* * *
Наступны дзень быў такі ж цёплы, як і папярэднія. І людзі гэтак жа ўпарта і нястомна таўклі на вуліцы снежную кашу. Але ён гэтага не бачыў. Ён спаў спакойным, моцным мужчынскім сном на сваім ложку ў сваім інтэрнаце. На гэты раз яму не прыснілася нічога.
Недзе пасля абеду сон пачаў паступова адыходзіць, і думкі адразу ж перанеслі яго зноў у той утульны маленькі пакойчык з сінімі валошкамі ў нізкай тоўстай вазе на вялізным плакаце-календары. Яго ён заўважыў толькі пад раніцу.
«Зараз яна на працы... да паловы дзевятай, - успомніў, зірнуўшы на гадзіннік. - А так хочацца пабачыцца зноў».
Праз якую хвіліну Жэнік быў ужо ля тэлефона-аўтамата і накручваў прадыктаваныя Валяю лічбы.
- Я слухаю, - пачулася ў трубцы.
- Валя? Добры вечар. Гэта Морыс. Пазнала?
- Ага.
- Я пакінуў у цябе сваю куртку. Сёння зайду забяру.
- Заходзь.
- Ты будзеш мяне чакаць?
- ...
- Ало, Валя. Ты чуеш?
- Чую.
- Дык я зайду.
- Я ж кажу, заходзь.
«Які я наіўны, - думаў ён, кладучы трубку. - І пацягнула ж нешта за язык». «Чакаць будзеш?» - перадражніў сам сябе ледзь не ўголас.
Валянціна сустрэла яго ў сваім пакойчыку стрымана. «А няўжо ж на шыю кінецца. Гэта табе не Марыя, - зноў пакпіў ён сам з сябе.
- Хачу папіць з табою чаю, - прапанаваў першае, што прыйшло ў галаву. Толькі б затрымацца яшчэ хоць некалькі хвілін. Тыя мяккія, але моцныя павуціны, якімі яна аблытала яго яшчэ ноччу, скавалі не толькі цела, але і гонар, і Жэнік гатовы быў ужо на каленях маліць Валянціну, каб дазволіла застацца тут.
- Зараз падагрэю ваду. Але я піць не буду. Калі хочаш, магу зварыць каву.
- Не, лепей чай.
- Табе трэба не спазніцца на аўтобус. Тут далекавата дабірацца, - напомніла яна.
...Па дарозе дамоў ён думаў пра Валянціну ўжо са злосцю: «Вось я цябе і раскусіў, даражэнькая. Ты кахаеш за пачастунак. Табе нальеш, у рэстаран зводзіш - і каханне забяспечана. Не пачастуеш - бывай здароў. Як жа гэта ўсё прыкра. А яшчэ пытаецца, ці пазваню. Трэба ёй гэты званок...»
Але назаўтра ён пазваніў. І зноў Валянціна прымусіла аслупянець ад здзіўлення.
- Ты не крыўдуеш на мяне? - пыталася яна чароўным шэптам. - Прыходзь сёння. Я буду чакаць.
Пасля гэтых слоў хлопец гатовы быў хоць зараз з усіх ног імчаць да яе ў той маленькі ўтульны пакойчык з сінімі валошкамі на вялізным плакаце-календары.
* * *
Усе мы залежныя ад волі нашага ўладара - усемагутнага Лёсу, добрага і бязлітаснага ў адначассе. У яго свае правілы, свае ўмовы гульні, якімі ён ніколі і ні з кім не дзеліцца. Усё вырашае сам - Бог і д'ябал у адной асобе. Некалькі дзён назад ён захацеў злучыць, звязаць у адзін вузел дзве нітачкі чалавечых жыццяў і зрабіў гэта самым неспадзяваным, нейкім не зусім нават натуральным чынам. Жэнік адчуваў, што калі яму і не выпадзе сустрэцца больш з Валяй, дык вузел гэты ўсё роўна доўга-доўга будзе тлець у яго сэрцы пякучым вугольчыкам. Зараз жа Лёс захацеў, каб тае прагна чаканай сустрэчы не адбылося, і вось ужо юнак імчыць у цягніку дамоў, туды, дзе яго чакаюць бацькі і сціплая вясковая дзяўчына Марыя.
«Дома нешта здарылася, гэта бясспрэчна, - трывожныя думкі заглушалі грукат цяжкіх жалезных колаў цягніка, нацягвалі кожную мышцу яго маладога здаровага цела, вымушалі іх напружана дрыжаць, як пры цяжкай рабоце. - Але што, што магло здарыцца? Чаму такі скупы на словы быў гэты ліст ад Марыі? У ім нічога не растлумачана. Можа... самае горшае? Не. Тэлеграма была б».
На процілеглай лаўцы сядзела немаладая вясковая кабета ў ярка размаляванай хустцы, ела вараныя яйкі і хлеб. Затым бялявая ружовашчокая правадніца прынесла чай, і жанчына пачала сваімі непаслухмянымі, пакрыўленымі і патрэсканымі пальцамі развязваць зашмальцаваную насоўку, у якой ляжалі некалькі пяцірублёвак і адна дзесяцірублёвая паперка. Капеек не было.
Рукою, падобнаю больш на сухую альховую галінку, жанчына працягнула правадніцы грошы. Зрабіла яна гэта да таго няўпэўнена, нават з непрыхаваным страхам, быццам апраўдвалася, што ў яе не знайшлося капеек.
- У мяне няма здачы, - наганяючы на жанчыну яшчэ больш страху, адрэзала правадніца. - Калі размяняеце сваю пяцёрку, тады і прыйдзеце па чай.
І правадніца падхапіла са стала ахутаную парай шклянку ў металічнай падстаўцы.
- Хвіліначку, - спыніў яе раптам Жэнік. - Вось вам капейкі. Стаўце чай на стол.
Ён сам выхапіў з пухленькіх дагледжаных рук гарачае пітво, паставіў перад жанчынай.
- Дай Бог табе здароўя, сыночак, - толькі і прагаварыла тая, абдымаючы, быццам нейкую вельмі каштоўную рэч, звычайную шклянку, напоўненую духмяным напіткам.
Читать дальше