэкча дый пацягнецца па тэлефон. Што рабіць, трэба патэлефанаваць Хомічу, можа, не верш, дык хоць радок які, можа, хоць камэнтар пакіне, можа, хоць зойдзе на сайт у гэтым месяцы. Ці, можа, мама яго што ўзгадае з жыцця, ці там першае школьнае сачыненне захавалася недзе ў бабкі на лецішчы, бо яна ў Цімура ніякая не калгасніца, а самая сапраўдная доктарка навук была, штосьці там па марксізме-ленінізме.
І толькі памарыць пра гэта рэдактар, крыху паружавеюць ягоныя шчочкі, толькі расправіць ён плечы, каб скінуць з сябе цяжар рэдагавання беларускага літаратурнага часопіса, толькі на секунду забудзе ён пра ўсіх гэтых графаманаў і сабутэльнікаў, і вось-вось пачуе ён ужо голас Цімура, як тут як тут, як верадовец на вока, прыходзіць канец мараў, крах чаканняў.
Нельга больш патэлефоніць Хомічу. Не з намі Цімур.
Дзе ж Хоміч? Дзе-дзе, хто ж яго ведае, дзе ён, той Хоміч, аднаму богу ведама. І мне, натуральна, і мне крышачку, бо ў сваім тэксце я і Вітаўт, і Міндоўг, і халера з каналізацыйнага калектара.
Згуляем з вамі ў гульню. Я вам падказку дам. Крывіцкая Мекка. Туды яшчэ на закупы ездзяць, хто пры грашах. І вы ўжо адразу: «У Вільні Цімур, так?» А вось вы, як баба Клава з восьмай кватэры, – глухія і ў палітоне, стаіцё, нічога не разумееце, у нямытае акно маёй прозы пазіраеце.
Читать дальше