Вайда Толя не мог дараваць, што нехта першы палазіў па ферме пасля партызан. Пасля таго як ён уцёк з Даўгынава, ад яго стагнала ўсё Замошша. Лазіў увосень па садах і па градах; краў у хлявах з-пад курэй яйкі і піў іх сырыя; не хадзіў, а бегаў вечна з пушчалкай у руках і біў вокны. Знайшоўшы ў Віры ржавы ствол ад вінтоўкі, адрэзаў напільнікам канец і зрабіў сабе самаробны пісталет. Страляў з аўтаматных патронаў сарок, варон, бацяноў, курэй, сабак... Калі стаялі ў вёсцы партызаны — і дняваў і начаваў з імі. За што за якое — але яны ўсягды давалі яму страляць. А любіў ён страляць, як чорт ведае што, і страляў ужо з вінтоўкі — з нашай і з нямецкай, з аўтамата, з ручнога кулямёта, з сэвэтэ, з пісталета, — з усяго таго, што было ў партызан. Толькі з пэтээра ён не страляў — у партызан было мала патронаў; а з зялёнага кулямёта, з таго, у які трэба заліць вады перад тым, як страляць, ён хацеў «пусціць вочарадзь» сам, нават ленту дастаў са скрыначкі, але яго партызаны ўзялі за вуха і завялі праз вёску дамоў да бацькі... Самаробны пісталет быў недзе ў яго і цяпер; была ў яго і новенькая цынкавая скрыначка патронаў ад нашай вінтоўкі — украў у кутузаўцаў, калі тыя дзялілі скінуты ноччу перад блакадай парашут; былі і нямецкія патроны ў абоймах — цэлы кошык у хлеве пад сенам. Не было ў яго толькі гранат — глушыць рыбу. Хваліўся, што ён кідаў гранаты на Віліі: нямецкія — з доўгімі драўлянымі ручкамі: адкруціў крышачку ў пяце на ручцы, тузануў за шнур і шпурнуў пад лазу ў вір... Рыбы пасля глухога выбуху і белага слупа вады аж бела ў рацэ. Хваліўся, што кідаў і нашы «эфкі», вырываючы драцяное кольца, але пасля іх не было рыбы: «эфкі» дзёрлі з карэннем і лазу з берага і аер са дна; секлі высака ўгары альшэўнік і рвалі на кавалкі плотак у рацэ — пасля выбуху мутная вада вірыла, як зацірка ў гаршку на агні ўперамешку з пасечанай на кавалкі рыбай... Доўга пасля была белая ад лускі рака... Кідаў ён гранаты ці бачыў, як кідалі, — ніхто гэтага не знаў.
Гудзела над галавой каменне, і крычалі ў пыле ўсе малыя Вайды — пёрліся, каб скарэй наваліцца на яго гамузам. І так шкада зрабілася «эфкі»: новай, халоднай, цяжкай, рубцаватай, якой ніколі не дзяржаў у руках за ўсю вайну... Што ён — сам яе не кіне ў раку? Не зможа глушануць рыбу?
Уцякаць было позна; ды і куды ўцячэш ад Бізуні?
Хаваючыся, ён скочыў за свіран, за вугал, і цяпер толькі згледзеў, што свіран высака падняты ад зямлі і каменне ў падмурку толькі па вуглах. Дастаўшы з-за пазухі «эфку», ён сціснуў яе ў руцэ — чуць ашчапіў пальцамі — і засунуў ля камення пад ніжняе вянцо — глыбака, як дастаць рукой. Зірнуўшы, убачыў яшчэ бліскучую дужку. Справіўся яшчэ падняцца і абабіць з калень сухую шуму і пясок... І тут яго схапіў за грудзі Вайда Толя і, падставіўшы ззаду нагу, піхнуў з усёй сілы. Ён ляцеў дагары і чуў, як бразгаюць ля ног патроны — пасыпаліся з-пад рубашкі. Стукнуўшыся галавой аб цвёрдую зямлю, ляжаў і не ўставаў: цёмна стала ўваччу.
— Пат-троны... бляха... Кароўнікі абчысціў... Падымайся і вытрасай усе да аднаго.
Закруціў пад вуглом вецер, сыпануў у вочы чорнай сухой патрухі. Пашка Жарскі заплюшчыўся і пачаў падымацца, памалу-памалу: балела галава. Крычалі немаведама што, збіраючы ў траве патроны, Вайда Казя і Збысь са Здзісем. Адскочылася да плота і выставіла свае вочкі-васількі з высокай мятліцы і лебяды Вайда Рымуся. У роце і ў жменьцы ў яе было поўна шчаўя — доўгага, зялёнага, якое расце на загуменні на межах у густой высокай траве.
Калі ён падняўся, Вайда Толя паставіў яго «смірна», задзёр яму ўгару рукі і, выцягнуўшы з-пад дзяжкі рубашку, абмацаў усяго з верху да нізу.
— Сабр-раць патр-роны!.. — закамандаваў ён. — І ўзяць з сабой. Ножык бяру сабе... Табе, смаркач, халоднае аружые не спатрэбіцца...
Чацвёра Вайдаў, нават Рымуся адной ручкай — у другой заціснула шчаўе — сабралі патроны ў прыпол Вайду Казю. Ён стаяў з імі ў прыполе, як усё роўна яму насыпалі маладой бульбы, накапаўшы ў гародзе.
— Не рассып! — камандаваў Вайда Толя, і Вайда Казя падняў вышэй падол з патронамі. З-пад палатнянай рубашкі ў яго паказаўся беленькі стручок, і ўсе засмяяліся. Вайда Казя нагнуўся, але падала не апускаў: баяўся рассыпаць патроны. — Цяпер усе марш у кароўнікі. Робім вобыск. І ты... — піхнуў ён Пашку Жарскага ў плечы. — І глядзі ў мяне. Калі яшчэ што выцягну з-за пазухі...
Толькі цяпер Пашка Жарскі згледзеў, што Вайда Толя быў як «камандзір»: цераз плячо ў яго вісела кірзавая сумка, у ёй, чуваць было, нешта бразгала: можа, яго пісталет з патронамі, а можа, пазбіраныя на дарозе адумыслыя круглыя каменьчыкі, якія ён пускаў з пушчалкі. Ад сумкі, прычэплены з аднаго і з другога боку, звісаў беленькі бліскучы нямецкі ланцужок-шомпал. Дагэтуль у яго не было ні сумкі, ні ланцужка. Чым не камандзір? Не хапала толькі пісталета збоку, як у партызан, і гранаты, якую можна было пакласці ў мяшэчак і павесіць на жываце на дзягу... Ён ніколі яшчэ не меў сваёй гранаты і цяпер, відаць, думаў яе знайсці: рваўся ў кароўнікі. Прыплюснутыя вочы ў яго гарэлі, шырокі твар сцякаў потам, з разяўленага рота, з абвіслай ніжняй губы цякла сліна — яму на рукі і на сумку.
Читать дальше