Дзяржынскі не выступаў на нарадзе. Многія з ленінскіх тэзісаў аб міры зрабілі на яго моцнае ўражанне. Але з апошнім тэзісам, які Уладзімір Ільіч не зачытваў — тлумачыў вусна, ён не мог ніяк згадзіцца.
Каля Леніна быў і Троцкі. Ён не радаваўся ні перамозе «левых», ні сваёй перамозе. Троцкі, можа, адзін з усіх апанентаў Леніна зразумеў, які гэта сур'ёзны дакумент — ленінскія тэзісы аб міры. Бухарын сорак хвілін трубіў пра рэвалюцыйную вайну экспромтам. Сам ён, Троцкі, таксама звыкла практыкаваўся ў красамоўстве. Паланіў слухачоў сваімі доказамі. Але слухачоў было менш сямі дзесяткаў. Што з яго доказаў яны запомнілі? Ленін жа напісаў грунтоўную тэарэтычную работу, якую прачытае, будзе вывучаць уся партыя. Калі толькі паспеў пры яго занятасці? Троцкі папракнуў сябе, што ў Брэсце ён мала напісаў, хоць палітычная камісія засядала адну-дзве гадзіны, ды і то не кожны дзень.
Троцкі думаў, якім чынам нейтралізаваць уздзеянне ленінскіх тэзісаў. Падбіць Леніна, каб ён хутчэй апублікаваў тэзісы. Вось што трэба. Тады такія груганы, як Бухарын, Асінскі, Радэк, пачнуць аспрэчваць кожны сказ, кожнае палажэнне, заблытаюць, зацьмяць простыя і ясныя ісціны настолькі, што звычайнаму радавому члену партыі, рабочаму, які з марксісцкай тэорыі засвоіў хіба толькі лозунг рэвалюцыі, а тым больш непісьменнаму селяніну будзе немагчыма разабрацца, хто ж большы рэвалюцыянер — Ленін ці Бухарын. А ў выніку большасць можа падтрымаць яго, Троцкага, пазіцыю. О, як яму хацелася, каб хоць адзін стратэгічны напрамак рэвалюцыі быў вызначаны яго тэорыяй! Пакуль што на ўсіх этапах, ад лютага да кастрычніка і пасля, у перыяд свайго пераможнага шэсця, як называе гэта Ленін, рэвалюцыя развіваецца па ленінскай тэорыі, па ленінскім плане. А яму, Троцкаму, адводзілася роля практыка, выканаўцы. Ён павінен сваёй рукой падпісаць мір, неабходнасць якога так горача і — нельга не згадзіцца — абгрунтавана даводзіць Ленін.
Дзяржынскі слухаў Леніна, не перапыняючы, было відно, як Старшыні ВЧК хочацца зразумець усю логіку ленінскіх доказаў. Дзяржынскі, практык і рэаліст, з адным згаджаўся: з тымі ўзброенымі сіламі, якімі валодае рэспубліка (а іх, па сутнасці, няма), ніякай вайны, тым больш рэвалюцыйнай, весці нельга, гэта сапраўды абсурдна.
— Таварыш Дзяржынскі, наязджайце на фронт... напрыклад, на Мінскі ўчастак... да сябе на радзіму... і паглядзіце на армію — што ад яе засталося. Думаю, вы не станеце, як Асінскі, крычаць, што я хачу адаслаць вас на фронт?
— Што вы, Уладзімір Ільіч! Я прынімаю вашу аргументацыю. Я хачу зразумець іншае...
Далікатнасці Дзяржынскага Троцкі не меў; любога субяседніка ён мог перапыніць на паўслове і заглушыць сваім красамоўствам. Так ён і зрабіў.
— Фелікс! — да сваіх калег па Саўнаркому, за выключэннем Леніна і некаторых старых, як Скварцоў-Сцяпанаў, Троцкі звяртаўся фамільярна, па-панібрацку, часам заваёўваючы гэтым пэўныя сімпатыі ў тых, хто кляваў на такую танную прыманку.— Не мучай Уладзіміра Ілыча. Заўтра работа Леніна з'явіцца ў «Правде». Мы вывучым яе, і тады размова можа быць больш прадметнай. На пасяджэнні ЦК, напрыклад.
Ленін нічога не адказаў на тыраду Троцкага. Гэта насцярожыла Троцкага, і ён упэўнена і настойліва параіў:
— Тэзісы абавязкова трэба апублікаваць!
— Заўтра? — Ленін прыжмурана ўгледзеўся ў Троцкага, напэўна, адгадваючы тайны сэнс нечаканага клопату наркома па замежных справах аб прапагандзе яго працы.— І вы лічыце, што гэта паможа вам у перагаворах з немцамі?
Троцкі адчуў, што Ленін заганяе яго ў кут.
— Мы не робім тайны з нашай палітыкі.
— Мы ператварыліся б у наіўных прасцякоў, каб адкрывалі ўсе свае тайны,— Ленін задумаўся.— Не. Тэзісы мы не будзем публікаваць. Па крайняй меры, да прад'яўлення немцамі афіцыйнага ультыматуму. Мы пазнаёмім з тэзісамі дэлегатаў з'езда Саветаў. Разашлём партыйным арганізацыям.
Троцкі ўнутрана перасмыкнуўся. О, Леніна немагчыма збіць з тропу! У яго ўсё прадумана. І стратэгія, і тактыка. Апублікаваныя адразу, тэзісы маглі б стаць звычайным артыкулам, якіх зараз па пытанні міру і вайны з'яўляецца нямала ва ўсіх газетах, бальшавіцкіх, эсэраўскіх, меншавіцкіх, і іх сапраўды адкрыта дзяўблі б апаненты. Зусім іншая рэч, калі гэта пойдзе як дакумент ЦК, Саўнаркома — афіцыйны дакумент партыі, урада. Па ім можа быць дыскусія. Але гэта будзе дыскусія зусім іншага характару. Пры такой сітуацыі і Бухарыну, і яму, Троцкаму, прыйдзецца выпрацоўваць іншую тактыку і нямала патраціць энергіі, каб аспрэчыць ленінскія погляды. Трэба перашкодзіць, каб тэзісы сталі агульнапартыйным дакументам. Трэба дамагчыся рашэння ЦК аб неабходнасці іх публікацыі. Ленін, які строга трымаецца партыйнай дысцыпліны, падпарадкуецца рашэнню ЦК.
Читать дальше