Крыленку можна зразумець: яму хацелася хутчэй пазбавіцца ад старой арміі. А пазбаўляцца зараз нельга. Нельга, таварышы! Трэба зрабіць максімум намаганняў для ўмацавання абароны рэспублікі!
Уладзімір Ільіч успомніў учарашняе пасяджэнне Саўнаркома, дзе па яго прапанове абмеркавалі стратэгічнае становішча на моры ў выпадку актыўных дзеянняў Германіі. Было суцешна, што абмеркаванне прайшло вельмі сур'ёзна. Дыбенка зрабіў грунтоўны даклад, хоць, магчыма, трохі з ухілам да самазаспакаення, да перабольшання баявой гатоўнасці рускага флоту. Безумоўна, матросы — апора рэвалюцыі. Але матросы — тыя ж сяляне, ім таксама хочацца дадому, дзе дзеляць памешчыцкія землі. Знамянальна, што ніхто, нават з левых эсэраў, не ўчыніў ніякай абструкцыі пастанове, усе пагадзіліся з неабходнасцю ўмацавання марскіх рубяжоў, асабліва на подступах да Петраграда.
У сённяшнім парадку — абвяшчэнне чыгунак на ваенным становішчы. Як пройдзе гэтая ідэя? Падвойскі, Свярдлоў, Сталін і Дзяржынскі, з якімі Уладзімір Ільіч паспеў параіцца, падтрымалі такую важную меру ва ўмацаванні абароны. Чыгунка з засіллем на ёй вікжэлеўцаў-меншавікоў, эсэраў можа стаць ахілесавай пятой пры абароне, а тым больш — пры адступленні арміі. Без наладжанай чыгункі накопленая ў прыфрантавой зоне ваенная маёмасць апынецца ў немцаў. Дапусціць гэтага ніяк нельга! Ваеннае становішча. Ваенная дысцыпліна. Падначаленне чыгуначных чыноўнікаў камандзірам і салдацкім Саветам! Толькі так перад пагрозай нямецкага нашэсця! Відаць, дэкрэт гэты пройдзе нялёгка. Хто можа выступіць супраць? Штэйнберг? Добра загадзя ведаць апанентаў і іх аргументы. З тактычных меркаванняў Ленін перанёс пытанне аб чыгунках з ліку першых у сярэдзіну парадку дня. Быццам бы радавое — побач з асігнаваннем 25 тысяч рублёў Савету горада Сольцы на неадкладныя патрэбы насельніцтва.
З ліку дэкрэтаў, якія ўжо абмяркоўваліся, але патрабавалі подпісу Старшыні Саўнаркома, Уладзімір Ільіч яшчэ раз перачытаў «Дэкрэт аб прымусовым заняцці для дзяржаўных і грамадскіх патрэб будынкаў і памяшканняў у Петраградзе».
Да такіх дакументаў у Старшыні Саўнаркома была асаблівая ўвага. Такі дэкрэт не павінен даваць ніякай падставы для беззаконных высяленняў грамадзян. Лягчэй канфіскаваць завод, фабрыку, маёнтак, там усё ясна — экспрапрыяцыя эксплуататараў, заводчыкаў, памешчыкаў. З жылымі памяшканнямі цяжэй. Тут можа лёгка здарыцца, што экспрапрыяцыя домаўласніка закране кватэранаймальнікаў — інтэлігенцыю і нават рабочых. Справядлівае размеркаванне жылля не менш важна, чым размеркаванне хлеба.
У дэкрэта гэтага была свая гісторыя, яна пачалася эпізодам, які спачатку Леніна абурыў, а цяпер развесяліў. Выпраўляючы асобныя пункты, робячы іх больш дакладнымі, Уладзімір Ільіч прыгадаў гэты сапраўды такі камічны эпізод.
Тыдні два назад нарком сацыяльнай апекі Аляксандра Міхайлаўна Калантай вырашыла заняць пад шпіталь Аляксандра-Неўскую лаўру. Манахі запратэставалі. Выкарыстаўшы свае адносіны з Дыбенкам, Калантай папрасіла ў яго атрад матросаў, і тыя паспрабавалі заняць лаўру гвалтам. Манахі ўчынілі бойку і адстаялі сваю абіцель. Добра, што матросы аказаліся свядомыя і ніхто з іх не схапіўся за зброю.
Ленін, калі даведаўся пра гэты інцыдэнт, вельмі абурыўся. Запрасіў Калантай і зрабіў ёй вымову.
— Гэта самачынства, якое ганьбіць Савецкую ўладу. Нікому не дазволена рабіць падобныя высяленні, тым больш не ўзгадніўшы з СНК!
Аляксандра Міхайлаўна павінілася. Аднак упартасць у яе, настойлівасць тыпова жаночая, ад намераў сваіх яна рэдка калі адступала, пра гэта Уладзімір Ільіч ведаў яшчэ ў эміграцыі.
Калантай папрасіла, каб пытанне было вынесена на Саўнарком. Ленін лёгка згадзіўся, каб указаць усім іншым наркомам на недапушчальнасць падобных анархісцкіх дзеянняў. Людзей трэба вучыць, выхоўваць.
На Саўнаркоме, нечакана для яго, большасць наркомаў выказалася за заняцце лаўры: для інвалідаў вайны таўстапузых служкаў бога можна і паціснуць.
Уладзімір Ільіч зразумеў, што Калантай перахітрыла яго: добра «папрацавала» са сваімі калегамі. Яе агітатарскія здольнасці развесялілі. Старшыня Саўнаркома мусіў згадзіцца з большасцю. Але тут жа прапанаваў прыняць дзве пастановы. Першая абавязвала Калантай звярнуцца да насельніцтва з адозвай, у якой растлумачыць, што Аляксандра-Неўская лаўра займаецца для знявечаных воінаў, апублікаваць адозву ў нядзельных нумарах газет і расклеіць па ўсім Петраградзе асобнымі лістоўкамі — не менш як трыста тысяч экземпляраў. Другой пастановай лаўра перадавалася «Саюзу знявечаных воінаў».
Читать дальше