Дзяжурны прыйшоў з сабакам, абшукалi забоi, увесь аб'ект працы - нi Казiмiра, нi яго слядоў. Знiк Казiмiр.
Прыйшлi ў калону на дзве гадзiны пазней i елi вячэру халодную.
Днi праз два артыст сказаў:
- Я ведаю, як ён уцёк. Ён на самазвале паехаў. Лёг ў кузаў i выехаў за ахоўную зону.
След Казiмiра адшукаўся зусiм незвычайна. Месяцы праз тры, ужо ў канцы лета, артыст атрымаў лiст, на капэрце якога быў маскоўскi штэмпель. Я чытаў той лiст.
"Прывет, Барыс Iсакавiч, - пiсаў Казiмiр, - я, вось бачыш, усё ж вызвалiўся. Прашу цябе зрабiць ласку. У бараку на маiм былым месцы, пад дошкай, дзе ўзгалоўе, ляжыць фотакартка маёй дачушкi. Будзь другам, вазьмi яе i перашлi, бо такой фотакарткi ў мяне больш няма".
Ён указаў маскоўскi адрас нейкай жанчыны.
У лiсце перадаваў прывiтаннi ўсёй брыгадзе, у тым лiку i мне.
- Глядзi ты, - здзiўляўся артыст, - вызвалiўся, а? Уцёк. Да Масквы дабраўся. Вось табе i слабы чалавек. Яму ж для гэтага i адзенне прыслалi. Можа, i пашпарт быў у той пасылцы?
Фотакартку артыст знайшоў i выслаў. Мы яе бачылi. Там была бялявая, з дзвюма коскамi дзяўчынка, вельмi падобная на Казiмiра.
ТАНЯ
Каханне - страсць неадольная. У самых цяжкiх абставiнах, нечалавечых нават, яно нараджаецца, iснуе, змагаецца, часам чалавек ставiць яго на карту разам з жыццём. Для кахання не iснуе нi межаў, нi часу. Ёсць двое закаханых, значыць, яны неразлучныя, як бы нi былi аддалены адно ад аднаго.
Апiсаны такi выпадак пра каханне ў сярэднявеччы. У закрытай карэце на плошчу везлi з турмы для пакарання смерцю мужчыну i жанчыну, дагэтуль памiж сабою не знаёмых, асуджаных iнквiзiтарскiм судом па розных справах. Iх абаiх чакала пятля. У карэце яны сядзелi насупраць адно аднаго. I вось дарогай да эшафота - ну колькi там было часу, можа, гадзiна, а можа, i менш, - яны закахалiся. Душэўныя парываннi ўспыхнулi такой сiлы i такой страсцi, што абое, хоць iх чакала блiзкая смерць, адчулi сябе самымi шчаслiвымi ў свеце. Яны набылi веру ў сваё бяссмерце, паверылi, што iх, такiх шчаслiвых i закаханых, забiць нельга. На эшафот узышлi з натхнёнымi тварамi, шчаслiвыя, вясёлыя. I калi святар падышоў iх паспавядаць перад смерцю i спытаў, якiя яны маюць апошнiя просьбы, тыя папрасiлi абвянчаць iх. Святар вагаўся, але народ, што сабраўся на плошчы, зашумеў, патрабаваў задаволiць просьбу асуджаных на смерць. I святар злучыў iх рукi. Яны абнялiся, пацалавалiся i з усмешкамi на тварах самi надзелi сабе на шыю пятлю... Каханне падняло iх на вышынi шчасця.
А якое каханне i якiя страсцi часам кiпелi ў зэкаў там, дзе былi разам мужчыны i жанчыны.
Прыкладна за дзесяць месяцаў да майго вызвалення я быў пераведзены ў калону на ўскраiне горада Камсамольска-на-Амуры. Гэты новы горад пабудавалi не камсамольцы, а вязнi, калоны якiх акружалi горад з усiх бакоў. Ды i ў самiм горадзе iх хапала.
У гэтай калоне я працаваў на прадуктовай базе грузчыкам i быў расканваiраваны.
У ёй знаходзiлiся i жанчыны. Iх барак стаяў асобна ад мужчынскiх i не меў нiякай ад нас iзаляцыi. У яго можна было зайсцi любому мужчыну, гэтак жа як i жанчына магла зайсцi ў любы мужчынскi барак.
Сярод жанчын-зэчак пераважна былi чамусьцi пажылыя калгаснiцы з Казахстана - расейкi i казашкi, асуджаныя па закону ад сёмага жнiўня трыццаць другога года. Як расказвалi самi жанчыны, яны ўкралi з поля хто каласы, хто снапы ратавалiся ад галоднай смерцi. Так што асаблiвай увагi мы на iх, пажылых, не звярталi.
Былi i масквiчкi, маладыя i сiмпатычныя, па якiх мы, навiчкi ў калоне, маглi толькi ўздыхаць, бо яны былi ўжо занятыя ўплывовымi блатарамi-лiдэрамi i тымi, хто займаў начальнiцкiя пасады.
Я закахаўся ў масквiчку Таню, якую звалi Зубны Парашок. Калi хто помнiць, да вайны выпускалi зубны парашок ў круглых каробачках, на якiх быў намаляваны сiмпатычны тварык дзяўчыны з залацiстымi кудзеркамi. Шырокая вясёлая ўсмешка адкрывала яе роўненькiя зубы. Вось такая ж i была гэта зэчка Таня, невялiкага росту, зграбненькая, мiлавiдная, ветлiвая i вясёлая.
Упершыню я ўбачыў яе на базе, куды партыю жанчын прывялi перабiраць бульбу. А я тады палiў печы ў сховiшчы для агароднiны, ну i загаварыў з ёю, калi яна прысела каля печы пагрэцца. Хто яна, адкуль, я не пытаўся, а стараўся гаварыць больш пра сябе, паказаць сябе кавалерам, вартым увагi. Чытаў ёй вершы, пераважна Ясенiна, свае. Яна слухала ўважлiва, усяму верыла, лёгка ўсё ўспрымала, смяялася. Мяне захапляла яе прыгожая прапарцыянальнасць. Пад яе малы рост падыходзiла ўсё: зграбныя рукi, ногi, твар, прыгожая галоўка з белымi кудзеркамi. Пра такiх малых гавораць - пад бярозавы лiсцiк схаваецца. Але чым больш я перад ёю рысаваўся, тым больш пераконваўся, цi мне так здавалася, што да мяне ў яе не было нiякай цiкаўнасцi.
Читать дальше