Бачыўшы, чуўшы ўсяночнае памінанне многа разоў, няцяжка ўявіць і Анёлкава. На возе — зрэбная буда, нацягнутая на арэхавыя каблукі. Каняжына хрупае сена не з перадка, як звычайна, не ў аглоблях стоячы, а прывязаная за возам. Паміж задзёртымі аглоблямі, на ахапку саломы, сядзіць бязногі ці бязрукі дзед. Сляпая бабуля — на возе, у чалесніках буды. З бабінага слязлівага раешніка возьмем толькі пачатак, а можа, і з сярэдзіны, словам, тое, што мне запомнілася з маленства.
За галоснымі званамі
ды за яснымі свяцамі,
за бажэсцвеннымі службамі…
Знаеш, ведаеш, як то
Бог кожную душачку хрысціянскую,
па імені назваўшы…
Тут уклінялася канкрэтнае — заказ дзесяцікласнікаў:
Івану Максімавічу і Аляксею Іванавічу,
душэўным настаўнічкам нашым
царства нябеснае!..
А дзед у аглоблях уторыць, як чмель:
Божа, васпомні душачкі змарлыя,
Божа, васпомні…
Нямком старэйшы Чыркун прыкідваўся, вядома, не сярод сваіх. Часамі гэта выручала ніжнебайдунцаў, а то дык бывала і дрэнна…
Па дровы нашы ездзілі пры панах далёка, бо лес бліжэйшы быў малады, казённы і не прадаваўся. А торфу тады капалі мала. У тую зіму, якую згадваю, было вельмі многа снегу. Звернеш трохі з наезджанай дарогі, і конь правальваецца, і сані тыя з дровамі — як выцягнуць, і гуртам папіхаючы. І вось на Галым балоце, у пушчы, сустрэліся два абозы з дровамі, наш і, здаецца, хлюпіцкі. Сутыкнуліся першымі коньмі, храпа ў храпу, і стаяць — кожны вазак сам сабе хітры, ніхто не хоча скрануцца ў аб'езд.
У нашых першы ехаў Кураўка. Тут да яго, саней за трое, падышоў Чыркун і, як нямко, прычапіўся сварыцца. Не да таго чужога, сустрэчнага, а да свайго. Адзін мармыча штосьці, нема паенквае, размахвае рукамі, а другі крычыць. І скачуць ужо загрудкі. Кураўка так раз'ярыўся, што давай распрагаць кабылу. Прасцей было б сякеру з воза ўзяць, а ён распрог, схапіў дугу за канец і, трасучы ёю над галавой «нямка», крычаў усякую несусвеціцу. Доўга дурыліся. Нашы ўсе ад вазоў сабраліся, і тыя ад сваіх. Нашы, вядома, ніхто не смяяўся. Хлюпічане спачатку глядзелі, слухалі, а потым плюнулі і пачалі аб'язджаць, гразнучы ў снезе і лаючы нашых. Кураўка тады запрог, закурылі, рагочучы, і паехалі.
Абозамі ездзілі не толькі ў пушчу. З мястэчка на бліжэйшую чыгуначную станцыю, за дваццаць сем кіламетраў, вазілі збожжа з купецкіх «шпікняроў» (вялізных свірнаў), ад Бейліна і Бісінкевіча. Заработак быў не лішне вялікі, аднак і лепшых не было. Ездзілі людзі бяднейшыя, і нашы, і плёхаўскія, і з іншых вёсак. Разоў некалькі ездзіў і я, калі Андрэй служыў у войску, а мы з сястрою Надзяй гаспадарылі.
Мікіта Турак у гэтыя асенне-зімовыя заработкі ганяў сваіх двух сыноў. На двух вазах, на добрых конях. Чалавек ён быў працавіты і прагны — да прыдуру. Сечкі тым коням трэба многа, дык ён начамі грыз яе старой касою, скоскам. Сам такую сячкарню прыдумаў: як церніца, ці што, толькі не лён яна трэ, а рэжа салому. Потым, казалі, сячкарня тая прыснілася яму ў «смяртэльнай» кашулі, белай і доўгай, і добра такі напалохала: «Зарэжу к чорту самога! Замучыў ты мяне! Купляй фабрычную!» Тады ўжо Турак купіў ручную сячкарню, якую хлопцы яго, што якраз падняліся на памочнікаў, круцілі на змену. Здаравенныя грукачы, паслухмяныя.
Здаўшы на станцыі збожжа, абознікі заходзілі ў чайную. Са сваімі торбамі, але перакусіць у цяпле, узяць шклянку чаю, а то і абаранак ці селядца. Толькі Туркавым хлопцам бацька такога рэспусту не дазваляў. На холадзе яны, вядома, не сядзелі, аднак елі толькі сваё, усухамятку ці запіваючы халодным малаком з бутэлек.
Раней, пакуль я сам не паехаў, Кураўка мяне пераконваў, што Туркі ішлі са сваёю торбай не ў чайную з усімі, а да помпы на плошчы, адзін пампаваў ваду, а другі запіваў ёю хлеб, а потым, на змену, другі.
І вось аднойчы, калі мы сядзелі ў чайной і сёрбалі гарачы чай, туды зайшлі два нейкія панкі. З дробных ужэнднічкаў, відаць, або якія перакупшчыкі. Трохі пад мухай, а больш з фанабэрыяй. Падышлі да буфета, папрасілі яшчэ па адной.
Чыркун устаў з-за століка і падышоў да іх. Нямком. Жэстамі і мімікай папрасіў закурыць. Пачаставалі яго папяроскай. І запальнічкай пстрыкнулі пад нос. Ён стаў ім дзякаваць, мармычучы, размахваючы свабоднай рукой і штосьці нема ўскрыкваючы ад захаплення.
Тут я не вытрымаў, засмяяўся.
— Ты цо се смееш? — павярнуўся да мяне адзін з панкоў. — Он ест калека, ему так пан Буг дал. Ты цо се смееш?
Ён падышоў. А я… спалохаўся, ці што. Хутчэй збянтэжыўся. Бо што ж рабіць, калі палезе біцца?..
Читать дальше