Робінс не ведаў яшчэ сутнасці тэзіса Троцкага «ні міру, ні вайны», таму на яго пафасныя словы не звярнуў асаблівай увагі, падумаў толькі, што Ленін сказаў бы пра гэта інакш — з нейкім асаблівым, простым і зразумелым тэарэтычным абгрунтаваннем; за ходам ленінскай думкі заўсёды цікава сачыць.
Робінс быў тонкі дыпламат, але паколькі выступаў ён не як прадстаўнік пасольства, то дазваляў сабе ісці да мэты наўпрасцяк, з ваеннай ці камерцыйнай грубаватасцю.
— Мне здавалася, што немцы ў іх становішчы ахвотна падпішуць мір з Расіяй. Не разумею, што хочуць вытаргаваць Гогенцолерны?
Ведаў ён аб нямецкіх прэтэнзіях, бо знаёміўся з сакрэтнай інфармацыяй, якую атрымоўвала пасольства. У Брэсце, у штабе Гофмана, знаходзіўся англійскі агент, але натуральна, што яго інфармацыя даходзіла праз Швецыю з вялікім спазненнем.
Троцкі злавіў сябе за язык — чуць не выдаў сутнасць нямецкага ультыматуму. Безумоўна, Савецкі Урад не робіць тайны з перагавораў, аднак пэўныя дэталі не могуць не быць нейкі час сакрэтам. Выдаць іх раней, чым ён даложыць Саўнаркому, Леніну, было б неасцярожным учынкам. Але разам з тым Робінс павінен ведаць яго адносіны да нямецкіх патрабаванняў, якія раней ці пазней усё адно стануць вядомымі.
Троцкі сказаў катэгарычна, самаўпэўнена:
— Я ніколі не падпішу недэмакратычнага міру!
Робінс трохі не падскочыў на канапе. Пасля ён прызнаваўся, наколькі ўзрадавалі яго такая заява наркома па замежных справах і яго самалюбіва-амбіцыйны тон.
Ніводзін міністр замежных спраў не адважыўся б на падобную заяву без згоды ўрада!
Апраўданы любыя намаганні, каб пачуць такое. Робінс перайшоў у наступленне:
— Пан народны камісар, спадзяюся, што вы знаёмы з прамовай прэзідэнта Вільсана ў кангрэсе. Я перадаў поўны тэкст яе пану Леніну.
— Так, Ленін прыслаў прамову дэлегацыі, і мы азнаёміліся...
— Згадзіцеся, што гэта вельмі сур'ёзны дакумент. Гэта — праграма міру.
— Пан Робінс, не здаецца вам, што вы забываецеся, што я адзін з тых, хто выпрацоўваў нашу, бальшавіцкую, праграму міру,— нагадаў Троцкі пра сваё месца ў Савецкім Урадзе і ў гісторыі.
— Пан Троцкі, я гэтага не забываю. Але я не бачу супярэчнасці паміж праграмай Вільсана і прапановамі Савецкага Урада.
Троцкі ўсё яшчэ паказваў сваю рэвалюцыйнасць:
— Розніца ёсць. Мы за тое, каб справу міру ўзялі ў свае рукі народы...
— Я гатовы згадзіцца, што вайна можа быць імперыялістычнай, як вы сцвярджаеце. Але мір... Мір — дабро ў першую чаргу для тых, хто ў акопах. Для рабочых і сялян. Бачыце, як я засвоіў бальшавіцкую тэрміналогію,— пажартаваў Робінс.— Пан народны камісар, вы, безумоўна, звярнулі ўвагу на пункт шосты праграмы прэзідэнта. Ён прысвечаны Расіі. У ім гарантуецца атрыманне Расіяй «поўнай і бесперашкоднай магчымасці прыняць незалежнае рашэнне адносна яе ўласнага палітычнага развіцця і яе нацыянальнай палітыкі». Гэта сур'ёзная заява.
Калі тыдзень назад Робінс, уручаючы тэкст прамовы Вільсана, звярнуў увагу Леніна на гэтыя словы, Ленін адразу ж парыраваў: «Пан Робінс, рабочым і сялянам Расіі не патрэбны гарантыі для свайго самастойнага палітычнага развіцця ні ад якіх добрых і багатых дзядзькоў. І не ім гарантуе самастойнасць развіцця пан Вільсан. Ён падбадзёрвае, заахвочвае рускую контррэвалюцыю. Так я разумею словы, ад якіх вы прыйшлі ў захапленне».
Робінс ажно разгубіўся тады ад такога «недыпламатычнага адказу». Але Ленін прымусіў яго прачытаць словы Вільсана з іншых пазіцый — з пазіцый людзей, якія ўзялі ў Расіі ўладу.
Троцкі адказаў інакш:
— Я вывучыў гэты пункт прамовы прэзідэнта, як і ўсе іншыя. Тут ёсць аснова для дыялога.
— Робінс задаволена каўзануўся на канапе: о, якая істотная розніца паміж думкамі кіраўніка ўрада і чалавека, якому даручана знешняя палітыка і які вядзе перагаворы з немцамі!
Выкарыстоўваць яго настрой трэба з ходу. Робінс добра ведаў уплывовасць Троцкага, яго лідэрства ў немалой групе членаў ЦК.
— Пан Троцкі, я не дыпламат, як вам вядома. Я — прадстаўнік дзелавых колаў. Пракляты імперыяліст. Я ніколі не любіў дыпламатычных хітрыкаў. Але заўсёды, з-за сваёй «праклятаму» быў чалавекам слова і справы. Магчыма, пры нашых ранейшых сустрэчах я стараўся быць дыпламатам. Сёння ж хачу спытаць у вас, як кажуць, адкрытым тэкстам. Што дасць Расіі мір з Германіяй? Страту значных тэрыторый? — Робінс раскрываў сваю дасведчанасць.— Уплату кантрыбуцыі? А ў выніку яшчэ большы развал, анархію і голад. Голад! Пан нарком, голад — страшнейшы вораг любога ладу... любой манархіі і любой рэвалюцыі. Місія Чырвонага Крыжа склала карту раёнаў Расіі, дзе ўжо галадаюць. Гэта вялікія раёны. Не хапае не толькі хлеба. Няма вугалю. Солі. Запалак. Карасіну. Тканіны. Абутку. Дзе вы можаце ўсё гэта ўзяць, каб накарміць, абагрэць і адзець мільёны людзей? Хто гэта ў сённяшнім свеце мае? Толькі мая краіна. Амерыка патрабуе нямнога — трымаць фронт супраць немцаў, нават без наступальных аперацый. Прыміце нашых ваенных саветнікаў. І нашых спецыялістаў. За два месяцы мы наладзім вам здабычу вугалю ў Данбасе, здабычу нафты ў Баку. Арганізуем работу чыгунак. Дамо пшаніцу. І закідаем вашых мужыкоў дабротнымі таварамі. Дайце нам толькі карты...
Читать дальше