І Джукі пабег у канец Бабчына пад Стралічава.
Пацягнуўшы носам густы пыл з палыном і мазутам, Джукі адразу пачуў, што ягонага маладога гаспадара няма ў грумадзе. Але ён бег, усё нюхаючы пыл і форскаючы носам, у грумаду да школы пад канец вёскі. Усюды пахла палыном і саляркай, здратаванай травой, дымам ад папярос і праціўным вінным перагарам, як ад кіеўскага таксіста, а ён, Джукі, цягнуў і цягнуў носам пыл: не ля школы, дык ля магазіна гаспадар будзе — мала, што ён у тую раніцу сеў з маладой гаспадыняй — у яе на руках было двое малых, а ён валок два вялікія чамаданы — у бітком набіты аўтобус. Перад тым гаспадар пусціў яго ў хату і доўга гладзіў па галаве, гледзячы ў вочы. Пасля сам лізнуў яго, Джукі, у нос і заплакаў. Джукі бег ззаду за аўтобусам аж за Стралічава, не дабегшы да Хойнік. Джукі не раз быў у Хойніках, ведаў, што малады гаспадар мог сесці ў вялікі чырвоны аўтобус і паехаць далей — у Гомель. Ну і што?.. Не раз было: паедзе — прыедзе…
У грумадзе ля школы на дзядзінцы неяк прарэзліва і праціўна звінелі галасы і вёдры — ну і што? Хіба так не было? Завялі трактар, застракатаў матацыкл, зараўлі цяжкія, крытыя брызентам машыны, пускаючы сіні дым вышэй стрэх. Ля магазіна стаялі ў рад вялікія чырвоныя аўтобусы…
Джукі адразу сунуўся ў грумаду — пад ногі: яму раптам здалося, што ён пачуў знаёмы пах гаспадара — пах свіней на свінакомплексе, саляркі, варанай бульбы і яшчэ нечага рэзкага — так пахлі двое маленькіх дзяцей, калі гаспадар трымаў іх на руках; малаком і сікамі. Гэты пах быў недзе зусім блізка, і Джукі аж спёрла ў горле. Ён бег, цёршыся ля босых, мокрых ад расы і апырсканых граззю ног, ля халяў кірзавых запыленых ботаў і заляпаных гноем гумовікаў, ля новых беленькіх кедаў, красовак, туфелек, чаравікаў і басаножак… Ён круціўся ўзад-уперад, задыхаючыся ад пылу, яму сталі абцасам на балючую правую лапу, і ён закульгаў… Кульгаў, пакуль не пачаў задыхацца ад пылу і знямогі. Падумаў тады, што і боты, і босыя ногі, і штаны, і спадніцы — усё пахне сёння гаспадаром: свіным хлевам, гарам і дзіцячымі сікамі, збіваючы яго са штыху.
Рыкала недзе скаціна, крычалі і плакалі людзі, брахалі сабакі, хлебястаў блізка трактар, але Джукі не шманаў — такое бывала і ля школы, і ля магазіна не раз. І не такое нават, калі сюды сыходзілася вечарам шафярня і калі сярод іх быў кіеўскі таксіст. Але сёння над усім гэтым — над вёскай, над людзьмі, над доўгімі чырвонымі аўтобусамі і вялікімі кузаўнымі машынамі, крытымі брызентам, у кабінах якіх сядзелі ваенныя, вісела нейкая ўтрапёная, гарачая чалавечая трывога, якую Джукі ўлавіў ужо тыдні два назад. Яна адрознівалася ад звычайнай сабачай трывогі, і яе Джукі ніяк не мог зразумець сваім маладым яшчэ розумам… Нарэшце яна вылілася ў адну кроплю, чыстую і празрыстую, як раса на ніжыперніцы: ён больш ніколі не ўбачыць свайго маладога гаспадара з маленькімі дзецьмі на руках…
Над вёскай павіслі гарачае сонца — паліла з засмужанага жоўтага неба — і плач. Дзяцей адлучылі ад грумады і пасадзілі ў вялікія чырвоныя аўтобусы — садзілі людзі ў белых шапачках на галовах. Ад іх пахла ёдам — аж зрывала нос.
У аўтобусах шчыльна пазачынялі вокны.
Астатняя грумада, грукаючы кірзавымі ботамі, шлёпаючы гумовікамі і сіляючы басаножкамі пясок, села ў крытыя брызентам машыны.
Ля школы асталося некалькі чалавек з вёскі — пусціліся бегчы за машынамі. Джукі абагнаў іх і пабег першы. Бег аж за Стралічава, пакуль язык ад пылу, што падымалі машыны, не зрабіўся шорсткі, як кара…
Тады яго зноў зблажыла…
Змораны, Джукі сядзеў на пагурку ля шашы пад Стралічавам і глядзеў на поўдзень, дзе несціхана гулі ў небе самалёты і далёка, недзе ўжо на Ўкраіне, падымалася і стаяла, як і ўсе гэтыя дні, густое бурае воблака. Ён не ведаў чаму, але яму раптам захацелася завыць, і ён, задзёршы ўгару галаву і гледзячы на рудое воблака, над якім кружылі дробныя чорныя мушкі — самалёты, зацягнуў, як воўк. Раз, другі, цягнуў доўга, як выліваючы з душы і страх і бяду і сабачыя слёзы па гаспадару, якога вельмі любіў, і самому яму адтаго рабілася жудасна — уставала на хібе поўсць…
У Бабчыне пачалі адзывацца сабакі.
Яны і атакавалі яго, калі ён збег з пагурка ад Стралічава на вялікі лог з асушальнымі канавамі, у якіх блішчала на сонцы вада. Бабчын разросся, пайшоў паўкругам да шашы і да лесу, акруціўшы шырокай, доўгай абтаполенай вуліцай хат на дзвесце вялікі лог, дзе нядаўна яшчэ было возера. Па ім плавалі на чоўнах па траву, лавілі карасёў і стралялі качак.
Читать дальше